19 красавiка 2024, Пятніца, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыве Беларусь!

7
Жыве Беларусь!

Легендарны мюзікл «Народны альбом» прайшоў з аншлагам у Менску.

У Prime Hall пры неверагодным захапленні прайшоў канцэрт адроджанага праз 20 гадоў супольнага праекта беларускіх рок-музыкаў, піша kp.by.

Вось вам і адказ тым скептыкам, што кажуць – маўляў, беларускія музыкі не могуць сабраць поўную залю. У Prime Hall расцягнуліся вялізныя чэргі на ўваходзе, а ў апошні дзень перад канцэртам многія пыталіся квіточак – але ўсе ўжо былі раскупленыя больш прадбачлівымі беларусамі.

ДЛЯ АБНОЎЛЕНАГА ПРАЕКТА ПАШЫЛІ СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ СТРОІ, СТЫЛІЗАВАНЫЯ ПАД 30-Я ГАДЫ МІНУЛАГА СТАГОДДЗЯ
ФОТА: KP.BY

– Гэта апошняя пятніца зімы, – сімвалічна зазначыў са сцэны Аляксандр Памідораў.

Прадчуванне вясны – і каляндарнай, і метафарычнай – панавала ў зале з першай жа песні. Развясёлы хуліганскі альбом стаўся вельмі актуальным і цяпер, праз 20 гадоў. Некаторыя песні, як «Край, ты мой край», і зусім выглядаюць цяпер прароцкімі.

ЛЯВОН ВОЛЬСКІ НАПІСАЎ УСЮ МУЗЫКУ ДА ПРАЕКТА І ЧАСТКОВА ВЕРШЫ. А ЯГО СУАЎТАРАМ СТАЎ МІХАЛ АНЕМПАДЫСТАЎ
ФОТА: KP.BY

«Народны альбом» – абсалютна беларуская тэма. Гэта музычнае прысвячэнне Беларусі 30-х гадоў мінулага стагоддзя, якое апавядае пра жыццё маленькага памежнага мястэчка, што пераходзіць то ў адны, то ў іншыя рукі, напоўненага шпіёнамі і кантрабандыстамі. Удзельнікамі супольнага праекта сталі найлепшыя ў тыя часы рок-музыкі. Альбом быў запісаны яшчэ ў 1997 годзе, і ўжо тады стаў падзеяй. Ён быў адзначаны прызам у папулярнай у той час штогадовай музычнай прэміі «Рок-каранацыя».

УСЕ КВІТКІ НА КАНЦЭРТ БЫЛІ РАСКУПЛЕНЫЯ ЗАГАДЗЯ.
ФОТА: KP.BY

Некаторыя песні з «Народнага альбома», як, напрыклад, «Простыя словы», атрымалі сваё самастойнае жыццё, з'яўляючыся нават у рэкламе. І вось, восенню мінулага года тэлеканал «Белсат» пастанавіў адрадзіць праект, які стаў гісторыяй. Значна абнавіўся склад: запрасілі знакаміты беларускі джаз-бэнд Apple Tea, струнны квартэт Aquarelle, духавую секцыю пад кіраўніцтвам Пафнуція Кузякіна (экс- «Ляпіс Трубяцкі»). Усяго задзейнічана 20 музыкаў. Але асноўныя партыі выконваюць усё тыя ж артысты: Кася Камоцкая, Вераніка Круглова, Аляксандар Памідораў, Зміцер Вайцюшкевіч і, вядома, Лявон Вольскі.

ВІДЭАШЭРАГ ПРАЕКТА БЫЎ ПРАДУМАНЫ ДА ДРОБЯЗЯЎ
ФОТА: KP.BY

Польскі рэжысёр Конрад Смуга стварыў на аснове музычнага матэрыялу спектакль, які паказалі ў верасні на сцэне Падляшскай оперы ў Беластоку. На жаль, у Менск дэкарацыі прывозіць было дорага – давялося б наймаць дзве фуры, размытніваць іх і г. д. Але ўсё ж Prime Hall – не тэатральная пляцоўка, і дэкарацыі выдатна замяняў відэашэраг.

27 кампазіцый альбома звязалі не столькі сцэнаграфіяй, колькі атмасферай, строямі і відэашэрагам. Яны перацякалі з адной у другую і выглядалі абсалютна суцэльным музычным творам.

ЧАСАМ НА СЦЭНЕ ПАНАВАЛА ТВОРЧАЕ ХУЛІГАНСТВА – НАПРЫКЛАД, АРТЫСТЫ ВЫКАНАЛІ РЭП, ЯК ЁН МОГ БЫ ГУЧАЦЬ У 30-Я ГАДЫ МІНУЛАГА СТАГОДДЗЯ
ФОТА: KP.BY

Двойчы артыстаў выклікалі на біс, і ім даводзілася выконваць зноўку песні, якія ўжо прагучалі. Музыкі ўсміхаліся адно аднаму, і здавалася, яны гатовыя выканаць 2,5 гадзінную праграму нанова – настолькі ўсім спадабалася атмасфера вечару. Адразу пасля канцэрта практычна ўсе ўдзельнікі праекту выклалі ў сацсетках водгукі пра тое, што гэта быў найлепшы канцэрт, дзякавалі гледачам за цёплы прыём.

ЗАЛА ПАДПЯВАЛА АРТЫСТАМІ З ПЕРШАЙ ЖА ПЕСНІ
ФОТА: KP.BY
ЗАЛА ПАДПЯВАЛА АРТЫСТАМІ З ПЕРШАЙ ЖА ПЕСНІ
ФОТА: KP.BY
Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках