19 красавiка 2024, Пятніца, 21:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Нам патрэбныя свабодныя выбары

7
Андрэй Саннікаў: Нам патрэбныя свабодныя выбары

Толькі дэмакратычная Беларусь можа быць па-сапраўднаму незалежнай дзяржавай.

«Беларусы абураныя, яны не бачаць магчымасці паляпшэння сітуацыі пры дзейным рэжыме», - даў сваю ацэнку сітуацыі ў Беларусі ў інтэрв'ю Polskie Radio (пераклад - Charter97.org) лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў.

У Беларусі з 17 лютага праходзяць пратэсты супраць дэкрэта №3, згодна з якім людзі, якія не прапрацавалі 183 дні ў годзе, абавязаны заплаціць падатак. Людзей вывела на вуліцы жахлівая эканамічная сітуацыя, яны патрабуюць стварэння працоўных месцаў і справядлівых выбараў.

Андрэй Саннікаў, былы намеснік міністра замежных спраў, былы палітвязень, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», распавёў, што Беларускі Нацыянальны Кангрэс, які прадстаўляе беларускую дэмакратычную апазіцыю, выступае за мірны сцэнар развязання сітуацыі, якая склалася.

- Як бы вы ахарактарызавалі хвалю пратэстаў у Беларусі? Ці з'яўляецца гэта абуджэннем грамадства?

- Я б сказаў, што сітуацыя на самай справе рэвалюцыйная. Калі выкарыстоўваць класічнае вызначэнне: гэта калі нізы ўжо не хочуць дзейнага парадку, а вярхі ўжо не могуць кіраваць краінай па-старому і жыць як раней. Вы можаце заўважыць, што людзі абураныя тым, што яны пазбаўленыя апошніх ільгот, цэны растуць, заробкі змяншаюцца. Няма працы, няма сродкаў, каб пракарміць сям'ю. У рэгіёнах, па-за межамі Менска, сітуацыя проста катастрафічная. Людзі не бачаць выйсця з сітуацыі. Не бачаць магчымасці таго, што сітуацыя можа палепшыцца, пакуль ва ўладзе гэты рэжым. Наадварот, чыноўнікі шукаюць, як яшчэ больш націснуць на людзей, уводзяць новыя падаткі, адбіраюць у людзей грошы.

- Якія магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі?

- Сцэнары могуць быць рознымі. Для мяне сцэнар, які найбольш прымальны, — правядзенне сапраўдных выбараў, у якіх зможа ўдзельнічаць апазіцыя. Выбары павінны адбыцца пад міжнародным кантролем. На жаль, магчымы таксама і сцэнар умяшання ў сітуацыю Расеі. Баюся, што гэта можа быць звязана з вайсковымі вучэннямі «Захад-2017», якія рыхтуе Расея. Тады гэта будзе сур'ёзнай пагрозай для бяспекі Еўропы, Польшчы, а не толькі незалежнасці Беларусі.

Таму Еўропа павінна прыняць адпаведныя меры, каб прадухіліць такі сцэнар, нарэшце, зразумець розніцу паміж незалежнай Беларуссю і незаконным рэжымам Лукашэнкі. Толькі дэмакратычная краіна можа бараніць сваю незалежнасць.

Сцэнар сацыяльнага выбуху таксама магчымы. Гэта можа адбыцца, калі ўлады Беларусі і Еўропы найбліжэйшым часам не прымуць адпаведных мер для развязання сітуацыі мірным шляхам.

Я падтрымліваю сцэнар правядзення свабодных выбараў. Як сябра Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу магу сказаць, што мы прапануем усім зразумелы мірны выхад з сітуацыі. Пастанова канфлікту з'яўляецца арганізацыя свабодных выбараў.

- Якія шанцы таго, што гэты сцэнар увасобіцца і стане рэальнасцю?

- Цяпер імавернасць гэтага толькі расце. Урэшце Лукашэнка пайшоў на саступкі, калі ён прыняў пастанову прыпыніць указ. Напэўна, гэта адбудзецца не адразу. Тым не менш шанцы вялікія, калі ціск на рэжым будзе працягвацца - гэта пачне даваць вынікі.

Не магу з упэўненасцю сказаць, як будзе сябе паводзіць Лукашэнка. Можа, ён не адмовіцца ад улады добраахвотна. Будзе з апошніх сіл спрабаваць застацца ў руля. Аднак гэта толькі пагоршыць яго становішча і эканамічны стан краіны.

Пастанова, аб якой мы гаворым, можа стаць для яго прымальным выхадам з сітуацыі. А вось як ён зробіць — я не ведаю.

- Падчас дыскусіі ў Варшаўскім універсітэце, прысвечанай Беларусі, вы казалі аб польска-беларускіх стасунках, аб тым, што ў Захаду ёсць магчымасць дапамагчы Беларусі стаць дэмакратычнай дзяржавай.

- Так, вядома.

- Не маглі б вы ўдакладніць, пры якіх умовах гэта можа мець месца?

- Падтрымаць сцэнар дыялогу ўнутры Беларусі. Па-першае, Захад не павінен падтрымліваць Лукашэнку. І ўсе магчымыя крэдыты трэба звязваць толькі з канкрэтнымі зменамі ў краіне і спыненнем усіх рэпрэсій. Захаду давядзецца рэагаваць на рэпрэсіі. Людзей зноў збіваюць, вылоўліваюць на вуліцах, зноў шмат асуджаных.

Еўрапейцы павінны рэзка рэагаваць на тое, што адбываецца, каб не апынуцца чарговы раз у сітуацыі, калі Еўропа зноў не будзе ведаць, што ёй рабіць. Гэта прывядзе толькі да пагаршэння сітуацыі.

Падкрэслю, што сітуацыя значна больш небяспечная чым у 2010 годзе, таму што момантам можа скарыстацца Расея для новай агрэсіі супраць Еўропы. У той жа час варта падкрэсліць, што шанцы на перамены ў гэтай сітуацыі ўзраслі. І людзі ў іх зацікаўленыя.

- Вы з'яўляецеся сябрам Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Ці адчувае гэтая арганізацыя тое, што яна з'яўляецца галоўнай дзейнай асобай у падзеях, якія адбываюцца? Ці Захад уважае Беларускі Нацыянальны Кангрэс за сур'ёзнага палітычнага суб'екта, бачыць яго місію і пазіцыю?

- Грамадства і народ прызнаюць нас такім суб'ектам. Захад дагэтуль спрабуе супрацоўнічаць з Лукашэнкам, а таксама з тымі групамі, якія кантралююцца рэжымам. Я не памятаю, напрыклад, каб Мікалая Статкевіча запрашалі ў Польшчу на сустрэчы высокага ўзроўню (Статкевіч - былы палітычны зняволены, кандыдат у прэзідэнты ад апазіцыі — заўв.рэд.).

- Якую дзейнасць праводзіць Беларускі Нацыянальны Кангрэс?

- Напрыклад, Марш абураных беларусаў быў арганізаваны як раз Беларускім Нацыянальным Кангрэсам. 17 лютага таксама былі вылучаны патрабаванні да рэжыму - скасаваць дэкрэт, пагадзіцца на правядзенне перамоваў з апазіцыяй і сумленныя выбары.

Я мяркую, што гэта зусім ясная і зразумелая для ўсіх стратэгія.

- Лукашэнка зрабіў крок назад, калі гаворка ідзе пра дэкрэт. Але пратэсты працягваюцца.

- І будуць працягвацца. Калі паглядзець на сітуацыю, дэкрэт - гэта толькі падстава. З якімі лозунгамі людзі выйшлі на вуліцы? «Сыходзь!», «Баста!», «Змяніць рэжым!», «Дастала!».

Цяпер людзей не спыніць, таму што яны разумеюць, што калі яны не супакояцца, нават калі скасаваць указ - нічога не зменіцца. Будуць яшчэ дзесяткі такіх жа ўказаў. І вось тады будзе яшчэ горш.

З Андрэем Саннікавым размаўляла Агнешка Камінская, PolskieRadio.pl

Андрэй Саннікаў (Беларусь) з'яўляецца заснавальнікам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Працаваў у Міністэрстве замежных спраў Беларусі да 1996 года, калі ён сышоў з пасады намесніка міністра замежных спраў Беларусі. Як дыпламат у рангу пасла адказваў за раззбраенне i міжнародную бяспеку. Узначальваў беларускую дэлегацыю на перамовах у Вене, Жэневе, Нью-Ёрку, Маскве і Кіеве. Пасля свайго сыходу, Андрэй Саннікаў пачаў актыўную апазіцыйную дзейнасць. У 2010 годзе ён быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты. Быў збіты ў дзень выбараў, трапіў у турму КДБ, быў прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі. Вязень сумлення. Пасля вызвалення ў 2012 годзе ён быў вымушаны пакінуць Беларусь для таго, каб мець магчымасць працягваць сваю дзейнасць ад імя свабоднай Беларусі. Цяпер разам са сваімі калегамі працуе за мяжой. Рэгулярна публікуе артыкулы, прысвечаныя Беларусі, падзей у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, міжнароднай бяспецы.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках