24 красавiка 2024, Серада, 7:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракурор запатрабаваў для маньяка з бензапілой 15 гадоў пазбаўлення волі

31
Пракурор запатрабаваў для маньяка з бензапілой 15 гадоў пазбаўлення волі
УЛАДЗІСЛАЎ КАЗАКЕВІЧ
ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

Сёння ў Менскім гарадскім судзе пачаліся спрэчкі ў справе аб нападзе на гандлёвы цэнтр.

У зале прысутнічалі бацькі абвінавачанага Уладзіслава Казакевіча, яны сядзяць на адной лаве з пацярпелымі, паведамляе tut.by.

— Разгляд крымінальнай справы не застаўся без эмоцый у пацярпелых. Усякаму адэкватнаму чалавеку цяжка ўспрымаць страту блізкага, — пачаў свой выступ дзяржабвінаваўца Алег Буйленкаў. У сваёй прамове ён звярнуў увагу на тое, што Казакевіч «адважыўся на такое дзёрзкае злачынства».

- Казакевіч учыніў жахлівае злачынства, дзейнічаючы «з хуліганскіх намераў, груба парушаючы грамадскі парадак, дэманстратыўна выяўляючы непавагу да грамадства, дэманструючы сваю перавагу, выяўляючы бясчынства і агрэсію». Казакевіча не спыніла тое, што ён не змог зладзіць напад у МІПСА, ён наадварот скарэктаваў свой план, і з жаданнем забіць як мага больш людзей адправіўся ў ГЦ «Еўропа». Віна абвінавачанага пацвярджаецца ў сукупнасці ўсіх довадаў, — адзначыў пракурор.

Алег Буйленкаў папрасіў суд прысудзіць абвінавачванага да 15 гадоў пазбаўлення волі. Падчас ягонага выступу плакалі не толькі пацярпелыя, але і мама Улада. Сын, седзячы ў жалезнай клетцы, не зводзіў з яе вачэй. Сам ён успрыняў словы пракурора абсалютна спакойна.

Нагадаем, суд тыдзень разглядае крымінальную справу ў дачыненні да Улада Казакевіча, які ўвечары 8 кастрычніка зладзіў напад у ГЦ «Еўропа». У гандлёвы цэнтр ён прыйшоў з бензапілой, сякерай, і моўчкі, не кажучы ні слова, кінуўся на людзей. 43-гадовая прадавачка оптыкі Алена Александронец загінула на месцы, яшчэ дзве жанчыны пацярпелі. Казакевіча судзяць адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.2 арт.139 «Забойства», ч.1 арт.339 «Хуліганства» і ч.1 арт.13 «Падрыхтоўка да злачынства». Максімальнае пакаранне, якое пагражае абвінавачанаму — 15 гадоў пазбаўлення волі. У момант учынення злачынства Уладу Казакевічу было 17 гадоў, ён быў непаўналетнім. Хоць ч.2 арт.139 «Забойства з асаблівай жорсткасцю», які прадугледжвае самае суровае пакаранне, аж да смяротнага пакарання, ужываць такую меру да непаўналетніх і жанчын нельга.

— Віну прызнаю цалкам, — яшчэ ў першы дзень суда заявіў абвінавачаны Казакевіч.

Падчас свайго допыту распавёў, што нікога ў жыцці не любіць, яму падабаецца адзінота і пасля заканчэння ўніверсітэта планаваў зладзіць тэракт, каб «забіваць кітайцаў і мусульман». На пытанне чаму, адказаў: «Проста дзеля прыколу. Дзеля забавы».

— Мне падабаліся фільмы пра маньякаў. Мяне прыцягваў тэрарызм, забойствы. Любіў паглядзець літаратуру пра ІДІЛ, — спакойна казаў Улад Казакевіч.

У панядзелак, 27 лютага, пацярпелая Ганна Розентава, якая працуе ў ГЦ «Еўропа» прадавачкай, заявіла маральны пазоў на суму 1,5 тысячы рублёў. Яна патлумачыла, што пасля здарэння месяц не магла выйсці з дому, дагэтуль перасоўваецца толькі на таксоўцы і баіцца грамадскага транспарту.

— Гэта адбілася на маёй вучобе, бо я артыстка (Розентава вучыцца на дырыжора — заўв.). Я баюся выходзіць на сцэну.

— Пазоў і ягоная сума прызнаецца, — заявіў адвакат абвінавачанага.

Сам Казакевіч папрасіў «задаволіць яго часткова», але не змог дакладна растлумачыць, з якімі патрабаваннямі згодны, з якімі — не.

— Пазіцыя такая: паменш пазоваў, — сказаў ён.

Пазней адвакат удакладніла: абвінавачаны згодны аплаціць матэрыяльную шкоду (выдаткі на пахаванне, лекі) напоўніцу. Што ж тычыцца маральнай кампенсацыі, то ён прызнае не ўсе сумы, а толькі тыя, якія выплацілі ягоныя бацькі пацярпелым напярэдадні суда — па 1-2 тысячы рублёў.

Агульная ж сума ўсіх пазоваў ад пацярпелых, заяўленых да Казакевіча, склала 266 тысяч рублёў.

Нагадаем, у медыцынскай картцы Казакевіча, якую разглядалі ў судзе, паказаны дыягназ «шызоідны разлад асобы», ён рабіў некалькі спробаў суіцыду. Аднак экспэртыза прызнала яго ў стане свядомасці.

З улікам таго, што ў момант учынення злачынства Казакевіч быў непаўналетнім, пакаранне ён будзе адбываць у калоніі не ўзмоцненага, а агульнага рэжыму. Гэта значыць, што ён не будзе сядзець з самымі небяспечнымі злачынцамі: у выпраўленчую калонію ва ўмовах агульнага рэжыму накіроўваюцца асуджаныя за крадзяжы, хуліганства.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках