25 красавiка 2024, Чацвер, 8:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускамоўны сяржант ЦАХАЛа: У войску не могуць служыць дурні

17
Беларускамоўны сяржант ЦАХАЛа: У войску не могуць служыць дурні
ФОТА: RACYJA.COM

Войска не павінна грунтавацца на чужых традыцыях, упэўнены беларускамоўны сяржант ЦАХАЛу Барыс Давід Балтэ.

23 лютага 1918 года першыя бальшавіцкія атрады выступілі супраць немцаў пад Псковам, а ўжо праз некалькі дзён Ленін падпісаў Берасцейскі мір, дзелячы Беларусь з Нямеччынай. Пазней 23 лютага адзначалася як Дзень Савецкай Арміі. Да нашай краіны гэтая дата не мае ніякага дачынення, але афіцыйна яна адзначаецца як «Дзень абаронцы Айчыны».

Войска не павінна грунтавацца на чужых традыцыях, мяркуе беларускамоўны сяржант ЦАХАЛу Барыс Давід Балтэ. Сам ён нарадзіўся ў Беларусі, але потым пераехаў у Ізраіль, дзе стаў жаўнерам і ўдзельнічаў у вайсковай аперацыі ў Газе. Як выглядае ізраільскае войска, і якія парады можна даць беларускім жаўнерам, сяржант распавёў «Радыё Рацыя».

- Войска абароны Ізраіля ўтварылася праз 10 дзён пасля афіцыйнага стварэння дзяржавы Ізраіль. Гэта народнае войска. Людзі ведаюць, за што змагацца. У войску служаць усе - ад сына прэм'ер-міністра да дачкі самай беднай жанчыны ў дзяржаве. Той лозунг, які быў у савецкія часы, што народ і войска - адзіныя, у Ізраілі гэта не лозунг, а праўда. Хлопцы служаць тры гады, дзяўчаты - два. Але цяпер ідзе працэс, каб паменшыць тэрмін службы.

- У Беларусі тэрмін службы складае максімальна паўтара года, і ўвесь гэты час, акрамя нейкіх кароткіх адпачынкаў, жаўнеры знаходзяцца на тэрыторыі вайсковых частак. А як гэта выглядае ў Ізраілі? Няўжо людзі цягам трох гадоў павінны жыць у казармах?

- Безумоўна не. Напрыклад, калі ёсць курс маладога байца, ужо праз тры дні жаўнер на два дні вяртаецца дадому, для псіхалагічнай адаптацыі. Калі вы бываеце ў Ізраілі, то ўвечары ў чацвер і ў пятніцу раніцай вы можаце на аўтобусных прыпынках бачыць шмат жаўнераў, бо яны адпраўляюцца ўсе дадому.

- А як ў Ізраілі, служыць у войску - гэта гонар? Ці ўзнікае пытанне, як ухіліцца ад войска?

- Наадварот, ухілісты - гэта людзі, якія выходзяць з грамадства. Ёсць такія, якія не хочуць служыць у войску, але іх менш за статыстычную хібнасць.

- А як у ЦАХАЛе складваюцца стасункі паміж афіцэрамі і падначаленымі?

- Такой з’явы як “дзедаўшчына”, пра якую кажуць тыя, хто служыў у савецкім войску, нават тое, што мы назіраем у фільмах пра амерыканскае войска, у ізраільскім войску такога няма і зразумела, што быць не можа. Па-першае, правы шараговага жаўнера часам абараняюць лепш, чым правы звычайнага грамадзяніна. Афіцэр – гэта не проста камандзір, а чалавек, які нясе адказнасць. Яны разумеюць, што калі на жаўнера давіць, то ён будзе кепска служыць. Гэта непатрэбна ні дзяржаве, ні для абароны дзяржавы. У войску не могуць служыць дурні. Яно павінна абараняць дзяржаву, увесь час яно павінна быць напагатове. Напрыклад, у той самай Швейцарыі войнаў ужо не было шмат стагоддзяў, але там таксама агульны заклік, там усе “пад ружжом”.

- Вы нарадзіліся ў Беларусі, потым пераехалі ў Ізраіль, дзе сталі жаўнерам. Якія б Вы маглі даць парады для беларускага войска, як яго рэфармаваць, як зрабіць нацыянальным, здольным для абароны незалежнасці?

Першае – гэта правы чалавека. Другое – зрабіць адзінства арміі і народу. Трэцяе – гэта гісторыі. Чацвёртае – гэта фінансаванне, бо Ізраіль мае найвялікшы бюджэт для абароны з усіх міністэрстваў. Трэба зрабіць, каб дзяржава мяняла аблічча войска, каб яго не трэба было баяцца, каб людзі, якія туды ідуць, гэтым ганарыліся. Такім чынам, будзе сапраўдная армія, якая рэальна зможа абараніць незалежнасць.

У беларускага войска, калі гэтыя рэформы пройдуць, ёсць вялікая традыцыя – ад часоў Полацкага княства аж да часоў Слуцкіх паўстанцаў і беларускіх партызанаў падчас ІІ Сусветнай Вайны. Гэта традыцыя ёсць, яе не трэба выдумляць, і не трэба ставіць помнікі іншым генералісімусам і маршалам, бо ў Беларусі ёсць шмат сваіх асобаў. Ёсць свая гісторыя, якая зараз, на жаль, забыта, і якую адраджаюць толькі ініцыятыўныя людзі. Гэта павінна рабіць дзяржава. У Беларусі шмат сваіх вялікіх бітваў, вялікіх войнаў. І гэта, безумоўна, можа стаць прыкладам для жаўнера і афіцэра беларуса.

У Беларусі ёсць месцы бітваў паўстанцаў Касцюшкі, Плятэр, Каліноўскага з расейскімі войскамі. У Беларусі ёсць Слуцк, дзе таксама адбывалася беларускае паўстанне, ёсць месца беларускай партызанкі падчас ІІ Сусветнай Вайны. У Чырвоную Армію таксама ішлі служыць людзі з народа. І памяць пра гэта павінна быць. Памяць – гэта адна з найвялікшых стваарэння будовы войска.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках