26 красавiка 2024, Пятніца, 0:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«За нашу і вашу свабоду»

3
«За нашу і вашу свабоду»
Фота: «Радыё Свабода»

Ва ўкраінскім пасольстве адбылася вечарына памяці Герояў Нябеснай сотні.

Ва ўкраінскім пасольстве ў Менску адбылася вечарына, прысвечаная памяці ахвяр масавага расстрэлу на плошчы Незалежнасці ў Кіеве ў 2014 годзе падчас Рэвалюцыі годнасці.

Падчас яе часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валерый Джыгун абвясціў, што беларусу Міхаілу Жызнеўскаму, які загінуў на Майдане, было пасмяротна прысвоенае грамадзянства Украіны; такім чынам, згодна з украінскім заканадаўствам, як і ўсе героі Нябеснай сотні, ён павінен стаць Героем Украіны, паведамляе «Радыё Свабода».

Вядоўца Наталля Бабіна пачатку мерапрыемства, запрасіўшы да мікрафону часовага паверанага ў справах Валерыя Джыгунa.

- Ужо трэці год у канцы лютага мы ўспамінаем тых, хто аддаў свае жыцці на Майдане. Украінскі свабодны дух прымусіў гэтых людзей не клапаціцца пра свой лёс, а з годнасцю, высока падняўшы галаву, выйсці на вуліцы Кіева, - сказаў Валерый Джыгун пасля хвіліны маўчання. - Асабліва хочацца ўспомніць Міхаіла Жызнеўскага, які змагаўся не толькі за Украіну, але і за будучыню радзімы. Ён загінуў за суверэнітэт Украіны і Беларусі, за вашу і нашу незалежнасць. На днях я сустракаўся з маці Жызнеўскага, Нінай Васільеўнай, і паведаміў, што яе сын пасмяротна стаў украінскім грамадзянінам.

Акрамя таго, кіраўнік пасольства ўспомніў Алеся Чаркашына - берасцейца, які загінуў на Данбасе ў жніўні 2015 года. Дыпламат падкрэсліў, што 20 лютага 2014 года адбыўся не толькі расстрэл Нябеснай сотні, але і пачалася расейская анэксія Крыма.

- Варта памятаць пра тое, што і сёння ў Крыме ўкраінскіх патрыётаў і крымскіх татараў кідаюць за краты. Але мы выстаім, мы пераможам усякага ворага, - сказаў ён у канцы прамовы.

Пасля выступу часовага паверанага гасцям амбасады прадэманстравалі 25-хвілінны дакументальны фільм пра падзеі на Майдане. Гэта была хроніка пратэсту: ад кадраў, на якіх некалькі дзясяткаў чалавек у цэнтры Кіева спяваюць украінскі гімн і трымаюць нацыянальныя сцягі да ахопленага агнём шматтысячнага Майдана.

Затым слова ўзяў старшыня Камітэта салідарнасці з Украінай Ігар Рынкевіч.

- Калі пачаліся пратэсты, некаторыя з нашых актывістаў паехалі ў Кіеў, іншыя засталіся тут і збіралі цёплыя рэчы, ежу, каб перадаць яе пратэстоўцам. Галоўнае, што ваша барацьба не пакінула абыякавымі беларусаў. Мы зразумелі: толькі разам магчыма супрацьстаяць імперскаму рэваншызму. А расследаванне расстрэлу застаецца актуальным, пакуль не будуць выразна выяўленыя асобы снайпераў-злачынцаў, - сказаў Рынкевіч.

Тры гады таму Камітэт салідарнасці ўзнік як грамадская ініцыятыва тых, хто выступіў у падтрымку Украіны. Cёння ў склад Камітэта ўваходзяць блізу 70 сталых удзельнікаў.

- За час нашай працы мы накіроўвалі звароты ў Міністэрства замежных спраў, пратэставалі супраць удзелу расейскіх вайскоўцаў у парадзе на Дзень перамогі ў Менску, збіралі подпісы за адкрыццё ўкраінскага тэлеканала ў Беларусі, вазілі гуманітарную дапамогу ў зону баявых дзеянняў пад Марыупалем. А ў супольнасці камітэта ў Facebook мы спрабуем аб'яднаць усіх неабыякавых да лёсу Украіны. Дарэчы, там ужо 5 тысяч падпісчыкаў, сярод якіх ёсць і расейцы, - распавёў Рынкевіч журналістам.

Паэт і бард Зміцер Захарэвіч прачытаў прысутным вершы, напісаныя ў час ягонай творчай камандзіроўкі на Данбас, дзе ён выступаў перад украінскімі вайскоўцамі «літаральна ў акопах і на блокпастах».

Беларускі гісторык, кандыдат навук Віктар Кахновіч, які таксама наведаў імпрэзу, падзяліўся з журналістамі сваімі думкамі з нагоды трэцяй гадавіны гібелі Нябеснай сотні:

- Майдан стаў ніткай, якую выцягнулі з майго лёсу. Памятаю, як шчыра я здзівіўся, калі людзі наважылі стаяць да канца проста таму, што паважалі сябе. Спачатку я быў настроены скептычна: ну сабраліся людзі, пастаяць, і хутка іх разгоняць. Але неўзабаве ўсе ўбачылі: за некалькі дзён Украіна зрабіла выбар і народны гнеў перамог гады маўчання.

***

Вечар салідарнасці з Украінай памяці Герояў Нябеснай Сотні пройдзе 22 лютага ў офісе Партыі БНФ у Менску (вуліца Чарнышэўскага, 3) а 18 гадзіне.

18-20 лютага 2014 года адбыліся масавыя сутычкі пратэстоўцаў на плошчы Незалежнасці ў Кіеве. Снайперы адкрылі агонь па натоўпе, у выніку загінулі 106 чалавек. Экс-прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч быў вымушаны пакінуць пасаду і ўцячы ў Расею.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках