18 красавiка 2024, Чацвер, 15:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«За нашу і вашу свабоду!»

3
«За нашу і вашу свабоду!»

Забароненыя ў Беларусі «Дзецюкі» адыгралі моцны канцэрт у Польшчы.

У Беластоку 25 лютага адыграў сольны канцэрт гарадзенскага гурта «Дзецюкі», які апошнім часам мае праблемы з выступамі на радзіме, піша gs.by.

Гурт, які вельмі ўдала спалучае бадзёры панк-рок і беларускія фолк-матывы, вылучаецца на беларускай альтэрнатыўнай сцэне яшчэ і сваімі тэкстамі. «Дзецюкі» ў асноўным спяваюць пра падзеі з беларускай гісторыі, пра якія яшчэ ў савецкі час было прынята маўчаць. Тут вам і песня «Хлопцы-балахоўцы» пра герояў Слуцкага паўстання і «Мужыцкая праўда» пра касінераў Каліноўскага...

Многія песні гурта ў гэты вечар гучалі вельмі актуальна. Да прыкладу, тэма дэкрэта №3 была закранутая перад выкананнем «Песні гарадзенскага гастарбайтэра». А перад песняй «Тадэвуш Касцюшка» адзін з вакалістаў гурта, Аляксандр Дзянісаў, успомніў, што на наступны дзень польскія нацыяналісты ў Гайнаўцы маршыравалі ў гонар памяці камандзіра АК «Бурага», атрад якога спальваў беларускія вёскі на Падляшшы. Дзянісаў нагадаў, што гурт разглядае беларусаў і палякаў як братоў, і заспяваў песню пра агульных героя двух народаў з прыпевам «За нашу і вашу свабоду».

Аднак, мабыць, самым моцным момантам канцэрту было выкананне песні пра Курапаты, падчас якой шматлікія прысутныя ўсталі на калені, а перад песняй у прамове музыкі заклікалі падтрымліваць цяперашніх абаронцаў мемарыялу «Курапаты», хаця б маральна.

Пад канец канцэрту слухачы на танцпляцы разгарнулі вялізны бел-чырвона-белы сцяг, які пад гукі беларускай дуды са сцэны выглядаў вельмі прыгожа. Наогул у гэты вечар некалькі сотняў слухачоў, што прыехалі на канцэрт з Беларусі, вельмі горача падтрымлівалі «Дзецюкоў», слухачы спявалі разам з музыкамі, ладзілі слэм, уся зала была напоўненая бел-чырвона-белымі сцягамі, а слухачы скандавалі «Жыве Беларусь!». Але, як са сцэны заўважыў Аляксандр Дзянісаў, лепш скандаваць «Жыве Беларусь» не тут, у Польшчы, а ў Беларусі.

Пасля канцэрту адзін з вакалістаў «Дзецюкоў», Павал «Трабл», адказаў на некалькі пытанняў карэспандэнта.

- Як Вам сённяшні канцэрт, публіка?

- Выдатна! Я шчыра скажу - гэта адзін з нашых найлепшых канцэртаў паводле энергетыкі, паводле падтрымкі слухачоў ... Усё супер!

- Ёсць надзея, што слухачы неўзабаве пачуюць вас, напрыклад, у Менску ці ў Гародні?

- Гэта не ад нас залежыць. Але будзем рабіць усё, каб гэта ўсё адбылося як мага хутчэй.

- Якія ў гурта найбліжэйшыя творчыя планы?

- Будзем рабіць новы альбом і новую канцэртную праграму.

- Плануюцца зноў супольныя выступы з такімі беларускімі гуртамі, як «Крамбамбуля» і Brutto?

- Не ведаю, можа, будуць. Думаю, што штосьці будзе, калі зноў будуць прапановы. Мы ж адкрытыя да супрацоўніцтва.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках