Казахскі блогер пра Менск: Вісяць плакаты «Паспрабуй шчасця ў Шангры-Ла!» і «Развівай свінагадоўлю!»
11- 15.03.2017, 11:07
- 25,270
У беларускай сталіцы дагэтуль шмат «саўка».
Вядомы ў Казахстане блогер і журналіст Ержан Рашаў прыехаў у Менск, каб зрабіць інтэрв’ю з намеснікам дырэктара ПВТ Аляксандрам Марцінкевічам. Убачаным ён падзяліўся ў сваім Фэйсбуку, піша gazetaby.com.
Прапануем некаторыя вытрымкі з яго запісаў.
«Еўрапейскі горад, хоць у ім усё ж вельмі шмат саўка»
«Менск адначасова падобны на Алмагуль, Бэрлін і ўсходнееўрапейскі Лас-Вегас. Гэта, на вялікі рахунку, ужо еўрапейскі горад, хоць у ім усё ж вельмі шмат саўка. У аэрапорце вісяць зусім дзіўныя плакаты з рэкламай. «Гэтая ноч будзе незабыўнай!» (рэклама казіно), «Паспрабуй шчасця ў Шангры-Ла!» (таксама рэклама казіно) і «Развівай свінагадоўлю!». Нават не ведаеш з ходу, што і выбраць».
«У дарозе з таксістам размовы пра тое, што Расея ўсіх дастала»
«Ускраіны падобныя да мікрараёнаў Алматы – як па знешнім выглядзе, так і па ўзроўні жыцця, – і часам нават з'яўляецца адчуванне, што ты дома. У дарозе з таксістам размовы пра тое, што Расея ўсіх дастала. «Не Беларусія, а Беларусь!», «У нас маленькая, але гордая дзяржава» і. г. д. карацей, усё як у нас».
«Паветра цяжкае. Але гэта нейкім чынам звязана з рэжымам»
«Праграмісты адчуваюць сябе тут лепш за ўсіх»
«Батанікі-праграмісты ў Беларусі – гэта сярэдні клас краіны. Яны зарабляюць па некалькі тысяч даляраў у месяц, у іх кватэры, у іх машыны, і дзяўчынкі ў начных клубах ліпнуць толькі да іх. Карацей кажучы, праграмісты адчуваюць сябе тут лепш за ўсіх. Гэта вялікая рэдкасць на карце постсавецкіх рэспублік. Анклаў. Рэзервацыя. Пладаносны батанічны сад пасярод радыёактыўнай пустэльні. Эпоха Адраджэння пасярод ваяўнічага Сярэднявечча».
«Тут больш перспектыўна. Хоць тут нібыта дыктатура і савок»
«Я ў тузе ад таго, што я ўбачыў у Беларусі і чаго няма ў маёй краіне. Мяне хвалюе, што маленькае 9-мільённая дзяржава, у якой няма ні нафты, ні газу, ні золата, ні выхаду да мора, вядомая толькі вытворчасцю трактароў і якой кіруе былы старшыня калгаса, за нейкі неймаверна кароткі прамежак часу ў 10 гадоў змагла нарадзіць пяць шматмільярдных IT-кампаній: EPAM, Playtica, Viber, World of Tanks і MSQRD. А ў маёй краіне не з'явілася ніводнай.
Я зажурыўся, што ў адным офісе Wargaming працуе больш людзей, чым у "Казмунайгазе", і толькі ў Казахстане ў іх паўтара мільёна зарэгістраваных карыстальнікаў. Што ў гэтым цудоўным офісе, якіх у нас не было і няма, працуюць тысячы захопленых матэматыкаў і інжынераў, што вераць у навуку, а не ў рэлігію і не ў прэзідэнта. Што гэтыя людзі, як і мы, таксама выйшлі з СССР, але пры гэтым падбіраюць за сабой смецце і кідаюць яго асобна ў чатыры кантэйнеры. Я прыгнечаны і гэтым таксама.
Мяне хвалюе колькасць казахстанскіх праграмістаў, якія з'ехалі з маёй краіны і прыехалі сюды распрацоўваць свае стартапы, таму што тут больш перспектыўна. Хоць тут нібыта і дыктатура і савок. Вось гэта мяне засмучае ўжо зусім».
«Палюбуешся гэтай прыгажосцю, супакоішся – і ў лазню»
«Навіны Казахстана лепш за ўсё чытаць, вядома, за мяжой. На Менскім моры, напрыклад. Адкрыеш Facebook – патрульная машына ў Алматы збіла дзіця, у Семее застрэлілі 28-гадовага хлопца, кызылардзінец шчасліва жыве ў шлюбе з дзвюма жанчынамі ў адной кватэры, праз знойдзенае на сметніку немаўля прапанавалі стварыць Міністэрства спраў жанчын і сям'і. У краіне поўны гамон. Наш народ закідваюць негатывам – нязграбна і бязлітасна.
А потым выходзіш на вуліцу – а там нічога, толькі плыве самотны белы лебедзь па ціхай роўнядзі вады. З-пад нізкіх паўночных аблокаў выглядае вясновае сонейка. Акіян кіслароду. Марынаваная бараніна на агні і вясковы салёны тварог з часнаком і кропам. Свет вакол, нягледзячы на ўсялякія крызісы, усміхаецца, спакойна працуе, любіць. Палюбуешся гэтай прыгажосцю, супакоішся – і ў лазню. Не хачу ведаць ні пра забойства, ні пра аварыі, ні пра новыя міністэрствы. Хачу, каб усё гэта ўжо скончылася і перазагрузілася, і наша жыццё пайшло ўжо ў звычайным, без вар'яцтваў і скрыўленняў, фармаце».