28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дарогай Ільіча

135
Дарогай Ільіча

Прырода знаходзіць спосаб разлічыцца з дыктатарамі ў канцы іх кіравання.

Выключна журналісцкія абавязкі прымусілі мяне слухаць Лукашэнку ўсе 7 гадзін 20 хвілін. Псіхіка ў мяне моцная, усё абышлося, чаго, праўда, не скажаш пра дыктатара.

Яму вельмі дрэнна. Ён выдатна разумее, што гэта - канец. Яшчэ спрабаваў казырыцца, задзіраць сваіх крамлёўскіх гаспадароў, вучыць Трампа жыццю, выхваляўся, як першым папярэджваў пра «пагрозу» NATO (мала хто памятае, але на самай справе калісьці ён сказаў, што «па Белавежскай пушчы ўжо негры бегаюць», чым шакаваў увесь свет). Але скончыў адпаведна, паводле законаў жанру, распавёўшы, што адзеты ў «свае» трусы. Ну добра, хоць у свае, а не Качанавай, якая ценем маячыла побач.

Што яшчэ кінулася ў вочы — не было ранейшай ліслівасці ў прысутных. Дзяржаўныя прапагандысты, што беларускія, што расейскія, паводзілі сябе даволі задзірліва. Гэта было асабліва заўважна, калі параўноўваць з ранейшымі такімі мерапрыемствамі Лукашэнкі. Ніякіх падлашчванняў і дагаджанняў, ніякіх высакамоўных хлуслівых кампліментаў. Глядзелі на гора прамоўцу пагардліва, а ў вачах чыталася: «А цар то не сапраўдны!».

Некаторыя задаваліся пытаннем, чаму менавіта халуй Гігін спытаў у Лукашэнкі пра балючыя тэмы зніклых палітыкаў. Бо было відавочна, што дыктатар чакаў гэтага пытання і вельмі хацеў на яго адказаць. Мне здаецца, разгадка ў тым, што ён баіцца суда. Такога крымінальнага артыкула як «развал эканомікі» не існуе, але вось за забойствы і выкраданні апазіцыянераў адказваць давядзецца.

Не зусім зразумела, навошта Іосіф Сярэдзіч прасіў у Лукашэнкі пра аўдыенцыю, бо ўсё роўна той ужо нічога не вырашае.

Натхнёна на яго глядзелі толькі пара блазнаў — Раманчук і Марзалюк, якім за подласць і неахайнасць прыстойныя людзі даўно грэбуюць руку падаць. У іх то разгублены Лукашэнка і шукаў пастаянна падтрымкі, звяртаючыся да гэтых камічных персанажаў усю прэс-канферэнцыю.

Усе астатнія сядзелі, апусціўшы зласлівыя і стомленыя погляды, і страшна хацелі выйсці, хоць бы ў той жа туалет. Але лукашэнкаўская «размова па-вялікаму» не ўлічвала чыёйсьці патрэбы «па-маленькаму».

Паказальная рэакцыя «саюзнікаў» Лукашэнкі з Расеі, да якіх ён апеляваў усе сем гадзін. У расейскіх СМІ яго згадвалі мала, затое паказалі маразматычную спробу сатрапа ўспомніць, аб чым ён толькі што гаварыў, і прызнанне, што яго «ніхто не слухае». А потым проста абвясцілі, што ўводзяць новыя санкцыі на прадукцыю з Беларусі, скарачаюць да мінімуму пастаўкі нафты і правялі калькуляцыю мільярдных страт праз свайго васала.

Так што, з Лукашэнкам усё ясна. Важна толькі, што будзе заўтра. Вырашаць гэта нам. Перамены магчымыя: і «нізы» хочуць, і «вярхі», мяркуючы з ўчорашніх маркотных выразаў твараў чыноўнікаў, пярэчыць не будуць.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Напісаць каментар 135

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках