У Бабруйску працягваюць збіраць подпісы супраць дэкрэта «аб дармаедах»
7- 24.02.2017, 16:56
- 17,511
Актывісты 23 лютага арганізавалі збор подпісаў за скасаванне скандальнага дэкрэту, а 26 лютага ў горадзе плануецца Марш абураных беларусаў.
Як распавяла praca-by.info лідар Бабруйскай арганізацыі прафсаюза РЭП Галіна Смірнова, нягледзячы на адсутнасць інфармацыі пра працяг збору подпісаў, ахвочых выказаць сваё негатыўнае стаўленне да сумна вядомага дэкрэту, аказалася нямала:
– Паводле нашых ацэнак, у будны дзень, прыйшло блізу 100 чалавек. Мы не давалі асаблівай рэкламы пра тое, што будзем збіраць подпісы. Але людзі ўсё роўна падыходзілі, падпісваліся, распытвалі, якія далейшыя дзеянні, ці будзе масавая акцыя.
Нядаўна з'явілася інфармацыя пра тое, што жыхары Бабруйска самаарганізаваліся і вырашылі сабрацца ў нядзелю, 26 лютага, каля будынка выканкама на плошчы Леніна.
– Пра акцыю 26-га даведалася, калі збірала подпісы на вуліцы. Высветліла, што гэтая акцыя арганізаваная самімі грамадзянамі, якія хочуць выказаць сваё меркаванне з нагоды дэкрэта аб «дармаедстве». Безумоўна, я прыйду і буду раіць сваім знаёмым прыйсці. Хоць ёсць асцярогі, што акцыя арганізаваная занадта паспешліва і не ўсе пра яе даведаюцца. Тым не менш, мы будзем выкарыстоўваць любую магчымасць, каб данесці да ўладаў сваю пазіцыю, – распавяла Галіна Смірнова.
Паводле інфармацыі, размешчанай у сацыяльных сетках, акцыя ў Бабруйску адбудзецца 26-га лютага на плошчы Леніна, пачатак а 12.00.
У абвесцы сказана: «Я спадзяюся, што мы, бабруйчане, аб'яднаемся і разам пакажам чыноўнікам, што з гэтым дэкрэтам яны перайшлі ўсе межы. Калі кожны сам па сабе – ім лягчэй. Бо ідэя акцыі ўзнікла "знізу", у народзе (у гэты ж час людзі выходзяць у Віцебску і Баранавічах), трэба самаарганізавацца, а не чакаць, што скажуць прафсаюз, партыі (хоць гэта таксама важна). Дастаткова прыйсці ў добрым настроі, чуць адзін аднаго і не дапускаць правакацый».