17 лiстапада 2023, Пятніца, 8:48
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Найстарэйшы забудоўшчык у Беларусі стаў банкрутам

11
Найстарэйшы забудоўшчык у Беларусі стаў банкрутам
ФОТА: FLUNGJOHNNY.BLOGSPOT.COM.BY

Кампанія «Маноліюм Інжынірынг», якая працавала на рынку нашай краіны з 2003 года, ліквідуецца.

Ліквідатарам стала фірма «Цэнтр ліквідацыі і банкруцтва прадпрыемстваў». Эканамічны суд Менскай вобласці ў дачыненні да расейскай кампаніі пачаў працэдуру банкруцтва, паведамляе ej.by.

«Маноліюм Інжынірынг» - дэвэлапэр аднаго з першых інвестыцыйных праектаў з удзелам замежнага капіталу, які пачаў рэалізоўвацца на маладым рынку камерцыйнай нерухомасці Беларусі ў 2003 годзе. Кампанію вывеў на беларускі рынак расейскі бізнэсовец Арам Екавян, уладальнік матчынай кампаніі «Маноліюм Працэсінг». У праект у саюзнай Беларусі, што падаўся яму перспектыўным, ён інвеставаў грошы, заробленыя на продажу сваіх нафтахімічных актываў.

У 2003 годзе «Маноліюм Інжынірынг» стала пераможцам абвешчанага Менгарвыканкамам тэндару на забудову былога тралейбуснага дэпо ля вуліц Кісялёва-Чырвонай і тады яшчэ вуліцы Варвашэні. Меркавалася на гэтай пляцоўцы пабудаваць шматфункцыйны комплекс, у які ўвайшлі б бізнэс-цэнтр, гатэль, гандлёвыя галерэі і жылыя дамы. У якасці аператара гатэлю спачатку разглядаўся варыянт з брэндам Radisson, потым – з Park Inn (абодва належаць кампаніі Rezidor Hotel Group). Сума інвестыцый у праект ацэньвалася на 450 млн даляраў. Абцяжараннем інвестару паводле ўмоў тэндару стала будаўніцтва новага дэпо на 220 тралейбусаў ва Уруччы, якое інвестар да таго, як расчацца з забудовай каля «Гарызонту», меўся перадаць у дарунак гораду.

Праект пачаў рэалізоўвацца менавіта з дэпо ў 2007 годзе, потым быў перапынены праз крызіс і аднавіўся ў 2011 годзе. «Маноліюм Інжынірынг» пабудаваў дэпо практычна на 80-85%, але ўклаў у яго больш (22 млн замест 15 млн. даляраў), чым было запланавана паводле інвестыцыйнага пагаднення. Праз гэта, паводле версіі забудоўшчыка, узнік канфлікт з уладамі, якія ў 2014 годзе скасавалі з «Маноліюм Інжынірынг» інвестыцыйны кантракт. У сваю чаргу кампанія адмовілася перадаваць на баланс места новае дэпо, патрабуючы вяртання ўкладзеных сродкаў. Паводле версіі горада, ва ўзнікненні канфліктнай сітуацыі, якая прычынілася ў выніку да скасавання інвестыцыйнага пагаднення, вінаваты інвестар, які замарудзіў будаўніцтва і дапусціў перавыдатак сродкаў. Таксама ўлады меркавалі, што могуць выставіць да інвестара прэтэнзіі што да страчанай выгады – горад не атрымаў комплексу ў цэнтры і падаткаў, якія мог бы мець з яго.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках