25 красавiка 2024, Чацвер, 21:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Жывем на $175»

27
«Жывем на $175»
ФОТА: ГЕРМАН САЧУК, TUT.BY

Як гарадзенка пазбавілася дапамогі ў доглядзе за мамай і не атрымала сваю пенсію.

Жыхарка Горадні Ларыса Коўтун трапіла ў няпростую сітуацыю. Ужо некалькі гадоў яна даглядае за сваёй састарэлай маці, якая з цяжкасцю перасоўваецца. 86-гадовая пажылая жанчына — інвалід першай групы. Да апошняга часу Ларыса атрымлівала дапамогу па догляду за ёй. У клопатах час праляцеў непрыкметна, Ларысе споўнілася 55 гадоў, і жанчына падала дакументы на атрыманне пенсіі. Але высветлілася, што страхавы стаж гарадзенкі складае ўсяго 8 гадоў, піша tut.by.

У прызначэнні працоўнай пенсіі Ларысе адмовілі, сацыяльную яна зможа атрымліваць толькі пасля 60 гадоў. Пры гэтым дапамогу ў доглядзе за маці жанчыне таксама перасталі выплачваць.

— Цяпер мы ўдваіх жывём на мамчыны 350 рублёў. Нічога лішняга дазволіць сабе не можам, — Ларыса раскладвае на стале дакументы. Тут уся яе перапіска з рознымі дзяржустановамі.

55 гадоў Ларысе споўнілася амаль два гады таму. Тады яна стала збіраць дакументы на пенсію, і раптам высветлілася, што стажу ў яе зусім няшмат.

— Спачатку ў адміністрацыі Ленінскага раёна, дзе я калісьці працавала, кампутарная праграма разлічыла мой стаж. Атрымалася 11 гадоў. Калі я пайшла ў Кастрычніцкі раён, па месцы жыхарства, то высветлілася, што стажу ў мяне трохі менш — усяго 8 гадоў 10 месяцаў і тры дні. Я не ведаю, чаму выйшла такое розначытанне ў падліку працоўных гадоў. У выніку камісія прызначэння пенсій адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Гародні наважыла адмовіць мне ў прызначэнні пенсіі праз адсутнасць неабходнага страхавога стажу. Гэта было ў лютым 2016 года. З тых часоў я вяду перапіску з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі, але пакуль усё безвынікова. І дапамогу ў доглядзе за маці з мяне знялі. Таксама кажуць, што ўсё згодна з законам, бо я дасягнула пенсійнага ўзросту. Але праблема ў тым, што і пенсію я не атрымліваю. Значыць, фактычна, не з'яўляюся пенсіянеркай.

Да 2014 года страхавы стаж, які ўлічваецца пры вызначэнні права на працоўную пенсію, складаў 5 гадоў. А з 1 студзеня 2014 года яго павялічылі да 10 гадоў, праз год — да 15 гадоў. У 2015 годзе ён ужо складаў 15 гадоў і 6 месяцаў. З пачатку гэтага года страхавы стаж паднялі яшчэ на паўгода, цяпер ён складае 16 гадоў. Штогод гэтая планка будзе павялічвацца на 6 месяцаў — да 20 гадоў.

Цяпер беларусы, якія не выпрацавалі страхавы стаж паводле новых правілаў, трапляюць у «пенсійную пастку»: яны не могуць прэтэндаваць на працоўную пенсію, ім могуць прызначыць толькі сацыяльную: па дасягненні мужчынамі 65 гадоў, жанчынамі — 60 гадоў.

Ларыса распавядае пра свой побыт і пра тое, як ёй разам з мамай даводзіцца выкручвацца з сітуацыі.

— Разумееце, мама ўжо не чуе, у яе пастаянна скача ціск, анемія. Ёй патрэбныя лекі. І гэта добра, што нам выпісваюць іх з істотнай зніжкай. А вось паесці, купіць што-небудзь з прадметаў асабістай гігіены ўжо цяжка. А мама, як маленькае дзіця, яе свядомасць практычна ўвесь час затуманеная. Яна ўжо некалькі гадоў не выходзіла з хаты і, вядома, аб цэнах у крамах нічога не ведае. Яна, вядома, падбадзёрвае мяне і кажа, што нам хопіць грошай, але не ўсведамляе, як гэта цяжка.

У Ларысы былі сякія-такія назапашванні, якія вельмі хутка разышліся. Цяпер жанчына, з ейных слоў, час ад часу прадае што-небудзь са сваёй кніжнай калекцыі, каб заставацца на паверхні.

— У мяне ёсць сын, але ў яго расце дзяўчынка-інвалід. Яго сям'я сама выкручваецца, як можа. Браць грошы ў яго мне проста не дазваляе сумленне. І працаваць я не магу, таму што маму пакінуць надоўга адну нельга. Усе свае справы па-за домам я стараюся зрабіць вельмі хутка. Часам прашу суседку прыгледзець за мамай, але ў той таксама не заўсёды атрымліваецца. Наняць сядзелку не магу — няма чым аплаціць. Вось і выходзіць, што я, фактычна, выконваю цяжкую працу, але грошай за яе не атрымліваю.

У адказе з Міністэрства працы жанчыне патлумачылі, што права на дапамогу па догляду за інвалідам першай групы або асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, маюць толькі працаздольныя грамадзяне, гэта значыць, якія не дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. У адваротным выпадку дапамога па доглядзе не прызначаецца і не выплачваецца. Таму і падстаў для аднаўлення выплат у Ларысы няма.

— Але я ж пенсію не атрымліваю, — паўтарае Ларыса. — І ва ўсіх адказах мне пішуць, што выплата дапамогі спынена з 1 сакавіка 2016 года ў сувязі з дасягненнем пенсійнага ўзросту. Мне здаецца, што са мной паступаюць няправільна, бо ў законе выразна напісана, што я перастаю атрымліваць дапамогу толькі ў тым выпадку, калі я атрымліваю пенсію. Нейкае замкнёнае кола.

У Міністэрстве працы пра праблемы Ларысы ведаюць. Там растлумачылі, што жанчына дасягнула пенсійнага ўзросту, але працоўную пенсію не атрымлівае праз тое, што ў яе не стае страхавога стажу. На гэты момант знайсці сродкі для выдачы дапамогі ў доглядзе ёй і іншым людзям, якія трапілі ў такую сітуацыю, праблематычна. Разам з тым гэтае пытанне «знаходзіцца на кантролі і прапрацоўваецца».

— Таксама Ларыса Коўтун і яе мама могуць разлічваць на дадатковую падтрымку з боку дзяржавы. Для гэтага ім трэба звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе ім пастараюцца дапамагчы, — удакладніла прэс-сакратарка Міністэрства працы Вольга Штын.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках