16 красавiка 2024, aўторак, 8:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску, Гомелі і Лідзе створаць цэнтры для незаконных мігрантаў

15
У Віцебску, Гомелі і Лідзе створаць цэнтры для незаконных мігрантаў

Са слоў Шуневіча, цэнтры з'явяцца не раней за 2018 год.

У Беларусі цэнтры часовага ўтрымання незаконных мігрантаў будуць створаныя ў Віцебску, Гомелі і Лідзе. Пра гэта ў інтэрв'ю БелТА расказаў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. Паводле ягоных слоў, з'явяцца цэнтры не раней за 2018 год.

Займаецца пытаннямі стварэння цэнтраў спецыяльная працоўная група, якая складаецца з супрацоўнікаў МУС і беларускага прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі міграцыі (МАМ). Цэнтры з'явяцца ў нашай краіне не раней за 2018 год.

Управа наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС выбрала памяшканні для цэнтраў. Яны будуць створаныя на базе наяўнай інфраструктуры органаў унутраных спраў.

«Каб унікнуць пагалосак, яшчэ раз падкрэслю: цэнтры будуць прызначаныя выключна для ўтрымання замежнікаў, якія чакаюць дэпартацыі, а не для размяшчэння ўцекачоў», — адзначыў ён.

Са слоў кіраўніка МУС, міграцыйная сітуацыя ў краіне стабільная.

«За 2016 год за парушэнне заканадаўства з краіны выпраўлена 2 332 замежнікі. Спіс асоб, уезд якіх у Беларусь забаронены ці непажаданы, папоўніўся больш чым на 8 тысяч», — расказаў міністр.

Нагадаем, у студзені ў нямецкай газэце Tageszeitung з'явілася інфармацыя аб выдачы ЕЗ Беларусі 7 млн еўраў на будаўніцтва міграцыйных цэнтраў на 30-50 месцаў для трох катэгорый мігрантаў: уцекачы з Сірыі, Украіны і «асоб, якія з'язджаюць ад эканамічнага крызісу ў Расеі і шукаюць працу ў краінах ЕЗ», — у тым ліку і чачэнскія ўцекачы.

У МУС Беларусі запэўнілі, што гаворка ідзе толькі пра іншаземцаў — незаконных мігрантаў, затрыманых у нашай краіне, сірыйскія ды іншыя ўцекачы з Еўразвязу ў іх змяшчацца не будуць. Таксама на гэты год былі ўстаноўленыя квоты прыймання мігрантаў у Беларусі. У 2017 годзе ў Беларусі статус уцекача могуць атрымаць 800 чалавек. Гэта на 400 чалавек менш, чым у 2016 і 2015 гадах.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках