29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: У Дзень Волі мы павінны паказаць уладзе сваю сілу і рашучасць

52
Мікалай Статкевіч: У Дзень Волі мы павінны паказаць уладзе сваю сілу і рашучасць

Колькі людзей збярэцца разам 25 і 26 сакавіка, такая і ёсць наша цяперашняя сіла.

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу звярнуўся да беларусаў:

- Хочаш абараніць сваё - зрабі гэта. Скаргі і лаянка ў сацыяльных сетках не дапамогуць. Спачатку важна паказаць сваю сілу і рашучасць.

Месяц таму больш за 5 тысяч чалавек сабраліся ў цэнтры Менска і выставілі ўладзе патрабаванні - скасаваць дэкрэт аб «дармаедах», спыніць рабаванне народа і вярнуць сапраўдныя выбары. Далі ёй тэрмін - месяц і наважылі сабрацца наступны раз 25 сакавіка. Гэтыя патрабаванні падтрымалі на плошчах сваіх гарадоў тысячы людзей ва ўсёй краіне. Улада спалохалася, пачала выкручвацца, але патрабаванні народа не выканала. Гэта зразумела - тысячы людзей на вуліцах могуць яе спалохаць, але не прымусіць падпарадкавацца. У іх міліцыі больш.

25 сакавіка мы павінны паказаць уладзе сваю сілу і рашучасць. Колькі людзей збярэцца разам у гэты дзень у Менску і на наступны ў астатніх гарадах, такая і ёсць наша цяперашняя сіла. Важнае таксама шэсце да цэнтра сталіцы, каб паказаць рашучасць абараняць свае правы, даць магчымасць як мага большай колькасці людзей убачыць наш пратэст і далучыцца да нас.

25 сакавіка а 14.00 мы правядзем ля Акадэміі навук мітынг, прымем рэзалюцыю і пойдзем да плошчы Незалежнасці. Бо Дзень Волі - гэта яшчэ і свята незалежнасці нашай краіны. На плошчы мы вызначым, як будзем дзейнічаць далей. Гэта будзе залежаць ад нашай сілы. Вядома, калі на плошчы будзе, напрыклад, 100 тысяч чалавек, то можна стаяць і не сыходзіць, пакуль улада не саступіць, і не пойдзе на дыялог з народам. Калі істотна менш, то давядзецца выходзіць яшчэ і яшчэ, пакуль наша сіла не вырасце і не стане дастатковай для таго, каб улада стала лічыцца з ёй. Бяздарная, карумпаваная і безадказная ўлада забяспечыць рост колькасці ўдзельнікаў пратэстаў.

Мірныя перамены запатрабуюць значных намаганняў усяго грамадства. 25 сакавіка на плошчы мы вызначым, калі збярэмся наступным разам у цэнтры Менску і іншых гарадоў.

Улада таксама разумее гэта. Праз сваё складанае становішча яна не можа цяпер пайсці на адкрытыя жорсткія дзеянні супраць мірных дэманстрацый. Улада ведае, што тады зноў атрымае міжнародныя санкцыі. Таму яна робіць усё, каб паменшыць сілу дэманстрантаў - іх колькасць. У ход ідуць запалохванні, пераслед арганізатараў пратэстаў, паклёп на іх халуйскай БТ і іншых СМІ. Актывізаваныя палітычныя і інтэрнэт-тролі, а таксама «карысныя ідыёты» ўлады. Распускаюцца ілжывыя інфармацыя і чуткі. Цяпер мы бачым, хто ёсць хто. Мэта паклёпнікаў відавочная - паменшыць сілу і арганізаванасць пратэсту. Не паддавайцеся ім. Давайце адпор.

Каб паказаць нашу спакойную рашучасць і сілу, каб годна, мірна і бяспечна правесці наш марш, мы павінны быць добра арганізаваныя, мець адзінае кіраванне ім. Беларускі Нацыянальны Кангрэс (БНК) - адзіны рэальны арганізатар маршу, рыхтуе дружыну для аховы парадку падчас акцыі. Лідары БНК, сярод якіх вядомыя і аўтарытэтныя ў нашай краіне і за яе межамі людзі - Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і іншыя, даверылі мне кіраўніцтва маршам 25 сакавіка.

Калі мы хочам прымусіць хамскую ўладу слухаць народ, мы павінны паказаць народную сілу.

Выйдзем, і няхай яны ўбачаць, што нас шмат і мы - адзіная сіла. Што гэта яны павінны служыць нам, а не мы ім. Увесь свет будзе назіраць за намі.

25 сакавіка а 14.00 каля Акадэміі навук у Менску скажам ім - «Баста!»

Улада - народу!

Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках