25 сакавiка 2017, Субота, 3:00

Улады хочуць закрыць музей, які ўзнаўляе традыцыйныя беларускія абрады

16

Гомельскі чыноўнік пастанавіў адкрыць на месцы музея сталовую.

У Гомелі могуць закрыць філіял Веткаўскага музея. Такі намер агучыў кіраўнік гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. На ягоную думку, музею не месца ў палацава-паркавым ансамблі – тут больш спатрэбілася б месца, дзе турысты змаглі б паабедаць, паведамляе «Белсат».

У музеі пярэчаць: ці не больш важна, каб і турысты, і гомельцы змаглі паглядзець на выкананне традыцыйных беларускіх абрадаў і не з экспазіцыяў ці кніжак даведацца, як святкавалі вяселле, ці, скажам, сакральна запальвалі святло ў хатах нашыя продкі. Музей даўно стаў ці не адзіным у горадзе асяродкам беларускай культуры.

«Мы гуртуем вакол сябе традыцыйную культуру, але не ў фармаце экпазіцыйнай залі ці вітрыны – яна жыве. І большасць моладзь, якая прыходзіць да нас, і танчыць, і спяваць, яна таксама зацікаўленая, каб гэты цэнтр існаваў», – адзначае загадчык Філіялу Веткаўскага музею ў Гомелі Пятро Цалка.

Пятро Цалка дадае і лічбы: музей можа пахваліцца 10-ццю тысячамі наведванняў за год, і гэта не ўлічваючы людзей, што прыходзяць на самыя папулярныя – адкрытыя імпрэзы. Філіял Веткаўскага музею ў Гомелі даўно стаў месцам, дзе людзі ўсіх узростаў пасля працы ці вучобы збіраюцца на беларускія народныя танцы ці спеўкі, а бацькі прыводзяць сюды сваіх сыноў і дачок на беларускія ранішнікі.