25 красавiка 2024, Чацвер, 13:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што звязвае Касцюшку з Палессем

Што звязвае Касцюшку з Палессем
ТАДЭВУШ КАСЦЮШКА

Малавядомыя факты аб малой радзіме нацыянальнага героя Беларусі.

Нацыянальны герой Беларусі, ЗША, Польшчы і Літвы, вайскова-палітычны дзеяч, лідар паўстання за захаванне Рэчы Паспалітай – усё гэта Тадэвуш Касцюшка (1746-1817). Слаўная асоба з нашай гісторыі вядомая ўсім свеце, піша media-polesye.by.

У ягоны гонар узведзена блізу 240 помнікаў, ягоным імем названыя гарады, горы, выспы і сотні вуліц ад Амерыкі да Беларусі. За што такое прызнанне беларусу, які нарадзіўся ў ціхім урочышчы Марачоўшчына Слонімскага павета, што цяпер пад Косавам Івацэвіцкага раёна? Уся прычына палягае ў шчырай адданасці Радзіме і барацьбе за свабоду цэлых народаў. Ён узяў актыўны ўдзел у вайне за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі (1776-83 гады) і ў 1794 годзе ўзначаліў паўстанне за захаванне Рэчы Паспалітай. Да таго часу Айчыну раздзіралі паміж сабой Прусія, Аўстрыя і Расея.

Сёлета спаўняецца роўна 200 гадоў з дня смерці героя, і на ініцыятыву ЮНЕСКА 2017 год абвешчаны годам памяці Тадэвуша Касцюшкі. У Беларусі і шэрагу іншых краін ужо праводзяцца шматлікія міжнародныя канферэнцыі, сімпозіумы, семінары, чытанні, пленэры, выставы і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя яму.

Ад хрышчэння да вучобы

Касцюшку хрысцілі 12 лютага 1746 года ў косаўскім касцёле. Паводле захаваных дакументаў, ягоным хросным бацькам стаў пінскі падстараста Адам Пратасевіч. Сям'я Тадэвуша мела добрых знаёмых у Пінскім павеце, а таксама далёкіх сваякоў. У павеце, які тады быў значна большым, чым сучасны Пінскі раён і ўключаў у сябе тэрыторыі суседняй Украіны, існавала паселішча Касцюшкавічы.

У 1755-60 гадах Тадэвуш вучыўся ў калегіуме піярыстаў у Любяшаве, цяпер невялікі ўкраінскі гарадок, а ў тыя часы мястэчка Пінскага павета. Піярысты – каталіцкі манаскі ордэн, які займаецца навучаннем і выхаваннем моладзі.

Пачынаючы з сярэдзіны XVIII стагоддзя, Рэч Паспалітая знаходзілася ў глыбокім палітычным крызісе, кіроўныя эліты страцілі самастойнасць і знаходзіліся пад уплывам магутных суседніх манархій. Дзяржава страціла пазіцыі на міжнароднай арэне і фактычна ператварылася ў «поле бітвы», «зону перамяшчэння» для войскаў еўрапейскіх дзяржаў. Эліты перапаўнялі здрадлівыя настроі. У 1772 і 1793 гадах адбываюцца два падзелы Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расеяй. У 1794 годзе генерал Тадэвуш Касцюшка падымае паўстанне з мэтай адраджэння дзяржаўнасці, але Расея душыць вызваленчы рух, і ў 1795 годзе наступае канчатковая ліквідацыя РП – трэці падзел. Касцюшку падтрымала блізу 200 тысяч суайчыннікаў.

Любоў, такая любоў...

Любоўная тэма ў жыцці нацыянальнага героя двух кантынентаў заслугоўвае асобнай увагі.

Можна напісаць раман, зняць драматычны фільм аб амурных прыгодах. Сярод каханых сэрцу генерала ёсць і пінская прыгажуня. Гэтая любоўная гісторыя здарылася з Касцюшкам пасля вяртання са Злучаных Штатаў Амерыкі. Яму ішоў 46 год, і лёс звёў з 18-гадовай Тэкляй, дачкой пінскага вайсковага чыноўніка. Бацька заўпарціўся шлюбу, Касцюшка ўважаўся занадта бедным, Тэкля не адважылася пярэчыць. Магчыма, што паляшучка была апошняй сапраўднай любоўю Касцюшкі, зрэшты, ён так і не ажаніўся.

Мой верны сябар

У Пінску нарадзіўся сябар Касцюшкі, генерал, этнограф Юзаф Копец (1762-1827). Пінчук з юнацтва нёс службу ў войску Вялікага княства Літоўскага, але ў 1792 годзе, калі ўсе рэформы ў Рэчы Паспалітай былі згорнутыя і скасаваная Канстытуцыя, Копец перайшоў на бок Расеі ў званні маёра. Як толькі разгарэлася паўстанне 1794 года, устаў пад сцягі супраціву. Пасля паразы патрыётаў арыштаваны і высланы ў Сібір.

Анекдот з жыцця

Аўтару гэтых радкоў давялося пачуць жартаўлівую версію ад старшакласніка аб тым, чаму адна з пінскіх вуліц носіць імя Тадэвуша Касцюшкі. На той час выпускнік сур'ёзна патлумачыў, маўляў, справа не хітрая, проста Касцюшка нарадзіўся або памёр на гэтай вуліцы, так мама сказала. Без лішніх слоў...

Напраўду ўпершыню вуліца Касцюшкі з'явілася ў горадзе над Пінай у 1921 годзе, а з прыходам саветаў яе перайменавалі ў вуліцу Леніна, якой яна і з'яўляецца. На хвалі адраджэння суверэннай Беларусі новай вуліцы наважылі даць імя нацыянальнага героя.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках