25 красавiка 2024, Чацвер, 14:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Псіхіятр пра маньяка з бензапілой: Я паставіў яму два дыягназы

75
Псіхіятр пра маньяка з бензапілой: Я паставіў яму два дыягназы
Фота: tut.by

У Менску прадоўжылася пасяджэнне суда ў справе аб нападзе на гандлёвы цэнтр.

Уладзіслава Казакевіча абвінавачваюць адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ: «Падрыхтоўка да злачынства» (ч 1 арт 13 КК), «Забойства» (ч 2 арт 139) і «Хуліганства» (ч 1 арт 339). Маладзёну пагражае да 17 гадоў пазбаўлення волі. Сёння на працэсе даў сведчанні псіхіятр, які кансультаваў Казакевіча пасля спробы суіцыду, паведамляе tut.by.

Чакалася, што сёння ў Менскім гарадскім судзе будуць дапытаныя бацькі Улада Казакевіча, якія праходзяць паводле справы ў якасці сведак. Аднак высветлілася, што яны знаходзяцца ў самым канцы спісу сведак. Хоць звычайна родныя просяць, каб іх выклікалі першымі, і тады яны маюць права прысутнічаць на ўсіх пасяджэннях, бачыць абвінавачанага.

У другі дзень працэсу ў зале было шмат свабодных месцаў, прыйшоў толькі адзін пацярпелы Аляксандр Александронец, муж загінулай жанчыны, і яшчэ блізу 20 студэнтаў, якія ходзяць на суд, бо «вельмі цікава».

Сёння ў судзе прысутнічаў супрацоўнік кафедры псіхіятрыі БелМАПА Яўген Ласы. Ён кансультаваў Казакевіча ў 2014 годзе ў РНПЦ псіхічнага здароўя, куды абвінавачаны трапіў пасля спробы суіцыду.

— На жаль, кансультацыя была даўно, яна доўжылася 20-30 хвілін. Памятаю, гэта былі суіцыдальныя дзеянні, — распавёў Яўген Ласы. — Быў канфлікт у школе, звязаны з настаўніцай, ён спрабаваў спаліць сябе газетамі. Я паставіў яму два дыягназы: сярэдні дэпрэсіўны эпізод і разлад асобы. Для першага характэрныя дэпрэсія, суіцыдальныя думкі, небяспечныя для сябе думкі. Для другога — незвычайнасць мыслення, учынкаў. Сам факт таго, што ён спрабаваў учыніць такі суіцыд, незвычайны. Гэта нестандартныя паводзіны, якія адпавядаюць паняццю «шызоідная асоба». Гэта эксцэнтрычнасць мыслення, цяжкасці ў камунікацыі.

Адвакат абвінавачанага стаў падрабязна распытваць псіхіятра пра асаблівасці шызоіднай асобы.

— У шызоіднай асобы няма трызненняў і галюцынацый, чалавек можа адрозніць фантазію ад рэальнасці. Можа фантазіяваць магічныя, чароўныя рэчы аб сваёй выключнасці, усемагутнасць. Ён не разважае аб канкрэтным дні: заўтра буду рабіць тое і тое, а апускаецца ў фантазіі, да прыкладу, што становіцца героем фільма, — патлумачыў Яўген Ласы.

— Ці павялічваецца рызыка суіцыдальных спроб у такіх людзей? — спытаў адвакат абвінавачанага.

— Так, як і рызыка пры кожным псіхічным захворванні.

— Ці могуць праблемы са знешнім выглядам, акнэ, пагоршыць стан і стаць псіхатраўмавальнымі чыннікамі? — удакладніў абаронца Улада Казакевіча.

— Такія праблемы сапраўды з'яўляюцца псіхатраўмавальным чыннікам.

У нейкі момант абвінавачаны Улад Казакевіч папрасіў перапыніць пасяджэнне, каб пракансультавацца з адвакатам. Праз 5 хвілін суд аднавіўся. З улікам таго, што ў сведчаннях лекара былі супярэчнасці, зачыталі яго допыт падчас расследавання.

— Казакевіч выказваў фантазіі аб падзенні з вышыні, не выключаў у далейшым суіцыдальных спроб. Тады ён хацеў паглядзець, як на гэта адрэагуе ягоны настаўнік і бацькі, на пытанні адказваў ахвотна. Ён вёў замкнёны лад жыцця, у яго не было сяброў, — распавядаў падчас допыту ў СК ў лістападзе псіхіятр. — На момант кансультацыі Казакевіч больш быў небяспечны для сябе, чым для грамадства. У яго былі выразныя думкі пакончыць з сабой.

— У мяне ёсць пярэчанне, — заявіў з клеткі абвінавачаны. — Матыў спробы суіцыду, які ўказаны ў дакументах, фармальны. Я так сказаў, каб хутчэй скончыць.

Дарэчы, максімальны тэрмін, які пагражае Казакевічу, — 17 гадоў, а не 12, як пісалі раней. Тэрмін вышэйшы, бо падлетка абвінавачваюць адразу паводле трох артыкулаў КК, адзін з якіх уважаецца за асабліва цяжкі.

ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

Нагадаем, у панядзелак, 20 лютага, у Менскім гарадскім судзе пачаўся працэс аб нападзе ў ГЦ «Еўропа». 18-гадовы абвінавачаны Улад Казакевіч цалкам прызнаў сваю віну, але ў зробленым не раскаяўся.

— Шкадую толькі, што мала забіў, — абсалютна спакойна заявіў ён з клеткі.

Казакевіч запэўнівае, што забіваў «дзеля забаўкі», пры гэтым у момант злачынства нічога не адчуваў. Пачуўшы гэтыя сведчанні, пацярпелыя папрасілі прысудзіць яго да максімальнага тэрміну пакарання. Сам ён разлічваў узяць закладніка і быць застрэленым спецназам.

— У турму не хацелася, — заявіў абвінавачаны падчас першага дня судовага працэсу.

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках