29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: Трэба дамагацца скасавання дэкрэта №3

22
Леанід Судаленка: Трэба дамагацца скасавання дэкрэта №3

Прафзвяз РЭП будзе прыкладаць усе сілы, каб абсурдны дэкрэт аб «дармаедстве» быў скасаваны.

У Гомелі закончыўся першы ў гісторыі краіны суд паводле справы аб падатку «на дармаедства». Прафзвяз РЭП абараніў інтарэсы свайго сябра Аляксандра Сямёнава. Аднак улады надумалі перастрахавацца – суд прыняў пастанову аб непадлегласці спраў, якія тычацца дэкрэта №3.

Пра гэта praca-by.info распавёў прававы інспектар прафзвязу РЭП Гомельскай вобласці Леанід Судаленка, які прадстаўляў інтарэсы Аляксандра Сямёнава ў судзе.

– Суд вынес вызначэнне аб непадлегласці гэтых скаргаў суду, і, паколькі ўлады напярэдадні вызвалілі Аляксандра Сямёнава ад выплаты падатку, суд пастанавіў адмовіць яму ў разглядзе справы, бо няма прадмета спрэчкі. Сёння ўлада ў асобе Гомельскага суда пазбавіла ўсіх грамадзян на будучыню звяртацца ў суды наконт пытання выкарыстання дэкрэта «аб дармаедстве», заявіўшы, што спрэчкі аб прымяненні дэкрэта наогул не падлягаюць разгляду ў судовым парадку. У Гомелі хаця б разгледзелі, а далей і разглядаць не будуць. Проста ўлада пастанавіла, калі усе «дармаеды» пойдуць у суд, гэта будзе для яе цяжкавата, і зрабіла крок на апярэджанне, – сказаў прафзвязны юрыст.

Леанід Судаленка запэўніў, што прафзвяз РЭП будзе і надалей займацца абаронай сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян і, нягледзячы на сённяшнюю пастанову аб непадлегласці спраў, якія датычацца прымянення дэкрэта №3, барацьба трывае.

– Мы заклікаем людзей уступаць у наш прафзвяз і калектыўна абараняць свае правы на годную працу і годнае жыццё ў сваёй краіне. Наша юрыдычная служба гатовая і далей прадаўжаць практыку зваротаў у суды, абскарджання патрабаванняў аб выплаце падатку, абскарджанні пастаноў судоў. Але, я мяркую, што мы павінны аб'яднаць намаганні і прымусіць уладу скасаваць гэты несправядлівы дэкрэт. Таму што, як я ўжо казаў, з сённяшняга дня ўлады могуць забараніць грамадзяніну, які не выплаціў падатак, выезд з краіны, будзе налічвацца штраф (блізу 6 рублёў за месяц), могуць заблакаваць мабільную сувязь, паставіць пытанне аб пазбаўленні пасведчання кіроўцы, апісаць маёмасць, накласці штраф, адміністрацыйны арышт. Ва ўлады вялікі набор санкцый паводле дэкрэту. Так, мы дапамаглі канкрэтнаму чалавеку сысці ад адказнасці, але мы павінны думаць, як дапамагчы астатнім. Таму наш прафзвяз будзе прыкладаць усе сілы, каб гэты дэкрэт быў скасаваны, – рэзюмаваў Леанід Судаленка.

Як распавёў praca-by.info актывіст прафзвязу РЭП Андрэй Стрыжак, сёння да будынку суда Цэнтральнага раёна Гомеля прыйшлі амаль 300 чалавек, каб падтрымаць Аляксандра Сямёнава і Леаніда Судаленку. Людзі скандавалі: «Не дэкрэту №3, Лукашэнка, сыходзь!» .

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках