25 красавiка 2024, Чацвер, 16:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гістарычны музей збірае грошы на куплю манет часоў Ягайлы і Альгерда

8
Гістарычны музей збірае грошы на куплю манет часоў Ягайлы і Альгерда

Такія манеты ёсць цяпер у Беларусі, але іх усяго тры.

У Беларусі набірае папулярнасць краўдфандынг - збор грошай на добрую справу праз інтэрнэт. На народныя грошы ўжо ставяць спектаклі, запісваюць альбомы, выдаюць кнігі... Цяпер добрых людзей просяць дапамагчы музею папоўніць фонд унікальнымі раннелітоўскімі манетамі, піша kp.by.

На пачатку вясны Гістарычны музей абвясціў аб зборы грошай на куплю грошай XIV стагоддзя праз платформу talaka.by.

- Навагрудскі музей збіраў так блізу 110 рублёў на рамонт залы. Для правінцыйнага горада сума немаленькая! У іх атрымалася, я падумаў, што выйдзе і ў нас, - распавядае навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Раман Крыцук. - Мы збіраем грошы, каб купіць дзевяць раннелітоўскіх манет. Восем з іх належаць да адбівання манет часоў кіравання караля Польшчы і князя ВКЛ Ягайлы, яшчэ адная - да перыяду кіравання князя Альгерда. Ёсць версія, што гэта былі першыя грошы на тэрыторыі ВКЛ. У Еўропе іх называлі дынарыем, у ВКЛ - пенязем.

Такія манеты ёсць цяпер у Беларусі, але іх усяго тры: дзве знаходзяцца ў нумізматычным зборы БДУ, яшчэ адная - у фондзе Гістарычнага музея.

- Раней такія манеты захоўваліся ў Віцебскім музеі, туды яны паступілі ў XIX стагоддзі, але потым праз рэвалюцыі і войны былі страчаныя, - кажа Раман Крыцук. - Цяпер такія манеты ёсць у аднаго беларускага калекцыянера. Ён сам выйшаў на нас, прапанаваў выстаўляць дзевяць рэдкія манеты ў музеі, блізу паўгода мы абмяркоўвалі кошт і ўмовы ўгоды.

Каб калекцыя музея папоўнілася новымі экспанатамі, трэба сабраць 7 200 рублёў. За першыя дваццаць дзён акцыі ў віртуальнай скарбонцы музея - толькі 505 рублёў.

- Для пачатку нядрэнна, відаць, што цікавасць у людзей ёсць, - зусім не засмучаны Раман Крыцук. - Цяпер манеты знаходзяцца ў нас на часовым захоўванні. Пасля заканчэння праекта будзе прынятая пастанова, што з імі рабіць далей. Калі збярэм патрэбную суму, то выкупім іх, калі не - вернем уладальніку. Ёсць і трэці варыянт - выплаціць частку сумы, а па другую звярнуцца да спонсараў. Мы ўжо нават знайшлі, дзе размясціць будучую куплю! На першым паверсе ёсць вітрына, дзе выкладзеныя муляжы грыўняў, якія былі ва ўжытку ў той жа час. Калі выкупім, выставім іх туды.

Для людзей, якія захочуць дапамагчы музею матэрыяльна, ёсць бонусы. Напрыклад, калі паклалі на рахунак пяць рублёў - вам дадуць паштоўку, калі дзесяць - пакажуць прозвішча ў спісе спонсараў. Той, хто ахвяруе 100 рублёў, акрамя ўсяго іншага атрымае паўгадавы абанемент на наведванне музея.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках