24 красавiка 2024, Серада, 8:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Еўропа павялічыць выдаткі ў абараназдольнасць NATO

2
Deutsche Welle: Еўропа павялічыць выдаткі ў абараназдольнасць NATO
ФОТА: ZUMAPRESS

Еўрапейскія краіны рушаць услед закліку Трампа.

Пры новай адміністрацыі ЗША яшчэ цвярдзей, чым раней патрабуюць ад еўрапейскіх краін-чальцоў NATO павялічыць выдаткі на абарону. Чаму на гэты раз яны адгукнуцца на заклік, DW патлумачылі экспэрты.

«Адседзецца цяпер не атрымаецца», - канстатуе Карл-Хайнц Камп (Karl-Heinz Kamp). Так прэзідэнт акадэміі Федэральнай палітыкі бяспекі з Берліна пракаментаваў патрабаванні Белага дома на адрас еўрапейцаў павялічыць іх абаронныя выдаткі. Новы амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп паставіў ультыматум еўрапейскім краінам-чальцам NATO: да канца гэтага года ён чакае «канкрэтных крокаў» у бок росту бюджэтных асігнаванняў на абарону да паказчыку 2% ВУП.

Чальцы NATO дамовіліся пра гэта яшчэ ў 2014 годзе на саміце ва Уэльсе. «ЗША ўжо шмат гадоў скардзяцца на несправядлівае размеркаванне нагрузкі паміж партнёрамі ў трансатлантычным альянсе, выкарыстоўваючы часам рэзкія словы, як экс-міністр абароны Роберт Гейтс у знакамітай «Брусэльскай прамове» 2011 года. Але і гэта не прымусіла еўрапейцаў зрабіць разварот», - адзначыў Камп у інтэрв'ю DW.

«Паварот адбыўся»

Напраўду паварот у бок павышэння вайсковых бюджэтаў у большасці краін-чальцоў NATO агулам адбыўся, пярэчыць прафесар Ральф Ролаф (Ralf Roloff) з універсітэта бундэсвера ў Мюнхене: «Але толькі пасля анэксіі Крыма еўрапейцы прызналі, што канцэнтравалі высілкі на антытэрарыстычных аперацыях, а не на класічнай задачы абароны. Украінскі крызіс прымусіў іх унесці карэктывы».

У тым ліку і ўлады ФРГ, якія павялічвалі выдаткі на абарону - і даволі значна - у апошнія гады. «Інакш мы б не выйшлі на 1,2% ВУП», - паказвае Ролаф. Больш таго, урад Нямеччыны падаў адназначны сігнал аб тым, што будзе павялічваць вайсковы бюджэт і далей. «Але ці ўдасца Нямеччыне выйсці да 2020 года на ўзровень абаронных выдаткаў 2% ВУП, я не ведаю», - прызнае Ролаф.

Нават да 2024 года не атрымаецца, падлічыла агенцтва dpa. Для гэтага давялося б падымаць выдаткі на 10% штогод і давесці іх да 75 млрд. Для параўнання - у федэральным бюджэце на 2017 год на гэтыя мэты запланаваныя выплаты 37 млрд. Вось і Ангела Мэркель на толькі што скончанай Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы прызнала, што вышэй, чым на 8% штогадовае павелічэнне абароннага бюджэту будзе не па кішэні самому бундэсверу: «Больш яны фактычна не змогуць».

Чаму так цяжка выканаць правіла 2 адсоткаў

Выдаткі на абарону можна нарошчваць, але паступова, каб паспяваць асвоіць гэтыя сродкі. Экспэрты адзіныя ў тым, што асвойваць ёсць што, бо пасля заканчэння халоднай вайны Еўропа больш за два дзесяцігоддзяў паслядоўна раззбройвалася. «Еўрапейцы плацяць занадта мала за сваю бяспеку. Гаворка не аб грошах, а аб ваенных магчымасцях», - тлумачыць Карл-Хайнц Камп. «Ад 7000 танкаў у бундэсверы засталося блізу 300, ды і то не ўсе з іх здольныя выконваць баявыя задачы. Тое ж самае тычыцца вайсковых самалётаў і гелікоптэраў», - прызнае Камп.

Амерыканцам даводзіцца зноў і зноў ратаваць еўрапейцаў, калі справа даходзіць да ваенных аперацый, нагадвае прэзідэнт акадэміі Федэральнай палітыкі бяспекі. Ужо праз некалькі тыдняў пасля пачатку ваеннай аперацыі ў Лівіі ў 2011 годзе ў Францыі і Вялікай Брытаніі скончыліся боепрыпасы, для выканання антытэрарыстычнай аперацыі ў Малі французскія жаўнеры вымушаныя лётаць на грузавых самалётах войска ЗША - сваіх бракуе.

Асабліва дрэнна ідуць справы ў невялікіх краін ЕЗ, прадаўжае Камп: «Вугоршчына, Чэхія, Славаччына і іншыя былі не ў стане сабраць адзін адзіны батальён для сіл хуткага рэагавання ва Усходняй Еўропе, хоць менавіта яны павінны былі б быць зацікаўленыя ў эфектыўнай абароне NATO. Давялося на каленях прасіць Канаду». Завышаныя еўрапейскія дамаганні ў гэтай сферы далёкія ад рэчаіснасці, рэзюмаваў Камп.

Што трэба: транспарт, выведка, новыя тэхналогіі

Пакуль вайсковыя бюджэты еўрапейскіх дзяржаў-чальцоў альянсу вагаюцца ў межах ад 0,4 да 1,8% ад ВУП. Толькі Польшча, Эстонія, Грэцыя і Вялікая Брытанія выконваюць «двухадсоткавую дамоўленасць». Пры гэтым тэарэтычна, калі еўрапейцы задаволяць патрабаванні ЗША, то выдаткі на абаронныя мэты толькі пяці краін ЕЗ - Нямеччыны, Францыі, Італіі, Гішпаніі і Нідэрландаў - у сукупнасці могуць вырасці адразу на 100 мільярдаў даляраў на год.

Чаго Еўропе бракуе, дык гэта палітычнай волі, упэўнены Ральф Ролаф: «Праблема вайсковай тэхнікі з'яўляецца другаснай, хоць яна ж прэсай асветленая дэталёва: самалёты і верталёты, якія не лятаюць, караблі, якія не могуць выйсці ў моры. Усё гэта ёсць, але важнейшы адказ на пытанне: якія магчымасці мы хочам мець, і якія выклікі ўважаем для сябе за небяспечныя».

Войскі еўрапейскіх краін-чальцоў NATO не павінны зноў расці да памераў, якімі яны былі падчас халоднай вайны, падкрэслівае Карл-Хайнц Камп. Але еўрапейцам, на ягоную думку, трэба развіваць інфраструктурныя элементы, неабходныя для паспяховых ваенных аперацый. Недастаткова транспартных магчымасцяў (праблема з пастаўкамі і эксплуатацыяй грузавога самалёта Airbus A400 з'яўляецца толькі адной з многіх іншых) і выведвальных - патрэбныя не толькі беспілотнікі, дадае Камп.

Укладанні ў якасць

Галоўнае - дасягнуць якаснага паляпшэння выкарыстання вайсковых выдаткаў, кажа Ральф Ролаф: «На саміце NATO ва Уэльсе ў 2014 годзе ніхто не патрабаваў простага павелічэння асігнаванняў. Гаворка хутчэй ішла аб прадуманым плане, як пашырыць інвестыцыі ў распрацоўку новых матэрыялаў, у навуковыя даследаванні». Адным з пунктаў пагаднення ва Уэльсе было накіраванне дваццаці адсоткаў абаронных бюджэтаў на інвестыцыі ў будучыню, нагадаў Карл-Хайнц Камп.

Саму па сабе лічбу 2% ВУП экспэрты называюць «дзіўнай». Важней за гэты адносны паказчык, мяркуюць яны, адыход ад тэндэнцыі да сталага скарачэння вайсковых выдаткаў у NATO. Еўрапейцы, на выраз Кампа, маглі б паабяцаць дасягнуць гэтай мэты ў найбліжэйшыя пяць гадоў. Ім давялося б хутка паказваць вынікі, а амерыканцы змаглі б убачыць штогадовы прагрэс. «З іншага боку, я не веру, што нават калі праз пяць гадоў планку 2% не атрымаецца дасягнуць, Вашынгтон спіша NATO. Але пакінуць усё як ёсць, еўрапейцы сапраўды не змогуць», - сказаў на заканчэнне Карл-Хайнц Камп.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках