29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Крама» паўторыць юбілейны канцэрт у Менску

«Крама» паўторыць юбілейны канцэрт у Менску
Фото: charter97.org

Легендарны гурт дасць вясновы канцэрт у бровары «Сябры» 26 сакавіка.

Са слоў лідара гурта Ігара Варашкевіча, гэта першы канцэрт у такім фармаце, але гурт плануе і надалей збіраць сяброў і прыхільнікаў творчасці ранняй вясной, паведамляе tut.by.

У аматараў сапраўднага класічнага року і беларускай музыкі, хто з нейкіх прычын не змог павіншаваць «Краму» з 25-годдзем у Prime Hall, ёсць магчымасць праслухаць юбілейную праграму 26 сакавіка.

Варашкевіч распавёў, што юбілейны канцэрт у Prime Hall планавалася здымаць на відэа. Але падчас канцэрту здарылася катастрофа — завіс лічбавы гукавы пульт, і гук быў запісаны з хібамі.

«Сутнасць не ў тым, хто быў вінаваты ў той сітуацыі, а ў тым, што ўжо нічога нельга зрабіць. Было шмат ідэй, напрыклад, зайграць гэты канцэрт у студыі. Мы ад яе адмовіліся, бо гэта будзе не сумленна. Таксама была ідэя зайграць гэты ж канцэрт у пустым Prime Hall, але, вядома, энэргетыка будзе зусім не тая, і мы таксама ад гэтага адмовіліся», — распавёў Ігар Варашкевіч.

Перабраўшы мноства ідэй, гурт надумаў паўтарыць юбілейную праграму на вясновым канцэрце ў надзеі, што гэтым разам з гукам будзе ўсё добра. Атрыманы гук будзе змантажаваны з відэа, знятым у лістападзе 2016-года.

«Канцэрты бываюць розныя, але гэта быў адзін з тых рэдкіх канцэртаў, калі ты проста купаешся ў гуку, выходзіш — з першай песні ў цябе кантакт з залай, і свята доўжыцца дзве гадзіны. Таму страчваць яго нельга, і мы надумалі пайсці на такі кампраміс. Усё будзе сумленна. Проста гук будзе з іншай пляцоўкі», — падзяліўся Варашкевіч.

Адзінае адрозненне — на вясновым канцэрце не будзе запрошаных гасцей для выступу з «Крамай» на адной пляцоўцы, як гэта было ў Prime Hall.

«Гэта фізічна немагчыма. Мы, уласна кажучы, і ўвесь канцэрт не зможам паўтарыць, бо ёсць песні, сыграныя ад пачатку і да канца, як на дыску, пад метраном, а ёсць песні, якія маюць свой канцэртны варыянт: „Гэй, налівай“, напрыклад, „Што дапаможа нам“, дзе з залай ёсць пэўныя пераклічкі, там, дзе мы спяваем разам. На кожным канцэрце гэта адбываецца па-рознаму, і паўтарыць гэта немагчыма, тут законы матэматыкі не дзейнічаюць», — падзяліўся лідар «Крамы».

Калектыў спадзяецца, што дзякуючы «вясноваму канцэрту» ўдасца выратаваць хаця б 70% ад юбілейнага. Варашкевіч таксама адзначыў, што, магчыма, з часам у вясновых канцэртаў з'явіцца свая асаблівая тэматыка.

Купіць квіткі можна тут.

Квіткі ад 20 да 30 руб.

Інфалінія: 44-5-517-706, 29-8-517-706.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках