29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маеш бізнэс у цэнтры Менска - даплаці

14
Маеш бізнэс у цэнтры Менска - даплаці
ФОТА: TUT.BY

Бізнэсоўцы скардзяцца, што за карыстанне гістарычнымі будынкамі з іх спрабуюць спагнаць дадатковыя грошы.

16 сакавіка прайшоў сход арандатараў, якія здымаюць памяшканні ў гістарычным цэнтры сталіцы і супрацоўнічаюць з КУП «Мінская спадчына». На сходзе арандатарам паведамілі, што ім трэба заплаціць 5% ад гадавога прыбытку прадпрыемстваў за «ўздзеянне» на гістарычны цэнтр Менска ў адпаведнасці з указам прэзідэнта РБ №527 ад 2007 года, піша nn.by.

«Пры гэтым ні пра ўказ, ні пра дзіўныя 5% нічога да гэтага моманту не было вядома і не агучвалася пры ўкладанні дамоў і ніяк у іх не пазначана. Але са «шчаслівай выпадковасці» менавіта цяпер аб «уздзеянні» прыгадала Міністэрства культуры і Пракуратура», — сцвярджаюць бізнэсоўцы.

Праўда, варта прызнаць — указ №527 папярэджвае аб спагнанні 5% прыбытку з арандатараў-беларусаў (замежныя юрыдычныя асобы, напрыклад, павінны заплаціць наогул 25%).

Але чаму ж раней пра гэта маўчалі, а тут раптам успомнілі?

«Нашая роля — азнаёміць арандатараў з указам №527. І ўсё. Ва ўказе усё напісана. У мінулым годзе, я так разумею, не выплачвалі. Чаму... Не магу вам патлумачыць. Кантралюе выкананне ўказу Міністэрства культуры. Чаму яны робяць штосьці такім ці іншым чынам — яны нам не гавораць», — распавяла Таццяна Вярхола, начальніца аддзела арэндных дачыненняў КУП «Мінская спадчына».

Ва ўправе аховы гістарычна-культурнай спадчыны заявы прадпрымальнікаў зняпраўджваюць.

«Гэта не навіна, што трэба плаціць 5%. І плацяць не толькі ў гэтым годзе — плацілі і ў мінулыя гады», — сказала Наталля Хвір, начальніца аддзела аховы гістарычна-культурнай спадчыны.

Са слоў чыноўніцы, грошы, атрыманыя згодна з указам №527, ідуць на аднаўленне гістарычна-культурных каштоўнасцяў.

«У мінулым годзе гэтыя грошы выдаткоўваліся на Пустынкі [Успенскі манастыр пад Мсціславам — Заўв.], таксама ішлі грошы на Полацак», — дадала Хвір.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках