Улады будуць браць новыя крэдыты, каб разлічыцца з «Газпрамам»
21- 24.02.2017, 14:41
- 20,604
У Беларусі нарастае пагроза крызісу неплацяжоў за расейскі газ.
Пра гэта заявіў міністр энэргетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык на пасяджэнні выніковай калегіі ведамства, паведамляюць беларускія СМІ.
З ягоных слоў, расце запазычанасць спажыўцоў прыроднага газу — генерыруючых прадпрыемстваў, праз чаго аблгазы не ў стане своечасова разлічвацца за пастаўкі прыроднага газу з ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь».
«Каб не зрываць разлікі з «Газпрам трансгаз Беларусь», яны вымушаныя самі прыцягваць крэдыты, разлічвацца за пастаўкі. За мінулы год узята такіх крэдытаў на суму 3 мільярды рублёў, або 1,5 мільярда даляраў», — сказаў міністр.
З ягоных слоў, найбольш востра крызіс неплацяжоў адчуваецца ў Менскай вобласці, на долю якой прыпадае блізу 40% пратэрмінаванай запазычанасці за газ. Пры гэтым Патупчык удакладніў, што тут не ўлічваюцца запазычанасці мінулых гадоў.
«У выпадку працягу такой сітуацыі з разлікамі гэта можа прывесці да зрыву плацяжоў перад «Газпрам трансгаз Беларусь», абмежавання паставак газу, штрафаў ды іншых санкцый», — заявіў Патупчык.
Нагадаем, што акрамя гэтага Беларусь завінаваціла «Газпраму» ўжо 550 млн даляраў праз рознагалоссі ў цане за газ. Праз неўрэгуляванасць гэтага пытання Расея з трэцяга квартала мінулага года ўрэзала пастаўкі нафты ў Беларусь і пагражае іх скараціць да мінімуму.