19 жнiўня 2017, Saturday, 17:44

Андрэй Саннікаў: Самая важная фігура пратэстаў - лідар БНК Мікалай Статкевіч

16
Андрэй Саннікаў

Сёння супраць Лукашэнкі выступае ўвесь народ.

Пра гэта ў інтэрвію польскай «Gazecie Wyborczej» (пераклад - Charter97.org) заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

- Упершыню за доўгія гады беларусы пачалі выходзіць на вуліцы. Прычынай стаў падатак на «дармаедства», такая спроба сінтэзу сацыялізму і капіталізму. Штосьці змяняецца ў Беларусі? Палякі даўно не чулі такіх навін з вашай краіны.

- Не толькі ў Польшчы не зусім арыентуюцца ў сітуацыі ў Беларусі. Хоць менавіта палякі, як ніхто, павінны разумець, што падзеі, якія адбываюцца ў найбліжэйшага суседа, непасрэдна ўплываюць на іх. Як добра, так і дрэнна. Сёння Беларусь важная не толькі таму, што ўспыхнулі пратэсты. Беларусь можа стаць плацдармам для расейскіх войскаў. У 2009 годзе, перад анэксіяй Крыму і Данбаскай аперацыяй, на нашай тэрыторыі таксама праходзілі маштабныя вучэнні Захад-2009. На гэтых вучэннях Расея адпрацоўвала ядзерны ўдар па Варшаве і танкавы прарыў на Калінінград праз Сувалкі. Цяпер, калі пасля падзей у Крыме і на Данбасе мы ведаем, на што здольнае войска РФ, пройдуць наступныя вучэнні. Гэтай восенню, на тэрыторыі Беларусі будуць праходзіць вучэнні Захад-2017. У іх могуць узяць удзел блізу 100 тысяч жаўнераў. Некаторыя экспэрты НАТА ўжо заявілі, што гэта будуць наступальныя манеўры. А гэта азначае нарастанне напружанасці ў рэгіёне.

У самой Беларусі сітуацыя кардынальна змянілася. Сітуацыя ў краіне рэвалюцыйная. Мяне вучылі, што гэта такое ў тэорыі марксізму-ленінізму. Дзядуля Ленін казаў, што гэта сітуацыя, калі «нізы не хочуць, а вярхі не могуць». Беларусь трэці год запар перажывае спад вытворчасці. Паводле афіцыйных звестак, ВУП зніжаецца на 3,9% кожны год, паводле неафіцыйных, гэтая лічба вышэйшая. Гэта адзіная дзяржава з краін былога Савецкага Саюза, дзе трэці год зафіксаванае зніжэнне ВУП. Ёсць прыхаванае беспрацоўе. Паводле афіцыйных звестак — 6%, неафіцыйна — значна больш. У рэгіёнах людзі адкрыта заяўляюць, што ім няма дзе працаваць. Заробкі і ўзровень жыцця падае.

Указ Лукашэнкі быў толькі падставай. Калі 17 лютага пачаліся першыя пратэсты, адразу ж з'явіліся лозунгі: «Баста!», «Сыходзь!», «Адстаўка!». Пачаліся і спантанныя пратэсты. Лукашэнка неадкладна прыпыніў указ, але пратэсты прадаўжаюцца. У Горадні пенсіянер казаў незалежным журналістам, як ён шкадуе, што галасаваў за Лукашэнку.

У 2010 годзе таксама былі дэманстрацыі, але тады была выбарчая кампанія. Я сам неаднаразова да іх заклікаў. Цяпер жа людзі самі выходзяць на вуліцы. На гэты момант у краіне затрымана больш за 100 чалавек (інтэрв'ю запісвалася да 15 сакавіка - заўв.рэд.) Іх караюць штрафамі і арыштамі да 15 дзён.

Наступная акцыя адбудзецца на Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску, а на наступны дзень у іншых гарадах Беларусі. На мой погляд, у Менску выйдуць на вуліцы не менш за 20 тысяч чалавек. Галоўны арганізатар - Беларускі Нацыянальны кангрэс і яго лідар Мікалай Статкевіч. Думаю, што 23-гадовая мыльная опера Лукашэнкі заканчваецца.

- Чым менавіта людзі абураныя?

- Станам эканомікі. Шэсць гадоў таму пратэсты былі, але іх задушылі. Калісьці былі размовы пра беларускі «эканамічны цуд». Цяпер у бюджэце няма грошай, іх спрабуюць выбіваць з людзей усімі спосабамі, у тым ліку і гэтым падаткам на «дармаедства». Лукашэнка кантралюе ўсю эканоміку, экспарт узбраенняў, у якім Беларусь увайшла ў дваццатку вядучых экспарцёраў у свеце. Але ніякія рэформы не праводзіліся, і рэжым збанкрутаваў.

Былы найлепшы сябар, Крэмль, пасля вайны ва Украіне, заходніх санкцый і падзення коштаў нафты і газу, не ў стане падтрымліваць Лукашэнку ў ранейшых аб'ёмах. Пуцін - старшыня кааператыва постсавецкіх дыктатараў. Для яго вельмі важная Беларусь. Пуцін імкнецца атрымаць кантроль над эканомікай - права ўласнасці ў ключавых сектарах. Усё гэта ў абмен на падтрымку рэжыму Лукашэнкі. Лукашэнка ў 2013 годзе цішком аддаў яму «Белтрансгаз», але наконт іншых прадпрыемстваў пакуль таргуецца і не плаціць за газ і нафту расейскім коштам.

Цяпер Крэмль хоча прыбраць да рук калійныя радовішчы, мець долю ў абаронна-прамысловым комплексе - буйное менскае прадпрыемства па вытворчасці цягачоў для перавозкі ракет - і хімічныя заводы. Расея хоча цалкам узяць пад кантроль эканоміку Беларусі. Лукашэнка ведае пра гэта, але ведае таксама, што калі ўсё аддаць - патрэба ў ім адпадзе.

- Ці дапускаеце вы, што за пратэстамі можа стаяць Расея?

- Не, гэта народныя хваляванні. Не выключана, што Расея захоча іх выкарыстоўваць. На гэты момант Крэмль чакае, што з гэтых пратэстаў атрымаецца. Але Пуцін не ставіцца да Беларусі як да незалежнай дзяржавы. Гэта ў Польшчы ён можа дзейнічаць праз сваіх агентаў уплыву, праз польскія СМІ, як расейскія спецслужбы дзейнічаюць у незалежных краінах, бо Польшча з'яўляецца незалежнай краінай, і ён гэта ведае. Беларусь жа для яго - частка Расеі. Працаваць у Беларусі праз агентаў - ніжэй за ягоную годнасць, ён тут дзейнічае іншымі метадамі.

- Гэтыя пратэсты могуць прывесці да пераменаў?

- Могуць. Грамадзянская кампанія, у якой я ўдзельнічаю, называецца «Еўрапейская Беларусь». Беларусь не можа існаваць без Еўропы. А Еўропа цяпер, на жаль, сябруе з Лукашэнкам, скасавала санкцыі ў дачыненні да ягонага рэжыму. Не таму, што Еўропа яго любіць - проста не разумее сітуацыі. Мы папярэджвалі нашых еўрапейскіх калег, што ўздымецца хваля пратэстаў. Нас не хацелі слухаць. Я ведаю, што ў Захаду ёсць свае праблемы, але Беларусь цяпер з'яўляецца праблемай еўрапейскай бяспекі. Праз пагрозу з боку Расеі. Гэта рэальная і вялікая пагроза.

- Што ж цяпер будзе?

- Мы, апазіцыя, прапануем дыялог і выбары. Так, як гэта было ў Польшчы. Круглы стол. Гэта стане найлепшым выхадам з сітуацыі, якая склалася, для Лукашэнкі ў тым ліку. Для гэтага трэба ўнутраны ціск і падтрымка Еўропы. Саміх пратэстаў недастаткова, але калі Еўропа выставіць жорсткія ўмовы перамоваў і выбараў, перш чым казаць аб дапамозе і крэдытах, калі так паставіць пытанне — Лукашэнка паддасца. У яго няма грошай. І Расеі будзе цяжка ўмяшацца. Але калі будуць толькі пратэсты і рэпрэсіі — павялічыцца колькасць арыштаваных, нічога больш. Эканоміку гэта не ўратуе, ды і Расея можа ўмяшацца, выкарыстоўваючы, да прыкладу, Данбаскі сцэнар. Такі сцэнар выгадны толькі Расеі.

- У якім стане знаходзіцца дэмакратычная апазіцыя?

- Нам цяжка. Лукашэнка даўно спрабуе нас знішчыць. Частка апазіцыі кантралюецца спецслужбамі. Але цяпер падтрымка апазіцыі расце. Найбольш важнай фігурай з'яўляецца Мікалай Статкевіч, лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Гэта мужны чалавек, ён правёў у зняволенні ў агульнай складанасці восем гадоў. Не зламаўся. Але ёсць і новыя лідары. Моладзь спыніла будоўлю ў Курапатах. Нараджаюцца новыя ініцыятывы, незалежныя адна ад адной у розных галінах. Высокая актыўнасць блогераў. Актыўныя таксама і «ветэраны» апазіцыі, такія як былы прэзідэнт Станіслаў Шушкевіч, якому больш за 80 гадоў.

- Вы хацелі б вярнуцца дадому?

- У гэтай сітуацыі я б наўпрост адправіўся ў турму. Урадавая тэлевізія кажа, што я адзін з галоўных завадатараў дэманстрацый і вораг дзяржавы. Але я абавязкова вярнуся, спадзяюся, што гэта здарыцца вельмі хутка.

Я ўпэўнены, што гэты год будзе пераломным. Можа быць, і справы пойдуць не ў лепшы бок, але ненадоўга. Сёння супраць Лукашэнкі выступае ўвесь народ. Няма ніякіх дэманстрацый у ягоную падтрымку, бо ён баіцца арганізоўваць іх, каб яны не ператварыліся ў дэманстрацыі супраць яго. Да нядаўняга часу людзі баяліся даваць інтэрв'ю для тэлевізіі «Белсат» або «Радыё Свабода». Цяпер жа яны кажуць: «Я не баюся, скажу, што думаю. Далоў Лукашэнку!».

Мы поўныя надзей. У нас не такая вялікая краіна, як Польшча, і яе адносна лёгка рэфармаваць, выкарыстоўваючы досвед суседніх краін.

*Андрэй Саннікаў - былы беларускі дыпламат, а цяпер лідар апазіцыі, удзельнік прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У 2011 годзе, прысуджаны да 5 гадоў калоніі за арганізацыю пратэстаў супраць Лукашэнкі. Датэрмінова вызвалены ў 2012 годзе. У гэты момант знаходзіцца ў эміграцыі ў Польшчы і Вялікай Брытаніі.