19 красавiка 2024, Пятніца, 1:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Твая музыка заўсёды будзе ўнутры нас»: Не стала аднаго з пачынальнікаў рок-н-ролу Чака Бэры

6
«Твая музыка заўсёды будзе ўнутры нас»: Не стала аднаго з пачынальнікаў рок-н-ролу Чака Бэры
ФОТА: REUTERS

Кар'ера спевака і музыкі пачалася больш за 60 гадоў таму.

Амерыканскі музыка Чак Бэры, які стаяў ля вытокаў рок-н-ролу, памёр у сваім доме ў штаце Місуры ва ўзросце 90 гадоў.

Смерць наступіла ў суботу а 13.26 паводле мясцовага часу (21.36 паводле Менска), паведаміла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» паліцыя акругі Сэнт-Чарльз. Медыкам, якія прыбылі па экстраным выкліку, не ўдалося выратаваць Бэры, які быў без прытомнасці, паведамляе расейская служба ВВС.

Кар'ера спевака і музыкі на ніве гуказапісу пачалася больш за 60 гадоў таму.

Сярод напісаных ім хітоў такія эталоны жанру, як «Rock and Roll Music», «Maybellene», «Roll Over Beethoven», «Sweet Little Sixteen» і «Johnny B. Goode».

Стыль Чака Бэры, які ўвабраў у сябе элементы рытм-энд-блюзу і кантры, яго знакамітыя гітарныя сола, словы песень, прысвечаныя, збольшага, простым радасцям і жыццёвым адчуванням падлетка, і сцэнічны вобраз аказалі каласальнае ўздзеянне на шматлікіх паслядоўнікаў. На думку музычных экспэртаў, ён быў адным з тых, дзякуючы каму рок-н-рол вылучыўся ў асобны кірунак.

Будучая зорка з'явілася на свет 18 кастрычніка 1926 года ў Сэнт-Луісе, штат Місуры, у афраамерыканскай сям'і сярэдняга дастатку. Музыкай захапіўся яшчэ ў школе.

У 18 гадоў трапіў у турму за саўдзел, разам з іншымі падлеткамі, у рабаванні трох крам і ўгоне машыны. Граў на гітары ў турэмнай самадзейнасці. Быў датэрмінова вызвалены за добрыя паводзіны. Працаваў на аўтазаводзе, вечарамі падпрацоўваў музыкам у клубах.

Прафесійную кар'еру пачаў у 1953 годзе, праз два гады запісаў першы сінгл «Maybellene».

У 1984 годзе атрымаў музычную прэмію «Грэмі», а ў 1986-м стаў адным з першых прысвечаных у амерыканскі Зал славы рок-н-ролу.

Кавер-версіі песень Бэры рабілі The Beatles, The Rolling Stones, The Animals і многія іншыя знакамітыя гурты.

У 2004 годзе 78-гадовы класік заняў пятае месца ў рэйтынгу 50 найвялікшых выканаўцаў усіх часоў паводле версіі часопіса Rolling Stone.

Летась артыст наважыў выпусціць першы за апошнія 37 гадоў альбом, пра што ён абвясціў на святкаванні свайго 90-годдзя.

Альбом, які музыкант назваў «Чак», быў запісаны ў яго родным Сэнт-Луісе. Ён павінен выйсці на працягу гэтага года, стаўшы, такім чынам, пасмяротным.

Дзясяткі музыкаў ужо выказалі свае спачуванні ў сацыяльных сетках, даведаўшыся пра смерць карыфея.

«Спачывай з мірам, Чак Бэры, містэр рок-н-рол!» — напісаў у «Твітэры» Рынга Стар.

«Ты быў дзіўным, твая музыка заўсёды будзе ўнутры нас», — адгукнуўся Мік Джагер.

Брус Спрынгсцін назваў нябожчыка найвялікшым гітарыстам і аўтарам рок-н-ролу, якія калі-небудзь жылі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках