29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Непакорлівая ліцвінка

4
Непакорлівая ліцвінка
ХЭЛЕНА СКІРМУНТ (1827-1874), ДРУГІ АЎТАПАРТРЭТ ДАТАВАНЫ 1850 ГОДАМ

Сёлета адным з важных юбілеяў для Піншчыны з'яўляецца 190-годдзе Хэлены Скірмунт.

Упершыню пінскі музей праводзіць творчую выставу выбітнай мастачкі і скульптара, выводзячы імя паляшучкі з ценю гісторыі, піша сайт media-polesye.by.

Хэлена Скірмунт (1827-1874) - яскравая прадстаўніца вядомага палескага роду Скірмунтаў, якія карэнным чынам паўплывалі на эканамічнае, палітычнае і культурнае развіццё «краіны балот». Хэлена, пляменніца мастака Напалеона Орды, які ўвекавечыў у сваіх працах гісторыка-архітэктурныя асаблівасці вёсак, мястэчак і гарадоў легендарнай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Орда паўплываў на фармаванне Хэлены як мастачкі і захаваў для нашчадкаў шэраг яе работ.

КАЛОДНАЕ. КРЫЖ У ПАМЯЦЬ АБ ЗАГІНУЛЫХ ПАЎСТАНЦАХ УСТАЛЯВАНЫ Ў 2003 ГОДЗЕ НА ІНІЦЫЯТЫВУ ПІНСКІХ ЧАЛЬЦОЎ КАНСЕРВАТЫЎНА-ХРЫСЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ – БНФ «АДРАДЖЭННЕ». З АРХІВА ЯЎГЕНА ШАТОХІНА

Калоднае – паміж Пінскам і Столінам

Цяпер Калоднае - невялікая вёска, размешчаная на трасе Пінск-Столін, а ў часы Хэлены - яе асабісты маёнтак, якім валодала супольна з мужам Казімірам. Тут прайшло дзяцінства іх дачкі Канстанцыі, публіцысткі, гісторыка, аднаго з лідараў Краёвай партыі Літвы і Беларусі. Дарэчы, Казімір, як і жонка, таксама займаўся творчай дзейнасцю – знакаміты архітэктар Пінска. Будынак былой гімназіі, што на вуліцы Леніна, – гэта ягоная архітэктурная спадчына, якая ацалела да нашых дзён. Вядома, што выконваў будаўнічыя праекты на заказ князёў Друцка-Любецкіх і саміх Скірмунтаў.

КАЛОДНАЕ. ПАМІНАЛЬНАЯ МАЛІТВА КАЛЯ КРЫЖА, 25 САКАВІКА 2006 ГОДА. З АРХІВА ЯЎГЕНА ШАТОХІНА

Цікава, што Калоднае згадваецца з 1507 года, г. зн., сёлета вёска мае права адзначыць сваё 560-годдзе, але вось афіцыйная справаздача вядзецца з 1888 года. Чаму ж так? Менавіта ў канцы ХІХ стагоддзя скірмунтаўскі маёнтак пераўтварыўся ў паселішча, куды перабраліся дзясяткі сем'яў з цяперашняй Гарадзенскай вобласці.

За вашу і нашу свабоду

У студзені 1863 года разгарэлася другое нацыянальна-вызваленчае паўстанне народаў Рэчы Паспалітай за адраджэнне страчанай дзяржаўнасці падчас трох несправядлівых падзелаў (1772, 1793, 1795 гады) і страты свабоды. Паўстанцы мелі намер скінуць ланцугі расейскага царызму з паняволеных імперыяй палякаў, беларусаў і літоўцаў. У няроўнай барацьбе патрыёты пацярпелі паразу, але каласальна паўплывалі на самасвядомасць нацый і фармаванне наступных рухаў, якія выступаюць за незалежнасць Беларусі, Літвы і Польшчы ў ХХ стагоддзі.

ПІНСК. КРЫЖ, УСТАЛЯВАНЫ ПІНСКАЙ МОЛАДДЗЮ Ў ПАМЯЦЬ АБ ЗАГІНУЛЫХ СУАЙЧЫННІКАХ АД РУК РАСЕЙСКІХ ЖАЎНЕРАЎ У ВАРШАВЕ, 1861 ГОД. ПРАЦА ХЭЛЕНЫ СКІРМУНТ

Сярод тысяч неабыякавых да лёсавызначальных падзеяў выявіліся Хэлена і Казімір Скірмунты. У ліпеньскія дні 1863 года каля Калоднага адбыліся жорсткія баі паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. Праз палескія балоты на Валынь прабіраўся атрад Рамуальда Траўгута – генерал, адзін з апошніх кіраўнікоў паўстання, узначальваў Нацыянальны ўрад у Варшаве. Дабраўшыся да ракі Гарынь, Траўгут загадаў арганізаваць засаду для карнікаў, якія іх пераследавалі. Аперацыя прайшла паспяхова, але, разбіўшы адну групу царскіх жаўнераў, генерал не чакаў, што патрэбны яшчэ бой з дзвюма ротамі карнікаў.

ПАЛЕШУКІ І КАСЦЁЛ СВЯТОГА КАРЛА БАРАМЕУША. ПРАЦА ХЭЛЕНЫ СКІРМУНТ

Падчас другой бітвы ўжо пацярпелі паўстанцы. Яны былі вымушаныя адступіць у лес да Калоднага, дзе прынялі апошнюю бітву. 12 ліпеня 1863 года атрад Траўгута стрымліваў наступ непрыяцеля. Разумеючы, што сілы няроўныя, генерал загадаў сваім людзям разбіцца на дробныя групы і прабірацца да месца прызначэння. Паўстанцы растварыліся ў палескіх лясах. Праціўніку ўдалося схапіць частка параненых патрыётаў, але галоўнай мэты – арышту або ліквідацыі Траўгута - яны не дасягнулі. Генерал здолеў сысці ад пагоні і пераправіцца ў Варшаву для далейшай барацьбы.

Хэлена Скірмунт успамінала, што карнікі прывялі да парога яе дома палоннага паўстанца і распаролі яму ва ўсіх на вачах жывот. Доўга смяяліся і здзекаваліся з закатаванага цела забітага ворага. Саму Хэлену арыштавалі і адправілі на допыт у Пінск. Ёй інкрымінавалі ўдзел у паўстанні ў якасці сувязной, што мела месца. У прынцыпе Скірмунт не хавала сімпатый да паўстанцаў, як і да нацыянальна-вызваленчага руху. Яшчэ за два гады да драматычных падзей яна ўвекавечыла на палатне акцыю пінскай моладзі – ўстаноўку «дэманстрацыйнага крыжа» каля пінскага касцёла ў памяць аб пяці забітых падпольшчыках у Варшаве.

Пінская моладзь таксама праводзіла вечары памяці Тадэвуша Касцюшкі і Яхіма Лелявеля. Трэба разумець, што ўсе мерапрыемствы юныя пінчукі рабілі з дзёрзкасцю – адкрыта прагульвалі заняткі, арганізоўвалі акцыі публічна, не баючыся пакарання. Такой у тыя гады была грамадзянская салідарнасць.

Акрамя Хэлены, сваю пазіцыю не хаваў і яе муж. Казімір Скірмунт публічна адмовіўся ад прысягі на вернасць імператару Аляксандру ІІ. За гэтыя ўчынкі царскія ўлады саслалі сям'ю ў Сібір, затым у Крым, дзе агулам яны правялі блізу 8 гадоў. Таксама ў якасці пакарання ўлады канфіскавалі маёнтак у Калодным.

Спадчына і памяць

МАГІЛА ХЭЛЕНЫ СКІРМУНТ НА ПІНСКІХ МОГІЛКАХ, ПОБАЧ МАГІЛА МУЖА КАЗІМІРА

За час ссылкі здароўе Хэлены падарвалася, пасля вяртання дадому яе забіла хвароба, 1 лютага 1874 года на 47-м годзе мастачка памерла. Яе пахавалі на пінскіх могілках, што на вуліцы Спакойнай, магіла захавалася да нашых дзён. Побач пахаванне Казіміра, які перажыў жонку без малога на 20 гадоў. Тут жа ў 1933 годзе супакоіўся і іх дачка Канстанцыя.

Хэлена Скірмунт стварыла серыю гіпсавых скульптур на гістарычную тэму: заснавальнік і першы кіраўнік ВКЛ Міндоўг, князь ВКЛ Гедымін, шахматнае войска караля Рэчы Паспалітай Яна III Сабескага, медальёны з выявай гісторыкаў Лелявеля і Крашэўскага.

Не дзіўна, што Канстанцыя прадоўжыць гістарычную тэму маці, але ўжо як аўтарытэтная публіцыстка. Сярод работ мастачкі мноства вобразаў і скульптур для касцёлаў: так, у іванаўскім касцёле захавалася распяцце Ісуса. Не так даўно прафесар універсітэта ў Ольштыне (Польшча) Раман Юркоўскі ўстанавіў, што Хэлена незадоўга да паўстання 1863 года стварыла копію асабліва шанаванага каталікамі і праваслаўнымі Юравіцкага абраза Божай Маці.

У апошнія гады Хэлена Скірмунт вяла дзённік «З жыцця ліцвінкі», які пасля смерці апублікаваў яе паплечнік, мастацтвазнаўца Браніслаў Залескі. Многія працы ацалелі, дзякуючы дзядзьку Напалеону Ордзе, які займаўся выданнем каталогаў. Частка спадчыны захоўвалася ў прыватных калекцыях іншых сваякоў, а пасля працы знайшлі сваё месца ў музейных фондах.

Творчая выстава да 190-годдзя Хэлены Скірмунт будзе працаваць у музеі Беларускага Палесся з 3 лютага да 10 сакавіка.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках