20 красавiка 2024, Субота, 9:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Крым давядзецца вяртаць, як калісьці незалежнасць Латвіі, Літве і Эстоніі»

10
«Крым давядзецца вяртаць, як калісьці незалежнасць Латвіі, Літве і Эстоніі»
ФОТА: RFL

Рана ці позна пуцінскага рэжыму ў Расеі не стане.

«У мінулую нядзелю калегі папрасілі мяне пракаментаваць у праграме «Ганапольскі» трэцюю гадавіну далучэння Крыма - як прынята называць на пуцінскім «навамоўі» анэксію паўвыспы, якая ўваходзіла ў міжнародна прызнаныя мяжы Украіны. Прызнаныя у тым ліку і двухбаковымі дамовамі і пагадненнямі паміж Масквой і Кіевам», - напісаў на «Эхо Москвы» расейскі журналіст Яўген Кісялёў.

«Шчыра кажучы, мне было цяжка сказаць нешта новае на гэтую тэму. Я магу толькі паўтарыць тое, што казаў ужо неаднаразова - і на гэтым сайце, і ў іншых СМІ, і ў публічных выступах. Я выдатна разумею, што іду супраць плыні расейскага ідэалагічнага «мэйнстрыму» - у тым ліку і апазіцыйнага. Бо не сакрэт, што многія лідары расейскай апазіцыі ўважаюць за найлепшае не займаць выразнай пазіцыі ў дачыненні да анэксіі Крыму...Але раблю, што павінен - і будзь што будзе.

Можна святкаваць гадавіны «далучэння» Крыма да пасінення, да хрыпаты, да страты пульсу, да бойкі, да цяжкай стадыі ап'янення і наступнага такога ж цяжкага пахмелля - гэта нічога не зменіць.

Бо напраўду ўсё гранічна зразумела і проста. Крым быў адарваны, скрадзены, прысвоены - гэта была тайная вайсковая аперацыя, якой асабіста кіраваў прэзідэнт Расеі - ён сам праз нейкі час у гэтым публічна прызнаўся. Аперацыя, нязграбна прыкрытая спехам, на жывую нітку сшытая «рэферэндумам».

Ніхто ў свеце анэксію Крыма не прызнаў. За анэксію Крыма супраць Расеі ўведзеныя міжнародныя санкцыі, касаваць якія ніхто не збіраецца - нягледзячы на аптымістычныя прагнозы пракрамлёўскіх гора-аналітыкаў, якія перыядычна прадракалі, што скасаванне санкцый вось-вось адбудзецца.

Ага, адбудзецца, трымай кішэнь шырэй.

Як у выпадку з Трампам. Ужо як на Трампа спадзяваліся: ён жа санкцыі прыпыніць! Але новы прэзідэнт ЗША вазьмі ды заяві, што Крым быў незаконна анэксаваны і павінен быць вернуты Украіне.

Расея, вядома, хворая. Ва ўсякім разе, мне гэта выразна бачыцца з майго кіеўскага кутка.

Як можна зрабіць святам дату міжнароднага злачынства? Ладзіць імпрэзы і канцэрты?

Як можна ганарыцца тым, што асуджае ўвесь свет?

Як можна хаця б на секунду не задумацца над тым, што ў выніку ўсяго таго, што здарылася, крымска-татарскі народ - адзін з рэпрэсаваных Сталіным народаў - вярнуўся, фактычна, да ранейшага зняважанага і абражанага становішча? Што, фактычна, напоўніцу рэанімаваная адна з самых ганебных старонак у гісторыі айчыннай нацыянальнай палітыкі?

Як можна не бачыць відавочнага: ад «далучэння» Крыма жыццё простага расейскага абывацеля не стала лепшым ні на ёту?

Як могуць людзі ў нармальным розуме радавацца таму, што твой урад у свеце ўспрымаюць як міжнароднага хулігана, які яшчэ выхваляецца і, нахабна хлусіць усім у вочы - маўляў, я тут ні пры чым, я тут не стаяў, нас там няма і г.д. , і да т.п.?

Падзея, якая падавалася пуцінскай прапагандай ледзь не як новы пункт адліку на шляху адраджэння Расеі як вялікай дзяржавы, думаю, напраўду рана ці позна будзе ўспрымацца як адпраўны пункт у гісторыі дэградацыі пуцінскага рэжыму. Працэс гэты будзе, хутчэй за ўсё, доўгім. Але рана ці позна пуцінскага рэжыму не стане.

Паводле якога сцэнарыю гэта адбудзецца - сёння мала хто зможа апісаць. Але здарыцца гэта непазбежна - і не выключана, на жаль, што адбудзецца гэта паводле значна больш жорсткага і крывавага сцэнару, чым той, паводле якога здарылася падзенне камуністычнага рэжыму ў СССР.

А Крым - яго давядзецца вяртаць. Як давялося вярнуць незалежнасць Латвіі, Літве і Эстоніі праз 50 з лішнім гадоў пасля таго, як Савецкі Саюз зладзіў акт анэксіі трох балтыйскіх дзяржаў - акт, які ніколі не быў прызнаны тымі ж самымі Злучанымі Штатамі. Гэта таксама будзе, магчыма, вельмі цяжкі і балючы працэс. Але адбудзецца ён непазбежна - успомніце маё слова».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках