23 красавiка 2024, aўторак, 15:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка, сыходзь!»: Сотні гамельчукоў сабраліся каля будынку суда

104
«Лукашэнка, сыходзь!»: Сотні гамельчукоў сабраліся каля будынку суда
Фота: onliner.by

У судзе прадоўжылася барацьба за поўнае скасаванне падатку на «дармаедаў».

У Гомелі сёння прайшла другая «серыя» беспрэцэдэнтнага для краіны грамадзянскага працэсу. 53-гадовы Аляксандр Сямёнаў звярнуўся ў суд пасля таго, як атрымаў «ліст шчасця» ад падатковай. Гамяльчук, які не меў афіцыйнай працы ў 2015 годзе, запатрабаваў вызваліць яго ад выплаты «дармаедскага» збору і прызнаць дэкрэт №3 неканстытуцыйным. Учора наконт першага патрабавання паўсталі нюансы - Сямёнава ў пазасудовым парадку вызвалілі ад збору.

Другое пасяджэнне пачалося а 15:00. За паўгадзіны да пачатку перад судом Цэнтральнага раёна Гомеля сабраліся больш за 200 абураных дэкрэтам аб «дармаедах» гамельчукоў, паведамляе onliner.by.

Судовая зала не змясціла ўсіх ахвотных, хоць былі ўсталяваныя дадатковыя лавы. Многія засталіся чакаюць пастановы суда на ганку. Людзі скандавалі: «Не дэкрэту №3, Лукашэнка, сыходзь!». Удзельнікі мітынгу таксама распавялі пра свае праблемы і жыццёвыя сітуацыі, звязаныя з адсутнасцю працы, нізкімі заробкамі.

У праціўнікаў дэкрэта «аб дармаедах» ля будынка суда паўстаў канфлікт з супрацоўнікамі дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь-4», якія таксама прыйшлі на пасяджэнне. Удзельнікі стыхійнага мітынгу папракалі работнікаў тэлеканала, што тыя не прыйшлі асвятляць Марш абураных беларусаў, які прайшоў у Гомелі 19 лютага, і выказвалі недавер інфармацыі, якую падае тэлеканал.

Першае пасяджэнне адбылося 17 лютага і выклікала вялікую цікавасць. Зала не змясціла і паловы ахвотных прысутнічаць.

Нагадаем асноўныя тэзісы бакоў, сфармуляваныя ў той дзень. Заяўнік пярэчыў супраць таго, што не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржвыдаткаў - бо ён аплачвае падаткі, калі нешта купляе ў краме, карыстаецца тэлефонам, запраўляе машыну, праходзіць дзяржтэхагляд.

Апаненты, у ролі якіх выступаюць прадстаўнікі падатковай службы (паколькі МПЗ даслала паведамленне), спрабуюць данесці да суда, што, у дадатак да «ўскосных», існуюць таксама іншыя падаткі, якія плацяць іншыя грамадзяне, але не плаціць Аляксандр Сямёнаў. Гэта, напрыклад, падаходны або адзіны падатак для ІП.

Да гэтага Аляксандр распавёў журналістам, што мае дзве вышэйшыя адукацыі і 28 гадоў працоўнага стажу. Працаваў у тым ліку начальнікам аддзела ў «Гомельхлебпраме», намеснікам дырэктара ў гандлёвай арганізацыі, на іншых прадпрыемствах і ў прыватных фірмах. У 2014-м з'ехаў у Расею, там займаўся з братам гандлем, але праз крызіс гэты бізнэс закрыўся. Пасля гэтага вярнуўся ў Беларусь і ў 2015 годзе фактычна жыў на лецішчы, займаўся асабістай гаспадаркай.

Характэрна, што за дзень да другога пасяджэння суда стала вядома: рабочая група, якая разглядае заявы грамадзян, што атрымалі «лісты шчасця», на днях (ужо пасля першага пасяджэння) вызваліла Сямёнава ад выплаты збору. Прычым у Гомельскім гарвыканкаме сцвярджаюць, што адбылося гэта на агульных падставах (у той дзень было разгледжана яшчэ 128 заяваў).

Юрыст прафзвязу РЭП Леанід Судаленка, які абараняе Сямёнава ў судзе, з гэтай нагоды напісаў у Facebook: «Не мае значэння тая інфармацыя, што ўлада зняла прэтэнзіі да першага з «гультаёў». Будзем патрабаваць зняць дэкрэтныя прэтэнзіі і да астатніх 419 999 нашых суграмадзян!»

- Тое, што Аляксандра Сямёнава вызвалілі ад падатку, азначае, што няма прадмета спрэчкі, - сказаў юрыст перад пасяджэннем. - Вядома, гэта спыніць справу да наступнага «дармаеда», але такая пазіцыя не тлумачыць, што рабіць з астатнімі.

Заставалася адкрытым другое пытанне, якое Сямёнаў ставіў перад судом, - аб канстытуцыйнасці дэкрэта. Леанід Судаленка не выключыў, што сёння ўдасца пачуць адказ. Удакладніў, аднак, што гэта права, а не абавязак суддзі прымаць такія пастановы.

Пасяджэнне праходзіла ў той жа зале, што і ў мінулы раз. З улікам ажыятажу, сёння дадалося лавак, аднак усё адно большасць ахвотных назіраць за працэсам засталіся за дзвярыма.

Нягледзячы на шматлікія хадайніцтвы аб дазволе здымкі (за гэта выступае ў тым ліку заяўнік), прадстаўнікі падатковай службы па-ранейшаму былі супраць. Суд падтрымаў другі бок.

Суддзя абвясціў перапынак. Людзі прадаўжалі падыходзіць да будынку суда. Мітынгоўцы патрабавалі свабоды слова і свабоды сходаў.

Пасля перапынку суддзя абвясціў вырак. Са слоў суддзі, пытанне аб незаконнасці падатку на «дармаедаў» уваходзіць у кампетэнцыю Канстытуцыйнага суда, а не раённага.

Мітынгоўцы сустрэлі Аляксандра Сямёнава гучнымі воплескамі. Пратэстоўцы скандавалі «Ганьба суду!».

ФОТА З САЙТА RACYJA.COM
Напісаць каментар 104

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках