16 красавiка 2024, aўторак, 19:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы Чэхіі: Нам сорамна за беларускую міліцыю

8
Беларусы Чэхіі: Нам сорамна за беларускую міліцыю

Дыяспара актыўна рэагуе на падзеі ў Беларусі.

У «Фэйсбуку» ў групе «Беларусы ў Чэхіі» апублікаваны зварот беларускага грамадства Чэхіі ў амбасаду Беларусі з нагоды апошніх падзей у краіне, піша vkurier.by.

У лісце гаворыцца наступнае:

Мы, беларусы, якія жывуць у Чэхіі, з вялікім непакоем назіраем за апошнімі падзеямі на нашай Радзіме. Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», колькасць затрыманых за акцыі грамадзянскага і сацыяльнага пратэсту ў сувязі з дэкрэтам №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» на 17 сакавіка - больш за 190 чалавек. Сярод іх не толькі прадстаўнікі палітычнай апазіцыі, грамадскія актывісты, звычайныя дэманстранты, але і журналісты, а таксама выпадковыя мінакі.

Нам сорамна за тыя сюжэты з вуліц гарадоў нашай краіны, калі мірных грамадзян падчас дазволеных пратэстных акцый жорстка збіваюць і затрымліваюць скаардынаваныя групы невядомых асобаў. Нам прыкра, што ні ў чым невінаватыя людзі атрымліваюць адміністрацыйныя штрафы і арышты, у тым ліку журналісты. Гэта недапушчальна ў цывілізаванай еўрапейскай краіне, якая на высокім узроўні забяспечана міліцыяй і іншымі службамі аховы правапарадку. Просім давесці нашу ацэнку да адпаведнага праваахоўнага ведамства і запатрабаваць ад яго тлумачэнняў. У адваротным выпадку гэта, безумоўна, стане падставай для звароту больш пільнай увагі да сітуацыі ў Беларусі з боку міжнародных праваабарончых арганізацый.

Амаль кожны з нас, беларус Чэхіі, сёння праз дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» лічыцца паразітам беларускага грамадства - «дармаедам». А таксама тысячы беларусаў, якія засталіся без працы ў сваёй краіне. Гэта жудасная сітуацыя, якая сведчыць пра хранічнае захворванне беларускай эканомікі. Рэгуляцыя валюты прыводзіць да катастрофы экспарту і імпарту і, як следства, усяе вытворчасці ў краіне. Таму заводы і фабрыкі стаяць, а людзі губляюць працу. Знішчэнне прадпрымальніцтва адгукаецца на падатках - дзяржава бяднее гэтак жа хутка, як і прадпрымальнікі, якія страцілі свае фірмы, або іх падначаленыя, якія засталіся без працы. Адсутнасць рэформы ў сельскай гаспадарцы і захаванне калгасаў прыводзяць да трагедыі беларускай вёскі. Там, дзе заможныя фермеры маглі б забяспечыць росквіт, сёння ўсё раскрадаецца і прапівае, бо ў аграрыяў няма надзеі.

Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» толькі падмацоўвае гэтую рэчаіснасць. Мы ўсе сумленныя грамадзяне хочам плаціць падаткі, аднак не з беднаты, але з багацця. Менавіта пра гэта кажуць людзі, якія апошнія тыдні выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў. Яны патрабуюць, каб Беларусь багацела, каб беларуская дзяржава была забяспечанай, каб краіна, якая з'яўляецца часткай сучаснай Еўропы, жыла ў XXI стагоддзі, а не ў сярэднявеччы. Мы, беларусы Чэхіі, не хочам жыць мінулым.

Беларусы толькі мараць пра дабрабыт. Гэта самы цярплівы, талерантны, адданы народ, які заслугоўвае добрых заробкаў, вялікіх ганарараў, паспяховага бізнэсу. Амаль усё прагрэсіўнае, што ствараюць беларусы, яны ствараюць за мяжой. І гэтыя геніяльныя людзі таксама абазваныя «дармаедамі».

Рэпрэсіі супраць такіх людзей - гэта гарантаванае самагубства для палітычнай эліты. Ужо цяпер замежныя аналітыкі кажуць, што рэакцыя беларускай улады на пратэсты шчырых беларусаў - гэта другі крок да расейскай анэксіі і ўстанаўленне новага прэзідэнта, ці, хутчэй, губернатара. Першы крок, на жаль, быў ужо даўно і дае падставы для самых чорных сцэнарыяў. Першы крок быў зроблены падчас разгону парламента ў 1995, падчас замоўчвання Курапатаў, падчас разгону дэманстрацый, падчас фальсіфікацыі выбараў, падчас усталявання вертыкальнага кіравання, падчас адмовы беларускага, падчас пераследу патрыётаў краіны. Другі крок - ціск на эканамічныя інтарэсы беларускага грамадства - прывядзе да трэцяга. Гэта будзе рэвалюцыя і вайна.

Мы, беларусы Чэхіі, якія памятаюць, як знішчалі беларускую нацыю, не дапусцім гэтага. Таму мы заклікаем скасаваць дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», спыніць пераслед пратэстоўцаў, супрацьстаяць анэксіі Беларусі да Расеі, рэфармаваць эканоміку і палітычную сістэму дзяржавы, паглыбіць працэс супрацоўніцтва нашай краіны і Еўрапейскага Звязу.

Жыве Беларусь!

З павагай да пратэстоўцаў і надзеяй на лепшае,

Osvětový spolek Skaryna, o.s./ Грамадскае аб'яднанне «Асветніцкая суполка Скарына»

Běloruské fórum v Praze «Obrození»/ «Беларускі форум у Празе» Адраджэнне»

PAHONIA/«Партызан»

Mezinárodní spolek «Centrum občanských iniciativ NÁŠ DOMOV»/ Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Цэнтр грамадскіх ініцыятыў НАШ ДОМ»

«ASOCIACE PRO MODERNIZACI»/«Асацыяцыя за мадэрнізацыю»

Běloruský дом v Praze o.s./«Грамадскае аб'яднанне» Беларускі дом у Празе»

Беларусы Чэхіі/Belarusians in Czech Republic (FB-супольнасць)

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках