28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сцэнары «росту» эканомікі аказаліся фантастыкай

38
Сцэнары «росту» эканомікі аказаліся фантастыкай

Паказчыкі на пачатак 2017 года гавораць пра паглыбленне сістэмнага крызісу «сацыяльна-эканамічнай мадэлі» ў Беларусі.

Апублікаваныя Белстатам звесткі зафіксавалі рознанакіраваныя тэндэнцыі ў развіцці нацыянальнай эканомікі, піша эканаміст Дзмітрый Крук у выданні «Белорусы и рынок».

Галоўнай пазітыўнай тэндэнцыяй стаў упэўнены рост аб'ёмаў вытворчасці амаль ва ўсіх сектарах прамысловасці, за выключэннем нафтаперапрацоўкі, што абумоўлена абмежаваннем расейскіх паставак. Яшчэ адзін станоўчы фактар — зніжэнне інфляцыйных чаканняў — дазволіў Нацыянальнаму банку паменшыць працэнтныя стаўкі і тым самым паспрыяць эканамічнай актывізацыі. Гэтыя дасягненні далі падставы, напрыклад прэм'ер-міністру, казаць аб хуткім выхадзе з рэцэсіі.

Аднак у цяперашніх беларускіх рэаліях не варта пераацэньваць важнасць пераходу да станоўчых тэмпаў росту. Так, у апрацоўчай прамысловасці ён шмат у чым з'яўляецца следствам эфекту нізкай базы. Большасць сектараў прамысловасці на працягу 2013-2016 гадоў дэманстравалі спад, за гэты перыяд яны страцілі 10-15% свайго выпуску. На такім фоне невялікі прырост да ўзроўню пачатку 2016 года наўрад ці можна назваць паўнавартасным аднаўленнем. У найлепшым выпадку яго варта характарызаваць як канчатак спаду.

Такія разважанні можна экстрапаляваць на ўсю эканоміку, якая за 2015-2016 гады страціла блізу 7%. Нават калі ў асобныя перыяды 2017-га будзе мець месца сціплы прырост ВУП, ён стане хутчэй следствам празмерна нізкай базы 2016 года, чым паказчыкам пераадолення крызісных з'яў. Падставай для сцвярджэнняў аб акрыянні эканомікі, на мой погляд, можа быць толькі выхад на стабільны рост, тэмпы якога перавысяць прынамсі 5% у год.

Пакуль жа праз глыбокія структурныя праблемы, якія захоўваюцца ў нацыянальнай эканоміцы, выхад на такую траекторыю з'яўляецца практычна немагчымым. Найбольш вострая праблема «навес неэфектыўнасці», які сфармаваўся ў выніку штучнага жыццезабеспячэння стратных дзяржпрадпрыемстваў. Яны не развіваюцца самі і замарожваюць даступныя рэсурсы, якія маглі б выкарыстоўваць прыватныя кампаніі. Атрымаўшы доступ да таннага капіталу, стратныя арганізацыі могуць дазволіць сабе не прыслухоўвацца да сігналаў рынку, не змяняць, напрыклад, свой прадуктовы кошык і захоўваць тэхнічную неэфектыўнасць.

Пры гэтым стратныя вытворчасці генеруюць адмоўныя знешнія эфекты. Між іншым, яны могуць стаць крыніцай страт і неплацяжоў, заражаць фінансавай інфекцыяй сумежныя кампаніі, негатыўна ўплываць на банкаўскі сектар і нават на цэлыя галіны.

З прычыны замарожвання «навесу неэфектыўнасці» фірмы не вераць у перспектывы росту і працягваюць абмяжоўваць інвестыцыйную актыўнасць. У 2015-2016 гадах гэта прывяло толькі да зніжэння інвестыцыйнага попыту. У 2017-м высокая імавернасць таго, што ўпершыню праявіцца дадатковы эфект інвестыцыйнай дэпрэсіі з боку прапановы: фірмы будуць памяншаць выпуск з прычыны скарачэння вытворчых магутнасцяў.

Апісаныя вышэй праблемы не новыя і шмат у чым прадвызначылі спад у 2016 годзе. Да пачатку 2017-га некаторыя эканамісты яшчэ спадзяваліся на тое, што плата за структурныя недахопы гэтым і абмяжуецца. Аднак бягучая статыстыка сігналізуе: практычна ўсе эканамічныя дыспрапорцыі, звязаныя з пералічанымі праблемамі, захоўваюцца. Для нацыянальнай эканомікі па-ранейшаму характэрныя: нізкі ўзровень рэнтабельнасці, значная колькасць стратных прадпрыемстваў, высокі ўзровень завінавачанасці, інвестыцыйная дэпрэсія. Гэта значыць, што плата за структурныя недахопы яшчэ цалкам не ўнесена і страты аб'ёмаў вытворчасці будуць мець месца і ў 2017 годзе.

Рэзюмуючы сказанае, эканамічную сітуацыю ў гэтым годзе характарызуецца далейшым структурным спадам. Праўда, у адрозненне ад сітуацыі 2016 года ён можа быць трохі нівеліраваны за кошт аднаўлення парасткаў, прабіліся дзякуючы эфекту нізкай базы. Таму статыстычныя звесткі гэтага года, перш за ўсё тэмпы росту выпуску, у выпадку адсутнасці новых шокаў будуць, імаверна, трохі лепшыя, чым у 2016-м.

Зрэшты, якасна сітуацыя наўрад ці зменіцца: эканоміка па-ранейшаму будзе знаходзіцца ў слабым або прыгнечаным стане. Больш таго, склалася асяроддзе, што абумоўлівае надзвычай высокую ўразлівасць эканомікі ў адносінах да негатыўных шокаў. У 2017 годзе ў ролі дамоклавага мяча як для прыватнага сектара, так і для дзяржавы выступае абцяжаранае абавязкамі, а таксама патэнцыйныя знешнія шокі. Істотны ўплыў любога з іх можа спарадзіць новую хвалю спаду.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках