Мэру Кішынёва надалі званне «Смяцюх года»
6- 24.02.2017, 18:42
- 18,161
Сімвалічны прыз – напоўнены брудам кубак – кіраўніку горада ўручылі на пасяджэнні муніцыпальнай рады мясцовыя дэпутаты.
Мэр Кішынёва Дорын Кіртоакэ быў уганараваны званнем «Смяцюх года», паведамляе ТАСС.
Сімвалічны прыз – напоўнены брудам кубак – кіраўніку горада ўручылі на пасяджэнні муніцыпальнай рады мясцовыя дэпутаты, адзначыўшы такім чынам ягоныя «заслугі» ў ператварэнні Кішынёва ў адзін з самых брудных і неўладкаваных гарадоў Малдовы.
«За апошнія гады Кішынёў моцна змяніўся ў горшы бок, у гэтым заслуга ягонага мэра», – адзначыў дэпутат Віталь Мукан, які ўзнагародзіў мэра «прызам». У сваю чаргу, Кіртоакэ прыняў кубак без асаблівага энтузіязму і заявіў, што не нясе віны за беспарадак у горадзе. Відэазапіс уручэння быў апублікаваны на YouTube.
Як піша выданне «Блакнот Малдова», на днях за прысваенне мэру Кішынёва звання «Смяцюх года» выступілі гараджане, якія адзначылі, што пасля раставання снегу Кішынёў ператварыўся ў адно суцэльнае балота.
Сярод іншага, з крытыкай брудных вуліцаў выступіла тэлевядоўца Ларэна Богза, якая ў перыяд перадвыбарнай кампаніі сімпатызавала Кіртоакэ.
«Больш за гадзіну езджу па горадзе. Неапісальны бруд, мікрааўтобусы, якія спыняюцца там, дзе ім захочацца, усё шэрае, святла ў канцы тунэлю не відаць. Адчуванне, што ў нас вайна. Хачу ўбачыць прынамсі аднаго паліцэйскага, які асмеліцца мяне аштрафаваць за тое, што на машыне не відаць маіх нумароў», – напісала яна на сваёй старонцы ў Facebook.
За кіраўніка горада Кішынёва заступіўся старшыня Ліберальнай партыі і ягоны дзядзька Міхай Гімпу, паведамляе Point. «Гэты бруд, які прынеслі генеральнаму прымару, у нас з 28 чэрвеня 1940 года, калі нават не з 1812 года», – сказаў ён, адзначыўшы, што калі б Малдова была ў складзе Румыніі, то ў краіне былі б нармальныя дарогі і не было б бруду.
ТАСС адзначае, што Кіртоакэ неаднаразова асвіствалі падчас ягоных публічных выступленняў, падчас якіх ён спрабаваў прапанаваць справаздачу пра дзевяцігадовае кіраўніцтва сталіцай. Са свайго боку, ён скардзіўся на гарадскія праблемы, адсутнасць грошай у бюджэце і генеральнага плана развіцця сталіцы, які мэрыя не можа распрацаваць ужо 25 гадоў. Паводле ягоных словаў, праз гэта горад хаатычна забудоўваецца, а ў сталічнай адміністрацыі, якую ён узначальвае, квітнее карупцыя.