25 красавiка 2024, Чацвер, 18:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладальнікі першага брэндавага гатэля ў Менску загразлі ў пазыках

33
Уладальнікі першага брэндавага гатэля ў Менску загразлі ў пазыках
ФОТА: IHG

Кампанія «Мінск Прынцэс Гатэль», якая з'яўляецца ўладальнікам будынка гатэля Crowne Plaza, мае сур'ёзныя фінансавыя праблемы.

Пра гэта tut.by распавялі два інфармаваныя суразмоўцы.

«Менск Прынцэс Гатэль» — гэта праблемны дэбітор. Каму яны толькі ўжо не вінныя: бюджэту, банкам, партнёрам... Увесь час «кормяць сняданкамі», што вось-вось штосьці прададуць за мяжой і разлічацца», — распавёў суразмоўца, знаёмы з ходам перамоў.

У студзені-лютым кампанія «Мінск Прынцэс Гатэль» апынулася ў спісе завінавачаных беларускага бюджэту, які публікуе Міністэрства падаткаў і збораў.

«Узрослая канкурэнцыя з прыходам у Менск новых міжнародных гатэльных аператараў, зніжэнне колькасці турыстаў на фоне крэдыторскай запазычанасці і сямейнай бязладзіцы прывялі да таго, што кампанія апынулася ў складаным становішчы», — распавёў суразмоўца, блізкі да аднаго з крэдытораў.

Crowne Plaza Minsk — першы гатэль міжнароднай сеткі ў Беларусі. Ён з'явіўся пасля рэканструкцыі гатэлю «Свіслач» у 2008 годзе кампаніяй «Менск Прынцэс Гатэль». Гэта даччыная структура Princess International Group, заснаваная турэцкім мільянерам Судзі Азканам. Акрамя таго, туркі валодаюць у Беларусі некалькімі казіно Princess.

Раней Азкан хацеў нарасціць прысутнасць у гатэльным сектары Беларусі. Аднак у 2016 годзе замарозіў рэалізацыю двух праектаў. Спачатку кампанія «Мінск Прынцэс Гатэль» скасавала інвестыцыйную дамову з уладамі Беларусі аб будаўніцтве гатэлю на месцы паліграфкамбіната каля плошчы Якуба Коласа. Пагадненне з беларускімі ўладамі прадугледжвала льготы і прэферэнцыі, але потым пастанавілі рэалізоўваць праект на агульных падставах.

Летам мінулага года туркі закансервавалі будоўлю на месцы былога кінатэатра «Сучаснік» на вуліцы Харкаўскай у Менску. Са слоў менскіх чыноўнікаў, такая пастанова была прынятая кампаніяй у сувязі з бракам сродкаў на далейшае будаўніцтва культурна-забаўляльнага цэнтра (хоць першапачаткова было жаданне пабудаваць гатэль). Кансервацыя доўжыцца тэрмінам да трох гадоў, але інвестар можа аднавіць будаўнічыя працы цягам гэтага часу ў кожны момант пасля з'яўлення фінансавання, абнадзейвалі чыноўнікі.

У кампаніі «Мінск Прынцэс Гатэль» не адказалі на запыт.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках