29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Данкверт: Я мала закрыў беларускіх прадпрыемстваў

91
Данкверт: Я мала закрыў беларускіх прадпрыемстваў
Сяргей Данкверт

Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт распавёў аб кантрабандзе з тэрыторыі Беларусі і махінацыях з санкцыйнымі таварамі.

У канцы студзеня 2017 года Рассельгаснагляд увёў забарону на пастаўкі мяса з шэрагу прадпрыемстваў Менскай вобласці, якія, як мяркуюць расейскія ветэрынары, проста мянялі этыкеткі на еўрапейскай санкцыйнай прадукцыі і перапрадавалі яе ў Расею.

У адказ Лукашэнка выступіў з шэрагам рэзкіх палітычных заяваў, а ў дачыненні да кіраўніка расейскай структуры Сяргея Данкверта загадаў распачаць крымінальную справу.

Кіраўнік Рассельгаснагляду ў эксклюзіўным інтэрв'ю «Известиям» распавёў аб барацьбе з рээкспартам праз Беларусь, якая прадаўжаецца ў Расеі трэці год, і новых схемах паставак контрафакту ў краіну.

— Сяргей Аляксеевіч, праблемы з Беларуссю паўсталі даўно. Практычна адразу пасля ўвядзення контрсанкцый у 2014 годзе вытворцы пачалі скардзіцца, што Беларусь занадта шмат стала пастаўляць яблыкаў, сыру з цвіллю, крэветак, ласося, ананасаў і іншых далікатэсаў, якія вырабляліся, хутчэй за ўсё, за межамі «саюзнай дзяржавы». Чаму толькі цяпер ужытыя дзейсныя захады для спынення такога бізнэсу?

— Не цяпер. Мы павольна, але дакладна перакрывалі каналы паставак кантрабанды. У першы раз інцыдэнт адбыўся ў 2014 годзе, калі Беларусь паставіла нам бразільскае мяса. Пачалі высвятляць — мяса прыйшло з Еўропы, з еўрапейскімі дакументамі. А ў які момант яно стала бразільскім, ніхто не ведае.

Далей, у 2015 годзе было 10 тысяч т свініны з Чарнагорыі. «Адкуль у Чарнагорыі столькі свініны?» — падумалі мы: учора пастаўлялі 100 т, а сёння раптам 10 тысяч т. Беларускі бок не змог адказаць на нашы пытанні, што за мяса і з якога яно прадпрыемства. Паехалі туды з інспекцыяй і высветлілі, што ніякага чарнагорскага мяса не было, затое было еўрапейскае. Абодва факты фальсіфікацыі дакументаў даведзеныя.

І ўжо сёлета была ялавічына ад беларускай кампаніі «Рыгор і сыны». Раптам невялікая беларуская кампанія стала прадаваць у Расею тысячы тон. Пры гэтым у электроннай сістэме «Аргус», якая фіксуе увесь аб'ём прадукцыі, які паступае ў краіны Еўразэс, мы назіралі, як роўна той жа аб'ём Беларусь атрымала з Украіны.

Запыталі беларускую ветінспекцыю — інспекцыя адказваць на нашы пытанні адмовілася. Прадпрыемства адразу было закрытае — нам для праверкі забаранілі туды ехаць. У нас ніякіх сумневаў няма: проста перарабляліся ўкраінскія дакументы. Пры гэтым мы цудоўна разумеем, хто перарабляў. Усё гэта ішло пад эгідай галоўнага ветлекара Менскай вобласці. Ну не мог жа ён не ведаць, што 10 тысяч т ялавічыны ад невядомага прадпрыемства адпраўляецца ў Расею. Калі не ведаў, значыць, ён не займаецца сваёй працай.

— Гэта значыць, вы выявілі кантрабанду з дапамогай электроннай сістэмы? Выходзіць, апраўдала сябе ўвядзенне «Аргуса» ва ўжытак у краінах Еўразэс?

— Дзякуючы электроннай сістэме, мы бачым вельмі шмат. Чаму ўсе абураюцца і процідзейнічаюць увядзенню электронных сістэм? На паперцы можна напісаць адно, адарваць, перапісаць.

Дзякуючы электроннаму нагляду за мы, напрыклад, выявілі, калі алей па дзяржаўнаму кантракту закупляўся ў Малдове. Выявілася, што ў шэрагу марак расейскага алею ніколі расейскага алею не было. Уваходзіў ён на нашу тэрыторыю як малдаўскі алей, потым перарабляўся ў расейскі. Увайшло 100 т, а выйшла 150 або 180. Нам Новая Зеландыя летась завезла 18 тысяч т алею. Куды ён дзеўся? Ён жа не мог тут растварыцца. Гэта сакрэт Полішынэля. Справа ў тым, што яго закупляюць расейскія прадпрыемствы. З яго робіцца большая колькасць алею. Таму на паліцах мы не бачым уругвайскі, аргентынскі або новазеландскі. А бачым толькі расейскі.

Сумленны бізнэсовец робіць масла з малака, а несумленны — дадае пальмавае і вырабляе такое ж «масла». Так адбываецца на найбуйнейшых прадпрыемствах. І гэта нас турбуе, бо разбурае рынак. Як можна ў такім рынку канкураваць? Вонкава ў нас усё выглядае добра, а на справе мы труцімся «Глогам».

Калі вы падаеце дэкларацыю, што гэта каўбаса ялавічная з Беларусі (я гэты прыклад Лукашэнку прыводзіў) і называецца яна ялавічнай...А ў ёй змяшчаецца свініна. Ну навошта ж так падманваць людзей? Так нельга.

— У іншых прадуктах такія ж схемы паставак кантрабанды дзейнічалі?

— Толькі ў 2016 годзе мы забаранілі пастаўкі гародніны і садавіны з 24 краін. Адгружаюцца яблыкі, персікі, грушы з Беларусі. Нашы калегі кажуць, што гэта рээкспарт з С’ера-Леонэ. Пачынаем правяраць: запускаем зваротны адлік ад Беларусі, далей глядзім краіны ЕЗ (дзе адбываецца транзіт. — «Известия»), вядзем перамовы з пасольствам С’ера-Леонэ і месяцы праз паўтара-два высвятляем, што ніякіх паставак садавіны ў Беларусь не было. Тым часам гэтая прадукцыя даўно прададзеная ў Расеі. Мы закрываем пастаўкі з С’ера-Леонэ, але атрымліваем новую партыю — з, дапусцім, Ліберыі або Трынідада і Табага. Гісторыя паўтараецца. Краінаў жа ў свеце шмат.

Акрамя мяса і гародніны, у мяне ёсць таксама глыбокія падазрэнні ў частцы малочнай прадукцыі — колькасць прадукцыі ў пастаўках не адпавядае аб'ёму павелічэння вытворчасці ўнутры Беларусі.

— Змагацца з контрафактам, вядома, трэба. Але ўсё ж Беларусь — нашы добрыя суседзі. Вы спрабавалі неяк мірна развязаць гэтае пытанне?

— Я гэта раблю апошнія 10 гадоў. Але мяняюцца ветэрынарныя лекары, мяняюцца міністры, а сама сітуацыя застаецца ранейшай. Усе гэтыя заявы Лукашэнкі, што Беларусь пастаўляе прадукцыю ў 54 краіны, і Расея — усяго толькі адна з гэтых 54 краін, — усё гэта блеф. Так, у гэтыя 54 краіны вы паставілі 30 т малака, а нам — усе астатнія 30 тысяч т. Для Беларусі адчыненыя ўсе дзверы? Моцна сумняваюся. Нідзе ў АПК цяпер дзверы не адчыненыя. Кожная дзяржава цяпер імкнецца карміць сябе сама.

— Ужо цяпер экспэрты кажуць аб пачатку гандлёвай вайны з Беларуссю. У малочнай прадукцыі самая вострая сітуацыя. Мы моцна залежныя ад паставак з Беларусі з улікам таго, што ў Расеі вялікі дэфіцыт ўласнага сырога малака. Калі цяпер яны спыняць пастаўкі, што будзем рабіць?

— Расея пакуль закрыла пастаўкі толькі з 20 беларускіх прадпрыемстваў. А ўсяго пастаўляе нам прадукцыю 600 прадпрыемстваў. Сотні беларускіх фураў штодня перасякаюць расейскую мяжу. Так што ніякай гандлёвай вайны няма.

Калі Беларусь прыме пастанову штосьці не пастаўляць — гэта іх права. У нас простыя патрабаванні: пастаўляйце бяспечную прадукцыю і адпаведную тым дакументам, якія вы пішаце. Усяго толькі. Але як мы можам дазваляць пастаўкі, калі вы везяце ўкраінскую прадукцыю, а кажаце, што яна беларуская? Была б іншая краіна, а не Беларусь, мы б даўно забаранілі наогул усе пастаўкі. Проста забаранілі б усё: мяса, гародніну і садавіну.

— То бок, плынь контрафакту на тэрыторыю Расеі не спынілася, нягледзячы на вашыя рэзкія дзеянні і выказванні?

— Прадукцыі з Беларусі паступае да нас вялікая колькасць. І той аб'ём, які мы выяўляем, — добра калі 10%. Мы цяпер закрылі Менскую вобласць для таго, каб беларускі бок разабраўся і ўжыў захады. Але ніякіх захадаў не ўжываецца. І я не выключаю, што за Менскай вобласцю мы закрыем пастаўкі яшчэ з якой-небудзь, дзе знойдзем контрафакт або кантрабанду.

Мы перакрылі канал паставак мяса з Украіны і не дапусцім гэтую прадукцыю на рынак. Але ёсць яшчэ канал паставак сырападобнага прадукту з Украіны. Напраўду гэта можа быць і сыр. Але мы гэтага не ведаем, бо менавіта сырападобны прадукт непадкантрольны ветэрынарыі. Яго вывелі з-пад нашага кантролю, бо малочны тлушч у ім заменены на раслінны. І яго можна везці з гэтымі дакументамі. Мы цяпер аналізуем, колькі згодна з дакументамі ўвайшло гэтага прадукту на тэрыторыю Беларусі, а колькі рээкспартавалі ў Расею. Бо ў Беларусі тысячы тон сырападобнага прадукту не патрэбныя. Значыць, яны пайшлі сюды пад выглядам іншых прадуктаў, а ўжо тут легалізаваліся. Зусім зразумелыя каналы і схемы.

Ва ўсіх краінах прынятыя адзіныя захады барацьбы: выявілі — знішчылі. Усе ведаюць, што не трэба ўвозіць, бо знішчаюць.

— Беларускі бок заявіў, што наведванне краіны прадстаўнікамі Рассельгаснагляду будзе абсалютна бяспечным, нягледзячы на грозны тон кіраўнікоў «саюзнай дзяржавы». Але вы выказвалі сумневы ў бяспецы такіх паездак. Чаго канкрэтна асцерагаецеся — арыштаў, пагроз, правакацый?

— Нашы інспектары, якія там працавалі, яшчэ тры гады таму прасілі мяне не пасылаць іх у Беларусь праз нездаровае становішча там. Інспектары баяцца правакацый. Калі кіраўнік дзяржавы робіць такія заявы, то што могуць зрабіць з простым інспектарам? Потым даводзь, што ты не згвалціў кагосьці ў гатэлі і не прывёз паўтоны марыхуаны з сабой. Як гэта давесці ў чужой дзяржаве?

— Вас ужо выклікалі на допыт паводле крымінальнай справы, на распачынанні якой намагаў Лукашэнка? Як развіваецца гэтая сітуацыя?

— На сёння яны праводзяць нейкія свае мерапрыемствы. Даслалі запыт у Генпракуратуру. Генпракуратура даслала іх пытанні мне. Я на гэтыя пытанні даў каманду адказаць. Там пастаўленыя пытанні так: як вы закрывалі тое ці іншае прадпрыемства? Таму, калі пракуратура будзе разбірацца ў гэтай справе непрадузята, адзіная прэтэнзія, якая можа да мяне ўзнікнуць, — што я мала закрыў беларускіх прадпрыемстваў і шмат давяраў беларускім баку. Таму што парушэнняў выяўлена значна больш.

Напісаць каментар 91

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках