24 красавiка 2024, Серада, 21:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску адкрылася выстава карцін на старых дошках

2
У Менску адкрылася выстава карцін на старых дошках

Мастачка Тамара Шэлест выкарыстоўвала для сваіх твораў дрэвы, старыя вуллі і прыгожыя куфры.

Усё навакал захоўвае памяць аб мінулым. Сведкамі якіх падзей былі векавыя дрэвы? Што бачыла рака? Што можа расказаць пусты дом аб сваіх былых гаспадарах? Прыадчыніць дзверы часу паспрабавала мастачка Тамара Шэлест на выставе «Пасаг», якая адкрылася ў музеі Азгура, паведамляе «Белсат».

Два гады таму мастачка набыла хутар на Нарачы ў закінутай вёсцы Рудаша, а разам з домам яна атрымала цэлы пасаг — высокія дуплаватыя дрэвы, старыя вуллі, прыгожыя куфры. Гэтыя знаходкі яна выкарыстоўвала для сваіх твораў.

«Асновай для гэтых работ сталі старыя векавыя дошкі, якія стагоддзямі жылі сваім жыццём. І хацелася ім яшчэ падоўжыць гэтае жыццё», — пракаментавала мастачка Тамара Шэлест.

Хто жыў да яе ў гэтым доме, Тамара не ведае. Таму «пасаг» — не толькі матэрыяльныя рэчы, але і гісторыя, якую хочацца разгадаць:

«Кожная праца тут — гэта асабісты аповяд, інтымны, не для ўсіх. Таму што матэрыял сам па сабе з гісторыяй, матэрыял з дома, пабудаванага ў канцы 19-га стагоддзя, дзе жылі людзі, а потым доўгі час не жылі, і ён увабраў у сябе ўсё, што толькі можна ўвабраць, ён захаваў жыццё людзей, якія там знаходзіліся», — кажа куратарка выставы Ганна Бабіч.

Творы аўтар выканала ў старажытнай класічнай тэхніцы ляўкас, у якой пішуць іконы. Але надала ёй сучасны выгляд, скампіляваўшы розныя матэрыялы — метал, аловак, алей.

Атмасферу часу перадаюць гукі — гэта цішыня вясковага жыцця, у якой чуецца вецер, шоргат крокаў, дыханне. Спецыяльна для праекта запісаў іх гукарэжысёр і музыка Яўген Рагозін. Паглядзець і паслухаць выставу можна да 3 сакавіка.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках