30 красавiка 2017, Нядзеля, 19:52

Пеэтэр Тайм: У Пуціна не выстарчыць рэсурсаў на Беларусь

13
ПЕЭТЭР ТАЙМ

Занадта ўжо шмат няўдач на ўсіх узроўнях мае РФ апошнім часам.

Эстонскі палітолаг Пеэтэр Тайм распавёў карэспандэнту Charter97.org пра тое, чаму стасункі Эстоніі ды Расеі найгоршыя за апошнія 25 гадоў. На думку палітолага, паляпшэння можна чакаць толькі пасля падзення пуцінскага рэжыму.

- На якім узроўні на сёння, на вашую думку, знаходзяцца дачыненні Талін – Масква?

- Калі адмовіцца ад карэктных слоў, то на ўзроўні падлогі. Стасункі самыя дрэнныя за апошнія 25 гадоў.

- Якія чыннікі ўплываюць на расейска-эстонскія стасункі? Чаму?

- Гэтых чыннікаў вельмі шмат. Па-першае, гэта сам пуцінскі рэжым, якому не падабаецца, што, на іх думку, адная маленечкая краіна пад бокам у Расеі не толькі імкнецца праводзіць сваю незалежную, замежную палітыку (хоць апаненты могуць заявіць, што супрацоўніцтва з заходнімі хаўруснікамі – гэта факт продажу нацыянальных інтарэсаў заакіянскаму гаспадару), але і з'яўляецца злосным падбухторшчыкам, які не дае старым заходнім дэмакратыям наладжваць «прыязныя і ўзаемавыгадныя» стасункі з Расеяй.

Па-другое, гэта нязгода эстонскіх уладаў з паводзінамі Расеі на замежнапалітычнай арэне. Гэта выкарыстанне так званай мяккай сілы ва ўсіх заходніх краінах. Гэта сталае ўмяшанне ва ўнутраныя справы краін былога СССР пад прыкрыццём абароны правоў суайчыннікаў. Гэта невыкананне Расеяй міжнароднага права і парадкаў, якія склаліся пасля Другой сусветнай вайны. Гэта захопліванне чужых тэрыторый і бязладдзе, што чыніцца Крамлём на Блізкім Усходзе. Апошняй кропляй стала пастанова блока NATO аб адпраўцы абмежаванага кантынгенту сіл Альянсу ў краіны Балтыі і ў Польшчу.

- Ці можна ў найбліжэйшай будучыні спадзявацца на паляпшэнне гэтых стасункаў?

- Я магу адказаць на гэтае пытанне, выкарыстоўваючы аксіёму, выказаную расейскім палітолагам Станіславам Бялкоўскім: якія-небудзь змены могуць мець месца толькі пасля падзення пуцінскага рэжыму.

- Пасля анэксіі Расеяй Крыму краіны Балтыі сур'ёзна ўстурбаваліся інфармацыйным уплывам, які Крэмль распаўсюджвае на тэрыторыю суседніх краін. Наколькі такая пагроза сапраўды існуе і наколькі сур'ёзна да яе трэба ставіцца?

- Пагроза сапраўды існуе, і інфармацыйны ўплыў расейскай прапаганды выразна назіраецца сярод расейскамоўных жыхароў Эстоніі. Да гэтага трэба ставіцца з поўнай сур'ёзнасцю. Асабіста для мяне трывожным чыннікам з'яўляецца тое, што расейскамоўны канал дзяржаўнай тэлевізіі Эстоніі ETV+ стварылі толькі тады, калі спахапіліся пасля шоку крымскіх ды ўкраінскіх падзей. Я заўсёды меркаваў, што такі тэлеканал трэба было ствараць ужо 20 жніўня 1991 года.

- Якім чынам улады Эстоніі адрэагавалі на такую пагрозу?

- Вышэй я ўжо згадаў тэлеканал ETV+. Таксама прадстаўнікі Эстоніі дзякуючы лабізму ў Еўрапарламенце і Еўракамісіі здолелі дамагчыся прыняцця захадаў для барацьбы з інфармацыйным тэрарызмам Расеі.

- Вашае меркаванне наконт пытання, ці варта забараняць расейскія інфармацыйныя каналы ў Эстоніі, так, напрыклад, як гэта робяць у Літве?

- Вядома, хацелася б засцерагчы частку нашага насельніцтва (бо расейскія тэлеканалы глядзяць і многія эстонцы паджылага ўзросту) ад гэтага маразму. Але рэч у тым, што сучасныя тэхналогіі дапамагаюць абыходзіць абмежаванні і забароны такога кшталту (інтэрнэт і спадарожнікавая тэлевізія), так што гэта была б чарговая нагода для нападак на наш адрас з боку расейскай прапагандысцкай армады – маўляў, Эстонія абмяжоўвае свабоду слова і г. д.

- Наколькі імаверным вам падаецца сцэнар, згодна з якім Масква можа развязаць гібрыдную вайну супраць краін Балтыі? Такой краінай можа стаць Беларусь?

- Паўтара-два гады таму я ўважаў такі сцэнар вельмі магчымым. Але назіраючы за тым, што адбываецца ў Расеі ў апошнія месяцы, у мяне складваецца ўражанне, што ў Пуціна не выстарчыць рэсурсаў ні на Беларусь, ні на краіны Балтыі. Але з іншага боку, такое становішча Пуціна і ягонай зграі можа пацягнуць за сабой абсалютна непрадказальныя дзеянні, выкліканыя бязвыхаднай сітуацыяй. Занадта ўжо шмат няўдач на ўсіх узроўнях мае Пуцін апошнім часам.

- Надоечы наведаў Эстонію Зігмар Габрыэль, новы кіраўнік МЗС Нямеччыны. Вы маглі б пракаментаваць вынікі візіту? Чаканні Таліна апраўдаліся?

- Чаканнем Таліна з'яўляецца ўмацаванне ЕЗ і NATO і плённае супрацоўніцтва паміж чальцамі Еўрапейскага Звязу і паплечнікамі з Паўночнаатлантычнага Альянсу. У гэтым святле я мяркую, што падчас візіту Зігмара Габрыэля гэтыя чаканні апраўдаліся.