Беларускія студэнты патрабуюць свабоды
3- 15.03.2017, 12:41
- 20,252
Улады павінны лічыцца з правамі студэнтаў.
Балонскія каштоўнасці ў нашай краіне не спяшаюцца рэалізавацца, а ўсё, што зроблена ў рэфармаванні сістэмы адукацыі - паступова ператвараецца ў анахранізм, піша eurobelarus.info.
На днях у Менску прайшла канферэнцыя, прысвечаная акадэмічным каштоўнасцям і перспектывам рэфармавання вышэйшай адукацыі ў Беларусі. Экспэрты ў сферы адукацыі, выкладчыкі, праваабаронцы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, актывісты студэнцкага самакіравання, а таксама калегі з Украіны абмеркавалі рэалізацыю Дарожнай карты, акадэмічныя свабоды, правы студэнтаў і іншыя актуальныя пытанні.
Цяпер мы — краіна-аўтсайдар
Як адзначыла кіраўніца інфармацыйна-практычнай установы «Студэнцкая фабрыка думкі» Крысціна Мурашава, калі ў беларускіх студэнтаў і пытаюцца іх меркаванне, яно не ўлічваецца пры развязанні праблем.
Якім чынам студэнцтва можа данесці сваю думку? Адзін з варыянтаў - праз стварэнне студэнцкіх аб'яднанняў. Але і з гэтым у Беларусі не ўсё так проста. Юрыстка, дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка звярнула ўвагу, што аб'яднанні ствараюцца, перш за ўсё, каб культываваць каштоўнасці. Адно з патрабаванняў Дарожнай карты - рэфармаванне вышэйшай адукацыі. Беларусь павінна забяспечыць умовы для стварэння і рэгістрацыі аб'яднанняў студэнтаў і выкладчыкаў. Дзяржава да сярэдзіны 2017 года павінна прыняць заканадаўчыя меры ў гэтым кірунку і праз год рэалізаваць іх.
«Калі мы паглядзім планы законапраектнай дзейнасці на 2017 год, на жаль, нічога пра свабоду асацыяцый там няма», - распавяла Вольга Смалянка.
З ейных слоў, цяпер у Беларусі дзейнічае вельмі дрэннае заканадаўства аб грамадскіх аб'яднаннях. Яшчэ ў 1990-х гадах у гэтым плане наша краіна была дастаткова прагрэсіўнай, але цяпер мы - краіна-аўтсайдар.
«У Беларусі існуе крымінальная адказнасць за дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі. Мы - адзіная краіна ў Еўропе, нават у Туркменістане за гэта толькі адміністрацыйная адказнасць», - падкрэслівае юрыст.
Цяпер у нас дзейнічае 2700 зарэгістраваных арганізацый, у той час як у блізкай па колькасці насельніцтва Чэхіі - больш за 40 000.
Між тым, зарэгістраваць грамадскае аб'яднанне не так ужо і лёгка. «За 20 гадоў я так і не навучылася падрыхтоўваць дакументы для рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў, вельмі шмат з іх атрымліваюць адмовы. Наша заканадаўства дазваляе адмовіць у рэгістрацыі любому грамадскаму аб'яднанню, як бы добра не былі падрыхтаваныя паперы», - распавяла юрыстка.
Вольга Смалянка дадае, што з 2001 г. суд ні разу не ўстаў на бок заяўніка, пастановы заўсёды выносяцца на карысць рэгіструючага органа. Праваабаронца прывяла прыклад, калі для рэгістрацыі аб'яднанняў некалькі разоў перапісвалі статут БРСМ.
«Мы гаворым аб акадэмічных свабодах, у той час для таго, каб стварыць студэнцкую арганізацыю трэба ліст падтрымкі ад ВНУ», - дадала выступоўца.
Украінскі досвед
Украіна далучылася да Балонскага працэсу яшчэ ў 2005 годзе. Са слоў украінскага філосафа, культуролага і экспэрта ў сферы ўніверсітэцкай адукацыі Сяргея Курбатава, Украіна сутыкнулася з супярэчлівасцю паміж цэнтралізаванай сістэмай кіравання вышэйшай адукацыяй і акадэмічнай свабодай і фармаваннем грамадзянскай супольнасці ў акадэмічным асяроддзі. Другая праблема - імплементацыя Балонскага працэсу ў нашых суседзяў звязаная з падменай тэрміналогіі, калі прыгожымі словамі называюць абсалютна неадэкватныя практыкі, што прыводзіць да карупцыі сістэмы адукацыі. І трэцяя праблема - калі пэўныя практыкі, без ацэнкі іх станоўчага ўздзеяння, на ўзроўні лозунгаў аб'яўляюцца мэйнстрымам.
«Балонскі працэс не павінен быць мэтай, а толькі сродкам», - перайначыў Курбатаў Сяргей вядомую этычную максіму.
Дарожная карта: працяг будзе?
«Мы не павінны бачыць у Балонскім працэсе панацэю, - кажа сябра Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў. - Нават калі дастаткова ідэалізавана падыходзіць да таго, што зроблена, немагчыма не прызнаць, што сёння гэта ўжо фактычна анахранізм».
Экспэрт уважае, што беларуская сістэма вышэйшай адукацыі мае патрэбу ў рэформах іншага парадку. Але гэта не значыць, што Беларусі, якая «засела ў самым пачатку ХХ стагоддзя», Балонскі працэс не патрэбны.
«У адрозненне ад многіх іншых краін, для нас ён дэталёва адлюстраваны ў Дарожнай карце. Тыя праблемы, якія мы яшчэ ў 2011 годзе пазначылі як ключавыя, адлюстраваныя ў ёй. На жаль, мы бачым, што сёння рух на шляху імплементацыі Дарожнай карты вельмі павольны. Але я б не стаў казаць, што ў нас наогул няма ніякага прагрэсу. Ён уяўляе сабой драматычны працэс процідзеяння груп улады», - заявіў Уладзімір.
Праўда, тэрмін імплементацыі Дарожнай карты завяршаецца ў траўні 2018 года. Фактычна, у гэтым годзе ў верасні ўжо пачнецца падрыхтоўка справаздачы, таму вялікага прагрэсу экспэрты не чакаюць.