25 красавiка 2024, Чацвер, 9:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дэпутат» у Баранавічах спалохалася абураных беларусаў

91
«Дэпутат» у Баранавічах спалохалася абураных беларусаў

Дзясяткі чалавек выйшлі да выканкама з патрабаваннем скасаваць дэкрэт аб «дармаедах».

Каля Баранавіцкага райвыканкама 21 лютага сабраліся блізу трох дзясяткаў чалавек, якія падрыхтавалі для «дэпутата» Таццяны Якубовіч зварот з патрабаваннем ініцыяваць у заканадаўчым парадку скасаванне дэкрэта №3.

Бацьку і сына Чарнавусаў разам з тымі, хто сабраўся, прапусцілі ў райвыканкам. Мікалай Чарнавус-малодшы паспрабаваў зайсці ў кабінет, дзе прымала Таццяна Якубовіч, але яму сказалі, што яна занятая, піша intex-press.by.

Актывісты чакалі Таццяну Якубовіч 40 хвілін. Яны падрыхтавалі для «дэпутата» зварот, у якім патрабавалі ініцыяваць у заканадаўчым парадку скасаванне дэкрэта №3, вярнуць усе грашовыя сродкі, якія ўжо выплацілі «дармаеды», і даць справаздачу перад выбаршчыкамі аб ужытых захадах.

Калі Чарнавус-малодшы патрапіў у кабінет да Таццяны Якубовіч, тая адмовілася прымаць актывістаў і гараджан, спаслаўшыся на тое, што яна праводзіць прыём толькі паводле папярэдняга запісу. «Дэпутат» прапанавала Чарнавусу запісацца на прыём наўпрост у яе ў кабінеце, што ён і зрабіў.

Выйшаўшы з кабінета, Чарнавус-малодшы заявіў:

- Нам не ўдалося патрапіць да Якубовіч сёння. Сумняваюся, што зможам гэта зрабіць заўтра ці паслязаўтра. На жаль, нас не рады бачыць калектыўна, тым больш абмяркоўваць з намі такія вострыя пытанні. Не ведаю, ці настане час, калі палітыкі павернуцца да нас тварам.

Падтрымаць актывістаў прыйшлі гараджане, якія атрымалі паведамлення аб выплаце збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў.

- Я не магу знайсці працу ўжо год. У мяне тры вышэйшыя адукацыі, стаж працы ёсць. Я з задавальненнем уладкавалася б на працу, але яе няма, - распавяла гараджанка Марына Завістовіч.

- Я прыйшла, таму што ў мяне шмат пытанняў да нашых уладаў: чаму яны здзекуюцца з народа? Чаму бацькі павінны «выкупляць» у дзяржавы сваіх дзяцей? Мне таксама прыйшоў «ліст шчасця». У 2015 годзе я плаціла збор на рамесніцтва - 21 рубель. Не ўклалася ў тэрміны, але заплаціла. У выніку 2015 год палічылі як «нерабочы», і цяпер я павінна плаціць яшчэ раз. Але ж грошы былі заплачаныя! Мне іх ніхто не вярнуў. Я паспрабавала давесці, што мая сітуацыя трапляе пад «складаную жыццёвую сітуацыю», сабрала ўсе дакументы, але камісія мне адмовіла. Наважылі, што я магу плаціць. Заробку ў мяне няма, давядзецца выплачваць падатак з бацькоўскай пенсіі, - абуралася Алена Крывашыя.

Гараджанін Сяргей Куцькін быў на Маршы абураных беларусаў у Менску. Ён прыйшоў падтрымаць і баранавіцкіх актывістаў.

- Мой бацька, як і я, не можа знайсці працу. У чалавека тры спецыяльнасці, але ў горадзе працы няма. Вакансіі пераглядаем, але найбольш актуальныя ў агенцтваў, якім трэба плаціць, альбо аб працы ў Маскве. Я не хачу працаваць за мяжой. Я хачу працаваць тут, дома. А гэты дэкрэт прымушае моладзь з'язджаць, бо ў горадзе няма магчымасці кудысьці ўладкавацца, - растлумачыў Сяргей Куцькін.

Напісаць каментар 91

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках