25 красавiка 2024, Чацвер, 18:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шорцу прызначылі адразу трох новых намеснікаў

51
Шорцу прызначылі адразу трох новых намеснікаў

Дыктатар запатрабаваў ад прызначэнцаў не праводзіць ніякіх рэформаў.

Сёння Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне адразу трох намеснікаў старшыні Менгарвыканкама, а таксама новага кіраўніка Маскоўскага раёна, паведамляе БелТА.

Такім чынам на павышэнне пайшлі чатыры сталічныя чыноўнікі рознага рангу, удакладняе tut.by.

Якія чыноўнікі пайшлі на павышэнне

Пасаду першага намесніка старшыні заняў ужо былы дырэктар «Менскбуду» Фёдар Рымашэўскі. У мэрыі ён будзе курыраваць у тым ліку ЖКГ і транспарт.

На павышэнне пайшоў і былы кіраўнік Маскоўскага раёну Аляксандр Крэпак, які стаў намеснікам Шорца ў эканоміцы.

Трэцім новым намеснікам старшыні гарвыканкама стаў былы кіраўнік камітэта ў ахове здароўя Ігар Юркевіч. Ён будзе курыраваць сацыяльную сферу і ідэалогію.

Маскоўскі ж раён узначаліў былы намеснік кіраўніка Партызанскага раёна Андрэй Жайловіч.

Якое пажаданне ім даў Лукашэнка

Дыктатар акрэсліў задачы для новых кіраўнікоў.

- Ніякага беспрацоўя быць не павінна. Тым больш што, пачынаючы з вясны, працы ў Менску хоць адбаўляй. Сёння трэба задзейнічаць усіх, хто ходзіць без працы. Усіх. Тым, хто хоча ўладкавацца на працу і можа працаваць, трэба дапамагчы. Хто не хоча (такіх усё ж крыху), трэба прымусіць працаваць. Таму зрабіце ўсё, каб максімальна заняць людзей, - заявіў дыктатар.

- Бярыце лейцы кіравання ў свае рукі і пачынайце дзейнічаць. Бяздзейнасці я не пацярплю. Я вам кажу шчыра: ці вы пачынаеце дзейнічаць і даяце вынік, выконваеце даручэнні прэзідэнта, ці я буду прымаць пастановы, прытым самыя сур'ёзныя, - «наказваў» прызначэнцам дыктатар.

Пры гэтым, заўважыў Лукашэнкі, не варта ламаць існую сістэму, заяўляючы аб неабходнасці яе рэфармавання.

- У нас такая тэндэнцыя: ударым рэформамі па праблемах. Дурней не прыдумаеш. Сёння людзі хочуць развязання іх жыццёвых патрэбаў. Там, дзе трэба нешта рэфармаваць, давайце рэфармуем. Там, дзе трэба нешта ўдасканаліць, давайце ўдасканалім. Але лозунг «давайце рэформы» - чытай «усё зруйнуем да фундаменту і пабудуем новае». Па-першае, не час руйнаваць. Па-другое, каб зруйнаваць і зноў пабудаваць, колькі трэба гадоў? Нават вы да гэтага не дажывяце. І гэта не наш шлях.

- Што не трэба, адамрэ само або мы ад яго пазбавімся. Але агулам ісці, як бульдозер, па краіне, нешта рэфармуючы...Тыя рэформы, якія нам прапануюць, гэта відавочна не тое, што нам трэба. Гэта абсалютна не па-людску, гэта не нашы рэформы. Таму давайце будзем дзейнічаць так, як мы ўмеем, гэтыя жыццёва важныя задачы, якія самі па сабе ўсталі перад намі, - запатрабаваў дыктатар.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках