25 красавiка 2024, Чацвер, 2:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Сібіры выкладчык звольніўся праз фільм Навальнага пра Мядзведзева

6
У Сібіры выкладчык звольніўся праз фільм Навальнага пра Мядзведзева

Выкладчык Міхаіл Канстанцінаў надумаў паказаць студэнтам, як працуе карупцыя ў Расеі.

Выкладчык філасофіі і культуралогіі Гандлёва-эканамічнага інстытута Сібірскага федэральнага ўніверсітэта Міхаіл Канстанцінаў звольніўся на патрабаванне кіраўніцтва ВНУ пасля таго, як паказаў у сярэдзіне сакавіка 2017 года першакурснікам фільм «Ён вам не Дзімон», які крытыкуе прэм'ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева, паведамляе ВВС.

49-хвілінны фільм Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага з'явіўся на YouTube 2 сакавіка 2017 года, з тых часоў яго паглядзелі больш за 10 млн разоў. У фільме сцвярджаецца, што актывамі блізкіх да Мядзведзева бізнэсоўцаў і дзяржаўных службоўцаў, - яхтамі, маёнткамі і вінаграднікамі, - карыстаецца ён сам.

Сваё звальненне ў гутарцы з Расейскай службай Бі-бі-сі Канстанцінаў звязаў менавіта са зместам фільма.

«Я выкладаю першаму курсу гісторыю сусветнай культуры. Заняткі праходзілі ў гэты сэмэстар усю зіму: да рам у аўдыторыях быў прыбіты драўлянымі рэйкамі поліэтылен, каб не было так холадна. Так ці інакш наш погляд са студэнтамі падаў на гэтыя рамы ўбогія. І ўзнікала пытанне: вядучая ВНУ Сібіры, чаму няма грошай на нармальныя вокны? Мы часта са студэнтамі гэта абмяркоўвалі, і калі з'явіўся фільм Навальнага, я зразумеў, што вось ён і ёсць адказ на пытанне, дзе грошы. Навальны добра паказаў, дзе грошы», - распавёў Канстанцінаў.

Выкладчык краснаярскай ВНУ не мяркуе, што займаўся з кафедры палітычнай агітацыяй.

«Гэты паказ не быў такім, што ішоў фільм, а студэнты паслухмяна ківалі галовамі, - працягвае Канстанцінаў. - Па-першае, я сам стаўлюся да Навальнага з сімпатыяй, але не належу да ягоных гарачых прыхільнікаў. Я распавёў трохі пра Навальнага. У аўдыторыі сядзела 40 з лішкам чалавек, чалавек 5-10 ведалі пра Навальнага, астатнія - не. Пасля фільма ў нас было абмеркаванне. Тое, што грошы раскрадаюцца, усіх абурае. А ад Навальнага не ўсе былі ў захапленні, шмат хто разважыў, што ёсць больш годныя кандыдатуры ў апазіцыі. Не было такога, што цэлы занятак быў прысвечаны агітацыі на карысць Навальнага. Гаворка ішла менавіта аб карупцыі ў дзяржаве».

Выкладчык прызнае, што, змяніўшы тэму лекцыі, ён учыніў правіну. Згодна з навучальным планам студэнты ў гэты дзень мелі вывучаць сярэднявечную культуру. Таму 21 сакавіка пасля размовы з рэктарам-прэзідэнтам Гандлёва-эканамічнага інстытута СФУ Юрыем Аляксандравым і загадчыкам кафедры гуманітарных навук Валерыем Фядорчанкам ён пагадзіўся падпісаць заяву аб звальненні з уласнага жадання.

Як менавіта кіраўніцтва ўстановы даведалася аб змене тэмы лекцыі, Канстанцінаў не ведае: «Мусібыць, хтосьці з хлопцаў расказаў дома аб гэтым занятку, а сярод іхніх сяброў, знаёмых ці сваякоў знайшліся актывісты «Адзінай Расеі».

Канстанцінаў таксама распавёў, што ў стасунках са студэнтамі ўжо выказваў «пэўныя настроі», і гэта станавілася прычынай разбору на кафедры. «Я разумею, калі б я распавёў студэнтам пра зоркі, пра жывёлу, усякую іншую не датычную да гісторыі мастацтва тэму, ніхто б мяне не звольніў. Прычына ў тым, што тэма была палітычнай», - дадаў ён.

Канстанцінаў выкладае ў Сібірскім федэральным універсітэце з 1990 года, ягоныя навуковыя публікацыі апошніх гадоў прысвечаныя гісторыі Другой сусветнай вайны, народнай адукацыі на мяжы XIX-XX стагоддзяў, Краснаярскаму металургічнаму заводу і асаблівасцям гістарычнай культуралогіі.

Бі-бі-сі не выпала высветліць прычыны звальнення ні ў прэс-службе СФУ, ні на кафедры, дзе працаваў Канстанцінаў. Краснаярскаму выданню «Проспект мира», якое першым напісала пра інцыдэнт, у прэс-службе ВНУ паведамілі, што звальненне не звязанае з паказам фільма.

«Знайсці гэты фільм у інтэрнэце для студэнтаў не клопат - ён знаходзіцца ў адкрытым доступе. Нават калі дапусціць, што адміністрацыя [СФУ] захацела б «схаваць» яго ад студэнтаў, то зрабіць гэта немагчыма, а, значыць, і звальненне ў гэтым выпадку бессэнсоўнае», - адказалі выданню ў прэс-службе.

«Чалавек працаваў і яго звальняюць. За што? Ды за тое, што Мядзведзеў браў хабар і краў. Гэта значыць, адказнасць за карупцыю нясуць не карупцыянеры, а выкладчык Канстанцінаў з Краснаярска», - пракаментаваў сітуацыю Навальны ў сваім блогу.

Палітык прапанаваў звольненаму выкладчыку выйсці на сувязь, каб дапамагчы судзіцца супраць кіраўніцтва ўніверсітэта, аднак сам Канстанцінаў сцвярджае, што «не плануе станавіцца публічнай постаццю».

«З Навальным я пакуль не меў ніякіх кантактаў», - пракаментаваў прапанову сам Канстанцінаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках