19 красавiка 2024, Пятніца, 19:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму свету патрэбная «дактрына Трампа»

8
Чаму свету патрэбная «дактрына Трампа»
ФОТА З САЙТУ KORRESPONDENT.NET

Бжэзінскі і Васэрман рэкамендуюць Трампу выступіць з прамовай, у якой ён выкладзе сваю канцэпцыю стварэння больш стабільнага свету.

«Сусветны парадак разбалансаваны», - пішуць у артыкуле для The New York Times (пераклад - inopressa.ru) Збігнеў Бжэзінскі (у мінулым дарадца прэзідэнта Картэра ў нацыянальнай бяспецы, цяпер чалец апякунскай рады Center for Strategic and International Studies) і Пол Васэрман (навуковы супрацоўнік цэнтра). Але, на іхні погляд, прэзідэнт Трамп пакуль не сфармуляваў істотных заяў на гэты конт, і свет вымушаны здавольвацца выказваннямі ягонай каманды - часам безадказнымі, няўзгодненымі або непісьменнымі.

Бжэзінскі і Васэрман рэкамендуюць Трампу выступіць з прамовай, у якой ён выкладзе сваю канцэпцыю і запэўніць, што Амэрыка ўзначаліць намаганні для стварэння больш стабільнага свету.

«Магчыма, мы не згодныя з прэзідэнтам Трампам у тым, што тычыцца ягоных канкрэтных штодзённых пастаноў, але мы заклікаем яго прызнаць, што ідэальнае доўгатэрміновая пастанова - гэта супольныя намаганні трох дзяржаў, якія маюць вайсковую перавагу (ЗША, Кітая і Расеі), у падтрымку глабальнай стабільнасці», - пішуць Бжэзінскі і Васэрман.

На думку аўтараў, калі Амэрыка і Кітай прыйдуць да стратэгічнай дамоўленасці, гэта можа стварыць падваліны для больш трывалай траістай дамоўленасці, бо Расея спалохаецца шкоды яе інтарэсам.

«Амэрыка таксама павінна ўсведамляць рызыку, што Кітай і Расея ўтвораць стратэгічны альянс. Таму ЗША павінны сцерагчыся спроб абыходзіцца з Кітаем як з падначаленым: такія спробы амаль гарантавалі б збліжэнне Кітая з Расеяй», - гаворыцца ў артыкуле.

Каб развязаць праблему Паўночнай Карэі, аўтары раяць мацаваць супрацоўніцтва паміж суседзямі гэтай краіны, «у тым ліку Кітаем, Японіяй (і патэнцыйна Расеяй), а таксама ЗША».

«Калі ЗША мерацца палепшыць стасункі з Расеяй, яны маюць намагчыся, каб абедзве стараны зноў прызналі абавязак выконваць закон - стрыжань міжнароднага парадку. Вонкавыя прыкметы паляпшэння стасункаў не павінны быць заслонай, за якой хаваюцца падман, манеўраванне або гвалт у дачыненні да слабых суседзяў. Жаданне прэзідэнта Трамп наладзіць канструктыўнае ўзаемадзеянне з Расеяй - цалкам разумнае, але патрэбныя рамкі дапушчальных паводзін, якіх цяпер, на жаль, не існуе», - гаворыцца ў артыкуле.

Аўтары вітаюць той факт, што адміністрацыя Трамп пацвердзіла абавязанні ЗША што да абароны Японіі і Паўднёвай Карэі. «Але ў якасці стрыжнёвага элемента NATO Амэрыка таксама мае быць гатовая абараняць Заходнюю і Цэнтральную Еўропу», - гаворыцца ў артыкуле.

«ЗША маюць дакладна растлумачыць Расеі, што ўсякая вайсковая вылазка ў Еўропу, у тым ліку ўжыванне тактыкі «зялёных чалавечкаў», якая назіралася на пачатку канфлікту ва Усходняй Украіне, пацягне за сабой карную блакаду доступу Расеі на Захад морам - блакаду, якая закране амаль дзве траціны ўсяго аб'ёму расейскага марскога гандлю», - рэкамендуюць Бжэзінскі і Васэрман.

Вельмі важна, каб Амэрыка і свет пачулі з вуснаў Трампа ягоную канцэпцыю. «Пільна патрэбная «дактрына Трампа» - хоць нейкая дактрына», - высноўваюць аўтары.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках