У Бабруйску кантралёры бралі «даніну» з кіроўцаў аўтобусаў
19- 24.02.2017, 15:27
- 33,193
Цяпер ім пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.
У Бабруйску супрацоўнікі праваахоўных органаў раскрылі хітрую схему, дзякуючы якой кантралёры грамадскага транспарту не выходзілі на рэйс і атрымлівалі за гэта грошы. Цяпер у справе фігуруюць пяць чалавек, якія падазраюцца ў атрыманні хабараў. Ім пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі, піша onliner.by.
— УСК Магілёўскай вобласці распачатая крымінальная справа ў дачыненні да пяці супрацоўнікаў аддзела кантролю пасажырскага транспарту ААТ «Магілёўаблаўтатранс», якія падазраюцца ў атрыманні хабараў. Падазраваныя паводле папярэдняй змовы на чале з кіраўніком аддзела ў перыяд з 2014 года да лютага 2017 года, знаходзячыся на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, у тым ліку па месцы сваёй працы ў будынку Бабруйскага аўтавакзала, сістэматычна штодня з кожнага рэйса прымалі для сябе ад кіроўцаў у якасці хабару грашовыя сродкі, выдадзеныя ім выключна ў сувязі з займаемым імі службовым становішчам, за напісанне ў білетна-уліковых лістах, выдадзеных кіроўцам, фіктыўных адзнак аб праведзеных імі праверках выканання правілаў перавозкі пасажыраў, багажу, захавання тарыфаў і правільнасці афармлення перавозачных дакументаў. Адпаведна, самі ж такіх праверак ва ўстаноўленым парадку не праводзілі, а названыя адзнакі ставілі ў службовых кабінетах, — паведамляе Следчы камітэт.
Сума незаконна атрыманых грашовых сродкаў залежала ад працягласці маршруту і складала ад 2 рублёў 50 капеек да 5 рублёў за кожны рэйс.
— Падчас расследавання будзе ўстаноўлена ступень віны кіроўцаў, — распавядае афіцыйная прадстаўніца УСК Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк. — Грошы імі перадаваліся, каб пазбегнуць праверак: ва ўсе дакументы ставіліся фіктыўныя звесткі. На самай жа справе не правяраліся ні білеты, ні вага багажу, ні выдатак бензіну.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў кажуць, што ў сярэднім кантралёры атрымлівалі па тысячы рублёў у месяц. Цяпер вырашаецца пытанне пра ўзяцце падазраваных пад варту. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.