25 красавiка 2024, Чацвер, 18:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі пачаліся аблавы на рэзервістаў

187
У Беларусі пачаліся аблавы на рэзервістаў

Ваенкамы і міліцыя забіраюць рэзервістаў наўпрост з месцаў працы.

У Беларусі рэзервістаў пачалі забіраць на вайсковыя зборы. Тым, хто сутыкнуўся з прызывам у войска, кажуць, што на зборы бяруць рэзервістаў, якіх не выклікалі на іх апошнія некалькі гадоў, паведамляе «Радыё Свабода».

У Магілёве паведамляюць, што позвы ўручаюць прызыўніку пад ягоны роспіс на працоўным месцы. Задзейнічаныя пры гэтым не толькі супрацоўнікі ваенкаматаў, але і міліцыя.

Наведванне супрацоўнікамі ваенкаматаў месца працы прызыўнікоў тлумачыцца тым, што іх могуць не застаць дома альбо яны будуць шукаць прычыны, каб ухіліцца ад прызыву.

«Да нас на завод прыязджалі трое. Заблакавалі прахадную. На ёй заставаўся адзін супрацоўнік, а двое адразу прыйшлі ў аддзел кадраў, каб праверыць звесткі аб прызыўніках. Калі яны былі на месцы, то ім уручалі позву пад роспіс. На некаторых прадпрыемствах пасля ўручэння позвы адразу забіралі на зборы», - падзяліўся работнік аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў.

У «партызаны» бяруць не толькі жыхароў Магілёўскай вобласці, але і суседніх Менскай і Віцебскай.

Тым часам некаторыя раённыя газеты паведамілі пра «раптоўную праверку баявой гатоўнасці падраздзяленняў тэрытарыяльнай самаабароны». Як адзначаецца, у ваенкаматы паступіў сігнал аб «правядзенні мерапрыемстваў збору і падрыхтоўкі асабовага складу». На збор прыцягнулі вайскоўцаў запасу.

«На пункт прыёму асабістага складу, разгорнутага на базе адной з устаноў горада, папярэдне быў завезены вайсковы рыштунак, - напісала Клічаўскі раённая газета «Сцяг Саветаў». - Сюды рэзервісты прыбывалі асобнымі камандамі і па ўсёй форме экіпіраваліся. Затым для афіцэраў запасу правялі заняткі, на якіх яны павінны былі аднавіць і паглыбіць свае веды і навыкі для выканання задач, ускладзеных перад тэрытарыяльнай абаронай».

У публікацыі адзначаецца, што «менавіта тэрытарыяльная абарона закліканая надаць абароне дзяржавы ўсенародны характар».

«Тэзіс аб тым, што ў бітвах перамагае войска, а ў войнах - народы, набыў у Беларусі практычную рэалізацыю», - рэзюмуе газета Клічаўскага райвыканкама.

Як вынікае з публікацый раённых газет, райвыканкамы ў канцы мінулага года і ў пачатку гэтага выдалі пастановы аб арганізацыі мабільных структур для правядзення мабілізацыі людскіх і транспартных рэсурсаў і забеспячэння мабілізацыйных мерапрыемстваў. На нарадах адпрацоўваліся пытанні абвесткі вайскоўцаў і кіраўнікоў арганізацый - пастаўшчыкоў транспартных сродкаў, збору і арганізацыйнай адпраўкі на пункт прыёму асабістага саставу тэрытарыяльных войскаў раёнаў.

Паводле інфармацыі сайта Мінабароны, у воінскія часткі сапраўды заклікаюць «партызан» для праверкі баявой гатоўнасці.

Усяго 400 абавязаных будуць прызваныя цягам некалькіх дзён у дзве воінскія часткі - у 231 артылерыйскую брыгаду і адну з механізаваных брыгад, якія камплектуюцца прызыўнікамі Менску, а таксама Менскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей.

Заклік праводзіцца ў рамках комплекснай праверкі баяздольнасці Узброеных сіл Беларусі, ён пачаўся 1 лютага, але на колькі дзён запланаваныя зборы «партызан», вайскоўцы не паведамляюць. Мэта вайсковых мерапрыемстваў, згодна з сайтам Мінабароны - «падрыхтоўка да выканання задач паводле прызначэння».

Напісаць каментар 187

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках