17 лiстапада 2023, Пятніца, 8:49
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Каткавец узначаліла назіральную раду «Парытэтбанка»

44
Каткавец узначаліла назіральную раду «Парытэтбанка»
НАДЗЕЯ КАТКАВЕЦ (У ЦЭНТРЫ)
ФОТА: ДЗМІТРЫЙ БРУШКО, TUT.BY

Упраўленне справамі Лукашэнкі адабрала «Парытэтбанк» у Нацбанка.

Намесніца кіраўніка справамі Лукашэнкі Надзея Каткавец стала старшынёй назіральнай рады Парытэтбанка. Гэтая інфармацыя размешчана на сайце крэдытнай арганізацыі.

Яе намеснікам з'яўляецца Вадзім Дражын, які працуе начальнікам інфармацыйна-аналітычнага аддзела ўпраўлення аналітычнага суправаджэння ГУ «Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне» кіраўніцтва спраў прэзідэнта. Яшчэ два топ-мэнэджары УСП увайшлі ў назіральную раду «Парытэтбанка».

У 2014 годзе Упраўленне справамі прэзідэнта атрымала амаль 55% акцый «Парытэтбанка». Астатні пакет застаўся ў валоданні Нацбанка. Як стала вядома tut.by, у канцы 2016 года УСП стала ўладальнікам 99,5% акцый «Парытэтбанка».

Нядаўна Андрэю Брыштэлеву даверылі «Белінвестбанк», а «Парытэтбанк» застаўся без старшыні праўлення. «УСП атрымала банк пад поўны кантроль і не бачыла сэнсу працягваць супрацоўніцтва з выхадцам з Нацбанка», — сказала крыніца.

«Яны змянілі праўленне, змянілі назіральную раду ў гэтым месяцы і, кажуць, маюць вялікія планы развіцця банка», — дадаў яшчэ адзін суразмоўца. Раней улады Беларусі разглядалі продаж «Парытэтбанка» стратэгічнаму інвестару.

«Парытэтбанк» з'яўляецца правапераемнікам банка «Пошук», які быў створаны ў студзені 1991 года на базе Дзяржбанка СССР на ініцыятыву буйных прадпрыемстваў Менска. Да 1998 года ўваходзіў у шасцёрку найбуйнейшых банкаў Беларусі.

У 1999 годзе праз нездавальняючы стан крэдытнага партфеля банк сутыкнуўся з праблемамі ліквіднасці, і неўзабаве кантрольны пакет акцый перайшоў Нацбанку. Праз 5 гадоў банк перайменавалі ў «Парытэтбанк», а Нацбанк стаў асноўным уласнікам.

Нарматыўны капітал «Парытэтбанка» на пачатак 2017 года складаў 91,3 млн. рублёў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках