19 красавiка 2024, Пятніца, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улада можа спазніцца з пачаткам Круглага стала

81
Улада можа спазніцца з пачаткам Круглага стала
Фота: kp.by

Рэжым Лукашэнкі можа быць змецены народным пратэстам.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Другі тыдзень у Беларусі не сціхаюць акцыі пратэсту. Падатак на «дармаедства» стаў апошняй кропляй і цярпенне беларусаў лопнула?

- Я захапляюся беларусамі, якія нарэшце прачнуліся, зразумелі, што далей трываць здзек з сябе нельга і выйшлі на вуліцы. Думаю, што гэта толькі пачатак, і на гэтым дэкрэце ўлада зломіць сабе шыю.

- Дапусцім, што Лукашэнка заўтра скасуе гэты дэкрэт. Але ці зменіцца жыццё людзей да лепшага?

- Гэта будзе перамогай людзей, якія бароняць свае правы. І вярнуцца ў ранейшую сітуацыю будзе немагчыма. Дарэчы, мая дачка, якая ўжо шэсць гадоў не была ў Беларусі, таксама атрымала «ліст шчасця». І з яе таксама патрабуюць гэты збор 360 рублёў.

Калі мы трапілі ў турму КДБ, там бясчынствавалі людзі ў масках, здзекаваліся з палітвязняў і ўжывалі катаванні. Двое аператыўнікаў, якія прадставіліся як Слава і Сцяпан, пагражалі мне, што калі я не напішу паперу аб супрацоўніцтве - у турму пасадзяць маю дачку, якая таксама была на Плошчы ў 2010 годзе. Я праз свайго адваката перадаў дачцэ, каб яна неадкладна з'язджала з краіны. Яна атрымала палітычны прытулак, а цяпер падатковая інспекцыя Ленінскага раёна ў асобе Зарэцкай Кацярыны Мікалаеўны, патрабуе з яе лукашэнкаўскі збор. Я гэта разглядаю як прадаўжэнне палітычных рэпрэсій і ўціск на сваю сям'ю.

Зваротнай дарогі не будзе, нават калі Лукашэнка скасуе дэкрэт. Пры новай уладзе я разам з дачкой збіраюся выставіць пазоў за маральную шкоду і ціск на маю сям'ю. І думаю, у новай Беларусі незалежны суд задаволіць пазоў у эквіваленце прыкладна $50 тысяч да грамадзянкі Зарэцкай. Думаю, так паступяць дзясяткі тысяч беларусаў у дачыненні да карных органаў падатковай інспекцыі. Таму сітуацыя ўжо не вернецца да зыходнага пункту. Калі ўлада парушае Канстытуцыю - то людзі будуць бараніць свае правы ў судзе новай дэмакратычнай Беларусі. Каб пазбегнуць гэтага, у падаткавікоў ёсць адзіны выхад - масава звальняцца з паганай працы.

- Мікалай Статкевіч заявіў, што трэба ўзмацняць ціск на ўладу і выходзіць 25 сакавіка на акцыю ў цэнтры Менска. Як вы гэта пракаментуеце?

- Мікалай Статкевіч пасля свайго выхаду з турмы паказаў прыклад асабістай мужнасці. Ён паслядоўна арганізоўваў акцыі пратэсту менавіта ў цэнтры Менска. З ягоных слоў, «трэба трымаць плацдарм свабоды ў цэнтры сталіцы».

Нарэшце беларусы прачнуліся, выйшлі на вуліцы і патрэбна 25 сакавіка паказаць народную сілу. На вуліцы выйдуць дзясяткі тысяч чалавек. Важна, каб у Дзень Волі ў Менску была ўся Беларусь, а 26 сакавіка прайшлі б акцыі ў рэгіёнах. Мне здаецца, што 25 сакавіка зноў стане знакавым днём у гісторыі Беларусі, калі будзе пераадолены рубікон.

- Літаральна некалькі тыдняў таму прагучала прапанова аб правядзенні круглага стала паміж апазіцыяй і ўладай. Ці магчымы круглы стол з рэжымам?

- Гэта быў бы найлепшы варыянт. Цяпер беларускія ўлады, а таксама прыкормленыя журналісты і аналітыкі, дазваляюць сабе хамскія выказванні: нібыта месца апазіцыі не за сталом, а пад сталом. Вось і паглядзім, хто дзе апынецца праз пару месяцаў.

Сёння апазіцыя можа сябе адчуваць упэўнена, бо яе прагнозы аб развіцці сітуацыі ў краіне спраўджваюцца. Менавіта на заклік апазіцыі выйсці на вуліцы адгукнуўся народ.

Відавочна, што выхадам з крызісу, да якога краіну давяла некампетэнтная ўлада, павінен быць мірны шлях. Гэта павінен быць дыялог, магчыма, і круглы стол. У мяне такое ўражанне, што Лукашэнка і ўлады агулам неадэкватна ацэньваюць сітуацыю. Можа здарыцца так, што ніякі круглы стол не спатрэбіцца, а проста народныя масы змятуць гэты рэжым.

Калі рэжым будзе зацягваць гэты працэс, я не выключаю і такога развіцця падзей. Бракуе грошай на выплаты пенсій, людзей скарачаюць з працы. Апазіцыя зрабіла сваю прапанову. Калі ўлады будуць яго ігнараваць - наступствы могуць быць для яе сумнымі.

- Пасля турмы праз далейшы ціск вы былі вымушаныя пакінуць краіну. Пры якіх умовах вы гатовыя вярнуцца?

- Я вярнуся тады, калі гэта будзе найбольш карысна для агульнай справы. Цяпер вельмі многія рэчы можна рабіць толькі з-за мяжы. Я - камандны гулец і пастанова аб вяртанні ў Беларусь будзе прымацца нашай камандай агулам.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках