Якубовіч папрасіў прабачэння перад актывістам «Еўрапейскай Беларусі»
37- 15.03.2017, 14:52
- 18,337
ФОТА: «Наша Ніва»
Галоўны рэдактар газеты адміністрацыі Лукашэнкі «Савецкая Беларусь» Павел Якубовіч запрасіў на сустрэчу актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова.
Леанід Кулакоў не першы месяц спрабуе абскардзіць адміністрацыйную пастанову за арышт на 3 дні ў дзень «парламенцкіх выбараў» - 11 верасня 2016 года. Леанід быў адным з назіральнікаў ад кампаніі «Права выбару» ў 108 Каліноўскай выбарчай акрузе.
Пасля закрыцця выбарчага ўчастка Кулакоў сеў на лаўку перакусіць, аднак хутка да яго падбегла міліцыя, затрымалі, правяралі на ўжыванне алкаголю, але ўсё паказвала па нулях. Аднак, гэта не перашкодзіла на сайце ГУУС размясціць матэрыял, што ў крыві Кулакова было 1 праміле алкаголю, піша nn.by.
У хуткім часе ў «СБ» выйшла публікацыя «Кепская гісторыя», дзе пераказваецца гісторыя з алкаголем. Судзілі ж Кулакова паводле артыкула 23.4 «Супраціў міліцыі», а не за распіццё алкаголю.
«Павел Якубовіч прызнаў, што публікацыя на сайце ГУУС была фальсіфікацыяй. Спачатку яны пісалі пра 1 праміле, потым паправілі на 0,5. Але ж я быў зусім цвярозы! Пагадзіўся, што браць інфармацыю без пераправеркі небяспечна. Была абвешчаная вымова журналісту, што пісаў гэтую нататку», - распавёў Леанід Кулакоў.
Павел Якубовіч папрасіў прабачэнні за гэтую публікацыю, а таксама паабяцаў размясціць пісьмовае зняпраўджванне. «Я папрасіў невялікую матэрыяльную кампенсацыю - падпіску на год на «Народную волю». На што рэдактар прапанаваў мне напісаць ліст у рэдакцыю аб сітуацыі, а на ганарар зрабіць, што захачу».
Агулам сустрэча Леаніда Кулакова і Паўла Якубовіча доўжылася блізу 3 гадзін. Вельмі шмат размаўлялі пра Курапаты. «Рэдактар «СБ» прызнае, што гэта месца рэпрэсій. І кожны павінен скінуцца грашыма на памятны знак у гэтым месцы», - распавёў Кулакоў.