16 красавiка 2024, aўторак, 23:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці ёсць сэнс атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Беларусі?

21
Ці ёсць сэнс атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Беларусі?

Тры гісторыі выпускнікоў беларускіх ВНУ.

У сярэднім на атрыманне вышэйшай адукацыі ў будучага спецыяліста сыходзіць 5 гадоў. Гэтыя гады інтэнсіўнай інтэлектуальнай працы складаюць даволі вялікі адсотак ад сярэдняй даўжыні жыцця (70,3 года – крыніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны РБ).

Так, наяўнасць дыплома ў грамадскай свядомасці да гэтага часу асацыюецца з прэстыжам, вялікімі кар'ернымі магчымасцямі, высокай заработнай платай. Але! Ці адпавядаюць гэтыя ўяўленні рэальнай карціне беларускага рынку працы? У гэтым пытанні разбіраецца выданне «Віцебскі кур'ер».

Рэальнасць такая, што нават наяўнасці дыплома і адпаведных яму прафесійных ведаў і навыкаў часцяком бывае недастаткова маладому беларускаму спецыялісту для паспяховага працаўладкавання ў спецыяльнасці. Пад паспяховасцю будзем разумець прымальны ўзровень аплаты адносна кампетэнцыі супрацоўніка і колькасці працоўных гадзінаў паводле графіка.

Сёння ВНУ нашай краіны ператварыліся ў канвеер вытворчасці дыпламаваных «мёртвых душаў». Цяжка з упэўненасцю сказаць, з чым менавіта звязаная такая сітуацыя: ці то цяперашнія маладыя людзі пагалоўна памыляюцца ў выбары сваёй справы; ці то ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў у нашых ВНУ не адпавядае патрэбам беларускіх працадаўцаў; ці то памер заробкаў на пачатковых кар'ерных пазіцыях пакідае жадаць лепшага, ці то... ці то... Што ж з гэтай нагоды думаюць людзі, якія ў свой час паклалі дыплом пыліцца на паліцу?

Гісторыя Аксаны, 23 гады, адукацыя вышэйшая, юрыст, майстар манікюру і педыкюру:

– Тэма ў сваёй сутнасці вельмі далікатная! Існуе некалькі прычынаў: магчымасць большага заробку, цікавасць да іншай працы, немагчымасць уладкавацца паводле спецыяльнасці. У 2015 годзе я скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Машэрава, юрыдычны факультэт, пасля гэтага працавала загадчыцай архіва ў судзе, але цяпер працую майстрам манікюру і педыкюру.

У першую чаргу ўсіх цікавіць заробак, потым людзі глядзяць, ці магчымы ён пры працы паводле спецыяльнасці. Калі не, калі іх нешта не задавальняе, то шукаюць іншую працу.

Чаму я пайшла працаваць менавіта майстрам манікюру? Таму што праца творчая, мне падабаецца мець зносіны з людзьмі, кожны з іх прыносіць вялікую плынь інфармацыі. Праца крэатыўная. Я дапытлівы чалавек, мне неабходны пастаянны рух, заўсёды хочацца спазнаваць нешта новае, і я не баюся гэтага. У далейшым я ўсё ж хачу пайсці паводле спецыяльнасці і неяк развівацца, адстойваць сваё меркаванне, шукаць выхады з сітуацый – гэта маё, у мяне ў галаве адразу ўтвараецца сетка, планы дзеянняў і далейшыя шляхі. Няма такога, што я адвучылася і расчаравалася. Калі будзе годная прапанова працы ў прафесіі, я, вядома, пайду.

Гісторыя Арцёма, 33 гады, адукацыя вышэйшая, ветэрынар, прадпрымальнік:

– У нас у краіне не такі ўжо вялікі выбар ВНУ, многія бацькі баяцца адпускаць учорашніх школьнікаў за мяжу, ды і не кожная сям'я можа сабе гэта дазволіць. Маладыя людзі ідуць у тыя ўстановы, якія ім даступныя, атрымліваць вышэйшую «для галачкі», для таго, каб дагадзіць бацькам, для таго, каб мець павагу ў грамадстве, але зусім не для таго, каб атрымаць прафесію, якая стане справай іхняга жыцця.

Я сам скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. На апошніх курсах я ўжо разумеў, што гэта не маё пакліканне, а вось усведамленне таго, што я хачу добра зарабляць, прыйшло да мяне яшчэ ў падлеткавым узросце. Таму звязваць сваё жыццё з лекаваннем жывёлаў я не стаў, нейкі час працаваў лабарантам у школе, але зусім нядоўга, а пасля – адразу пайшоў у гандаль. На гэтай ніве я пачынаў у якасці прадаўца, а цяпер у мяне свой бізнэс.

Я не шкадую, што скончыў ВНУ, вучоба там – найлепшы час за ўсю маю маладосць, але мяркую, што для працы ветлекарам трэба пакліканне. Пасля акадэміі я сутыкаўся з ветэрынарыяй толькі ў выпадку, калі ў сяброў хварэлі жывёлы. Можна было б паспрабаваць зарабіць грошай, адкрыўшы прыватную клініку, але гэта вельмі доўга і складана, ды і прыбыткі ў маёй сям'і на той момант былі не тыя. А жыць жа заўсёды хочацца цяпер, разумееце? Цяпер, а не заўтра.

Гісторыя Яўгеніі, 34 гады, адукацыя вышэйшая, педагог чарчэння і выяўленчае мастацтва, мастак у камені:

– Я скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Машэрава, мастацка-графічнае аддзяленне. Паводле спецыяльнасці педагог. Я паспрабавала працаваць у мастацкай школе выкладчыцай скульптуры, але, калі атрымала свой першы разліковы аркуш, у мяне апусціліся рукі. Я, вядома, засталася б у школе, калі б не мізэрны заробак: на самай справе я вельмі люблю дзяцей і мне падабаецца з імі працаваць, нягледзячы нават на тое, што гэта патрабуе поўнай самааддачы. Аднойчы я ўбачыла аб'яву, што на прадпрыемства патрабуецца мастак у камені, адгукнулася. Прадпрыемствам апынулася бюро рытуальных паслуг. Я раблю на камені партрэты памерлых людзей з фатаграфій. Таксама па-свойму цяжка было першыя часы, але ўжо не з матэрыяльнага гледзішча, а з маральнага: нязвыкла было маляваць чалавека, усведамляючы, што яго ўжо няма сярод жывых, ды і са сваякамі даводзілася мець зносіны, трэба было выказваць спачуванне, разуменне. Гэта таксама высільвае.

Цяпер я адчуваю, што настаў час нешта мяняць, і, магчыма, варта знайсці іншую працу, але гэта будзе дакладна не школа. Недастаткова той аплаты працы, якую прапаноўваюць педагогам сёння ў школах, дзіцячых садках. Гэтая праца адымае фактычна ўвесь вольны час, не пакідаючы магчымасці мець нават нейкія захапленні, якія для мяне, дарэчы, таксама вельмі важныя. А заробленых у школе грошай ледзь хапае на ежу і праезд. Ну і ці далёка мы, у такім выпадку, адышлі ад рабаўладальніцкага ладу?

І гэта невыпадковыя галасы з натоўпу. У Віцебскім цэнтры занятасці пацвярджаюць існаванне тэндэнцыі.

Кіраўнік аддзела спрыяння працаўладкаванню Святлана Каралёва каментуе:

– Дакладных статыстычных звестак у мяне няма, але я магу вам сказаць, што блізу 20–30% беспрацоўных, зарэгістраваных у нас ва ўстанове, маюць вышэйшую адукацыю. Камусьці шанцуе знайсці профільную вакансію, камусьці – не. Сітуацыі бываюць розныя. Многім трэба плаціць крэдыты. Ідзе вельмі вялікая плынь людзей з дыпломамі, якія згодныя на абсалютна любую працу, нават прыбіральнікамі.

У адным з віцебскіх кадравых агенцтваў сітуацыя падобная. Гэтая арганізацыя дае працу толькі за межамі краіны і толькі ў працоўных спецыяльнасцях: грузчыкі, упакоўшчыкі, будаўнікі і г. д. Як высветлілася, гэта зусім не рэдкі выпадак, калі людзі з дыпломамі едуць за мяжу (часцей за ўсё ў Расею) разгружаць мяшкі на будоўлях.

Вядома, дрэнных ці ганебных працаў не бывае, праца ёсць праца, але ці варта дзеля такіх перспектываў 5 гадоў сядзець над падручнікамі?

Зразумела, кожны патэнцыйны абітурыент павінен сам для сябе развязаць гэтае пытанне, не летуценячы і не зачароўваючыся дыпломам (гэта ж не чароўны квіток у шчаслівае і нябеднае жыццё), але і не адмаўляючыся ад мары, калі на шляху да яе абавязковым пунктам значыцца навучанне ў ВНУ.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках