Сёння ў Менску пройдзе «Марш недармаедаў»
51- 15.03.2017, 10:34
- 44,820
15 сакавіка ў Менску пройдзе «Марш недармаедаў».
Заяўнікі акцыі на прэс-канферэнцыі абвясцілі, што акцыя пройдзе па зацверджанаму ўладамі сцэнару: збор а 17.30 ля Акадэміі навук, затым адбудзецца шэсце ў бок плошчы Бангалор.
«Вуліца Сурганава - гэта таксама наш горад. 15 сакавіка пройдзем па ёй. Але ніхто не ідзе на плошчу Бангалор, там мітынгу не будзе. Мы мяркуем, што фінальным пунктам шэсця стане пляцоўка каля mcdonald's, дзе мы абвесцім, што наступная акцыя адбудзецца 25 сакавіка і будзе мець агульнанацыянальны характар», - патлумачыў «Радыё Свабода» адзін з заяўнікаў акцыі, прадстаўнік БХД Дзяніс Садоўскі.
Ён адзначыў, што падчас збору ля Акадэміі навук будзе прынятая рэзалюцыя, але вялікай колькасці выступаў не будзе - там мітынг не дазволены. Па ўхваленай гарадскімі ўладамі заяўцы, шэсце павінна адбыцца з 18.00 да 20.00.
«Мы падкрэсліваем, што правядзем акцыю ў дазволеным фармаце. Акцыя дазволеная, узгодненая з уладамі, маршрут дасць магчымасць вялікай колькасці людзей без боязі паўдзельнічаць у ёй», - сказаў адзін з заяўнікаў акцыі Дзяніс Садоўскі.
Усяго ў аргкамітэт кампаніі «Мы не дармаеды» уваходзяць 9 структур, сярод якіх АГП, БХД, рух «За свабоду», Беларуская партыя «Зялёныя», БСДП (Г) і іншыя.