17 лiстапада 2023, Пятніца, 8:48
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Памерлага 17 гадоў таму жыхара Лунінецкага раёна запісалі ў «дармаеды»

27
Памерлага 17 гадоў таму жыхара Лунінецкага раёна запісалі ў «дармаеды»

Цынічны ліст ад падаткавікоў маці «дармаеда» адразу ж спаліла.

На мінулым тыдні жыхарцы Лунінецкага раёна прыйшоў ліст на імя сына, які памёр 17 гадоў таму. Аб чалавеку - нябожчыку ўжо столькі гадоў, як выявілася, згадалі ў падатковай інспекцыі.

- Я прыехала з заробкаў, а ў мяне ліст тырчыць у брамцы, я прачытала яго і нічога не разабрала, аднесла свайму (мужу - рэд.), ён ужо разабраўся, - распавяла «Медыя-Палессю» аб здарэнні пенсіянерка Надзея Адамаўна Кузьміч, якая атрымала на імя памерлага сына ліст з падатковай інспекцыі.

У слязах Надзея Адамаўна затэлефанавала на пазначаны ў лісце нумар і спытала, няўжо і тым, хто ляжыць у зямлі, таксама трэба плаціць падатак. У ІМПЗ Лунінецкага раёна, як кажа жанчына, яе перапрасілі і растлумачылі, што прозвішча патрапіла ў спісы грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, памылкова.

Патлумачыўшы сітуацыю, ніякіх пацвярджальных дакументаў, тлумачыць Надзея Адамаўна, у падатковую інспекцыю за сына несці ёй не спатрэбілася.

- Ну, няхай бы год прайшоў пасля смерці, а то 17! - маці здзіўляецца, як прозвішча магло патрапіць у тыя самыя спісы. - Яго ўжо там і костак, напэўна, няма...

Нягледзячы на гады, рана на сэрцы маці не гоіцца, а калі такім чынам нагадалі пра сына, стала ў разы больш балюча.

- Атрымала гэты ліст і вечар плакала, ноч плакала... Маё дзіця сканала, калі яму не было і 18 гадоў. - Надзея Адамаўна распавядае, што ейны сын вучыўся тады ў мясцовым каледжы.

Акрамя заўчасна памерлага Сашы жанчына выхавала яшчэ траіх дзяцей. Адной з дачок цяпер яна дапамагае плаціць крэдыт за жыллё.

- Я 30 гадоў прапрацавала на ферме, а пенсія – 200 рублёў. Гаспадарку трымаю, даводзіцца хадзіць на заробкі, каб дзецям дапамагчы, - распавядае вяскоўка.

Абуральнае паведамленне жанчына адразу ж спаліла, не плаціць жа ёй збор за нябожчыка сына, якога прынялі за «дармаеда»?!

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках