20 красавiка 2024, Субота, 19:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Лукашэнка не ўтрымаецца ў крэсле нават да канца гэтага года

65
Зміцер Бандарэнка: Лукашэнка не ўтрымаецца ў крэсле нават да канца гэтага года
Зміцер Бандарэнка

На акцыі пратэсту, якія праходзяць ва ўсёй Беларусі, выходзіць былы электарат Лукашэнкі.

Пра гэта заявіў у каментары выданню "Гордан" каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Зміцер Бандарэнка.

"Цяпер з'явілася непацверджаная інфармацыя аб магчымым увядзенні надзвычайнага становішча ў Беларусі. Я думаю, звычайнымі метадамі, і нават увёўшы надзвычайнае становішча, загнаць беларусаў у стойла Лукашэнка ўжо не зможа. Сёняшнія падзеі цалкам можна параўнаць з падзеямі ў часы перабудовы. Прычым у многіх невялікіх гарадах, дзе праходзілі пратэсты, такога не было нават у 80-90-х гадах", - адзначыў Бандарэнка.

На ягоную думку, Лукашэнка паспрабуе збіць хвалю незадаволенасці ў Беларусі.

"Натуральна, прычынай правядзення мітынгаў стаў дэкрэт №3 аб так званых дармаедах. Але вельмі хутка гэта ўсё перарасло ў праяву нянавісці да Лукашэнкі. Людзі даведзеныя да галечы, а маштабы беспрацоўя ў невялікіх гарадах проста зашкальваюць. Апроч Менска, у краіне паўсюды дэпрэсіўныя рэгіёны. Лукашэнка не ў стане ліквідаваць праблемы людзей. Ён паспрабуе збіць хвалю незадаволенасці, але наўрад ці гэта ў яго атрымаецца. Мой прагноз: цягам года ў Беларусі будзе новая ўлада. Думаю, Лукашэнка будзе зняты з пасады ў выніку народных пратэстаў", - падкрэсліў апазіцыянер.

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што вялікім аўтарытэтам сярод насельніцтва карыстаецца апазіцыянер Мікалай Статкевіч.

"Ёсць у Беларусі свой апазіцыйны лідар - гэта падпалкоўнік запасу, кіраўнік сацыял-дэмакратычнай партыі Мікалай Статкевіч. Ён адседзеў у турме восем гадоў за арганізацыю акцый пратэсту. Апошні тэрмін у яго быў пяць гадоў. Гэта асабісты вораг Лукашэнкі. Ягонае імя нават забаранялі згадваць на тэлевізіі. Але цяпер Статкевіч бярэ на сябе адказнасць за арганізацыю акцыі пратэсту 25 сакавіка. У гэты дзень была абвешчаная наша незалежнасць. Сёлета так атрымалася, што ён супадае з маршамі абураных беларусаў, якія праходзяць ва ўсёй краіне. У Статкевіча вельмі вялікі аўтарытэт. Ён смелы лідар, які давёў, што гатовы да выпрабаванняў і можа пайсці на рызыку", - заявіў Бандарэнка.

Ён мяркуе, што Лукашэнка не зможа захаваць уладу ў краіне.

"Сёння беларусы шукаюць такога лідара як Статкевіч, гатовага павесці іх за сабой. Людзі даведзены да адчаю. І цяпер на вуліцы выходзіць як раз былы электарат Лукашэнкі. Яны праклінаюць дзень, калі галасавалі за яго. Таму, мне здаецца, Лукашэнка не ўтрымаецца ў прэзідэнцкім крэсле нават да канца гэтага года. Тое, што ў яго сур'ёзная падтрымка насельніцтва, гэта міф, які ходзіць ва Украіне і Расеі. Проста паглядзіце на твары людзей у рэгіёнах і вы ўсё зразумееце. Лукашэнка - вораг кожнай беларускай сям'і. Такая рэальнасць. Ён даўно фальсіфікуе вынікі выбараў, падтрымкі ў яго няма", - рэзюмаваў апазіцыянер.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках