Актывістка з Бабруйска: Людзі, не бойцеся ўлад!
9- 15.03.2017, 15:45
- 22,014
Галасы, якія гучалі на мітынгах - гэта і ёсць наша зброя.
У Бабруйску прайшоў чарговы суд у справе старшыні мясцовага аддзялення прафзвязу РЭП Галіны Смірновай, паведамляе «Радыё Рацыя». Учора ў судовым разглядзе быў абвешчаны перапынак, бо яна падала скаргу на супрацьпраўныя дзеянні падпалкоўніка Рудзько, які праводзіў допыт. Яе абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу і яго арганізацыі. Галіна Смірнова заклікала людзей не баяцца выказваць і бараніць сваё меркаванне публічна падчас мірных акцый:
- Я проста прашу і заклікаю людзей: той настрой, які ў вас ёсць, мяне акрыляе. Я прашу не падаць духам. Я ведаю, што ў Беларусі сёння арыштаваных сотня чалавек і дзеля гэтага варта рабіць тое, што мы рабілі. Не бойцеся. Той голас, які гучаў на мітынгу - гэта і ёсць ваша зброя.
Актывістка распавяла, што напярэдадні акцыі ў Бабруйску ў сацыяльных сетках ёй пачалі дасылаць падазроныя лісты і фатаграфіі парнаграфічнага характару, а таксама пагрозы. Некаторыя пагрозы тычыліся дачкі Галіны Смірновай:
- Гэта запалохванне і ціск, але гэта стымулюе не здавацца, - адзначае яна.
