24 красавiка 2024, Серада, 13:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Беларусы маглі б азалаціцца на экспарце бярозавага соку

25
Экспэрт: Беларусы маглі б азалаціцца на экспарце бярозавага соку
ФОТА: TOLKOPOLZA.COM

Аднак гэтую нішу ўпэўнена займае Украіна.

У «Арганік школе» Цэнтра экалагічных развязанняў адбыўся першы выпуск «зялёных» фермераў. Ці ёсць у іх шанец разбагацець у Беларусі?

Навука дрэмле

– Яшчэ гадоў восем таму тэмай арганічнай сельскай гаспадаркі ў Беларусі цікавіліся літаральна некалькі чалавек, – распавядае пра тэндэнцыю дырэктар Цэнтра экалагічных развязанняў Яўген Лабанаў. – Сёння ёсць цікавасць не толькі ў фермераў і прадстаўнікоў некамерцыйнага сектара, але і ў бізнэсу і дзяржаўных структур.

У Беларусі цяпер 15 сертыфікаваных арганічных сельскіх гаспадарак. Яшчэ чацвёра фермераў чакаюць рэгістрацыі. Законапраект аб арганічнай сельскай гаспадарцы ўжо знаходзіцца на разглядзе ўрада. Вось толькі беларуская навука, на меркаванне экспэртаў, пакуль не спяшаецца вывучаць тэму «арганік».

ЛЮБАМІР КЛЕПАЧ
ФОТА: СВЯТЛАНЫ ВАРАШЫЛАВАЙ

– На жаль, большасць навукоўцаў пакуль не гатовая сур'ёзна разглядаць арганічнаю сельскую гаспадарку ў якасці прадмета даследавання, – распавядае спецыяліст у арганічнай сельскай гаспадарцы Цэнтра экалагічных развязанняў Любамір Клепач. – Можа здарыцца так, што гэтую нішу зойме нехта іншы.

Складаная эканамічная сітуацыя? Не смяшыце Украіну!

Беларускіх экспэртаў сапраўды не так шмат. Нават у «Арганік школу» больш за палову лектараў прыязджалі з Украіны – краіны-лідаркі ў экспарце многіх экалагічных прадуктаў у Еўрапейскі Звяз.

Досвед гэтай краіны можа быць карысны і нам. Складаная эканамічная сітуацыя, недавер гандлёвых сетак, псеўдаарганіка – з усімі гэтымі пытаннямі Украіна таксама сутыкнулася.

Станаўленне рынку арганічнай прадукцыі ва Украіне доўжылася практычна 10 гадоў. Пачыналі нашы суседзі з чатырох прадуктаў – аўсяных шматкоў, грачанай крупы, гародніны і джэму. Прадстаўнікі буйных гандлёвых сетак не спяшаліся ўключаць гэтую прадукцыю ў свой асартымент. Некаторыя «з дабрыні душэўнай» пагаджаліся зрабіць асобныя паліцы пад «арганіку», аднак у поспех асабліва не верылі.

– Прыкладна ў 2013 годзе сітуацыя стала мяняцца, і сёння ўжо не фермер шукае гандлёвую сетку, а сеткі самі ствараюць цэлыя каманды для пошуку пастаўшчыкоў арганічнай прадукцыі, – дзеліцца гісторыяй поспеху дырэктар украінскай сертыфікацыйнай кампаніі «Арганік Стандарт» Сяргей Галашэўскі.

СЯРГЕЙ ГАЛАШЭЎСКІ
ФОТА: ТАЦЦЯНА ЖАРНАСЕК

Не зламалі развіццё арганікі ні дэвальвацыя, ні складаная палітычная абстаноўка. Нягледзячы на тое, што пакупніцкая здольнасць насельніцтва паменшылася, попыт на «зялёную» прадукцыю прадаўжае расці не толькі на ўнутраным рынку, але і на вонкавым.

Сёння Украіна лідаруе ў пастаўках у Еўрапейскі Звяз семак сланечніку, проса, гарчыцы, лёну, гарбузоў. Папулярныя на замежных рынках і дзікаросы – лясныя ягады і грыбы. Але цікава, што патэнцыял як украінскага, так і беларускага экспарту Сяргей Галашэвіч угледзеў у арганічным бярозавым соку.

– Прадукт сабекоштам танны і ў нашых крамах ён доўга прадаваўся толькі ў непрывабных трохлітровых банках, – распавядае ўкраінскі экспэрт. – Мала хто верыў, што гэты прадукт можа быць цікавы камусьці акрамя аматараў выпіць чагосьці мацнейшага і запіць сокам.

Аднак як толькі ўкраінскі сок сертыфікавалі і прыгожа спакавалі ў сімпатычныя паўлітровыя і літровыя бутэлькі, гэты напой стаў папулярным і за мяжой.

ФОТА: TRNDMONITOR.COM

– Важна, што, дзякуючы сертыфікату «арганік», у вас ёсць падставы павялічваць дададзеную вартасць, – падкрэслівае Сяргей Галашэвіч. – Бо гэтыя грошы застаюцца ў вашай краіне.

Чаму не «бія» або «эка»

У свеце ёсць розныя варыяцыі сертыфікацыі арганічнай прадукцыі, аднак Беларусь і Украіна наважылі спыніцца на значку «арганік».

– Да моманту развіцця сельскай гаспадаркі ўжо былі настолькі папулярныя такія «монстры» ў маркетынгу, як біякефіры, біядабаўкі, што мы наважылі: проста не зможам з імі канкураваць, – распавядае пра гісторыі «зялёных значкоў» ва Украіне Сяргей Галашэўскі. – А прыстаўку «эка» ў нас хутчэй звязваюць з месцам вытворчасці, а не з метадамі.

Са слоў экспэрта, абывацелю не зразумела, што ў месцах, якія ўважаюцца за найбольш чыстыя з пункту гледжання экалогіі, можна выкарыстоўваць пры вытворчасці пестыцыды і шкодныя дабаўкі.

– Каб атрымаць арганічныя прадукты, неабавязкова засейваць нацыянальныя паркі, – тлумачыць Любамір Клепач. – Пры выкананні ўсіх тэхналогій «зялёную» прадукцыю можна вырасціць на тых тэрыторыях, дзе вядзецца «традыцыйная» сельская гаспадарка.

Патэнцыял у экспарце

Рынак арганічнай сельскай гаспадаркі ў Еўрапейскім Звязе расце штогод на 10-15%. І калі ў Беларусі гэта яшчэ даволі новы кірунак, то Украіна з'яўляецца сусветным лідарам у экспарце адразу ў некалькіх кірунках.

Украінскі экспэрт перакананы, што сёння Беларусі значна прасцей выйсці на еўрапейскі рынак з «зялёнымі» прадуктамі, чым з прадуктамі без сертыфікацыі.

– Для збыту звычайнай прадукцыі за мяжу, што трэба? Сертыфікат на харчовую бяспеку, захаванне мінімальных аб'ёмаў, бездакорная рэпутацыя, стабільныя пастаўкі, пэўнае пакаванне, – разважае Сяргей Галашэўскі. – Але калі вы экспартуеце прадукцыю «арганік», на ўсе пералічаныя вышэй пункты пакупнік гатовы заплюшчыць вочы, бо попыт у шмат разоў перавышае прапанову.

Што рабіць пачаткоўцам «зялёным» фермерам?

– Трэба аб'ядноўвацца і падтрымліваць сувязь з усімі зацікаўленымі, – рэкамендуе Сяргей Галашэўскі. – Нашы паспяховыя фермеры таксама першапачаткова былі рознымі людзьмі. Хтосьці нават не меў уяўлення аб сельскай гаспадарцы, не кажучы ўжо пра «арганік».

Аб'ядноўвацца важна таксама для таго, каб прапановы для экспарту былі больш прывабнымі. Таму што праз два кошыкі грыбоў наўрад ці хтосьці захоча прадумваць усю лагістыку.

– Калі вы сапраўды зацікаўленыя, то рэкамендую з'ездзіць на самую папулярную выставу арганічнай сельскай гаспадаркі Biofach, якая штогод праходзіць у Нямеччыне, – дзеліцца досведам экспэрт. – Менавіта там многія з нашых фермераў не толькі набіраліся ідэй і натхнення, але і ўкладалі свае першыя кантракты.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках